HomelDays_Logo_Main-mobil

“Чарговая турма для жывёлаў”: У Гомелі адкрыўся новы кантактны заапарк, у сацсетках пратэстуюць

У новым кантактным заапарку ў Гомелі збіраюцца паказваць кракадзіла, дыкабразаў, насуху, янотападобнага сабаку, лісаў. Каментатары пратэстуюць, як у допісе з рэкламай, так і ў акаўнце новага месца забаваў.

“Кантактныя заапаркі ў такім фармаце – зло. Шкада, што яны ўсё яшчэ існуюць у Гомелі”, – напісаў ЯМ

“Адно з маіх самых запаветных жаданняў – каб усе цыркі з жывёламі, дэльфінарыі, кантактныя і іншыя заапаркі былі назаўсёды закрытыя”, – кажа А.Л.

“Жывёлы – гэта не бізнес, яны павінны жыць у сваім натуральным асяроддзі”, – перакананыя зоаактывісты з Рагачова.

“Гамяльчане, будзьце больш чалавечнымі, не хадзіце туды дзеля забавы вашага дзіцяці”, – напісаў Н.

“Бедныя жывёлы… Хоць іх і кормяць, і даглядаюць, і лечаць (магчыма), уражанне вельмі прыгнятальнае. Хочуць яны гэтага ці не, ім няма куды схавацца ад назойлівых рук і позіркаў. Такое трэба адназначна забараніць”, – лічыць А.

“Чарговая турма для жывёлаў”, лічыць Гр.

У акаўнце кантактнага заапарка на каментары адказвае, падобна што, гаспадар новага бізнесу: “Што за лухта? Вы нават не ўяўляеце, якая гэта праца – утрымліваць усіх гэтых звяроў! Ідзіце ў калгасы і паглядзіце, як там жывуць каровы (малако якіх вы кожны дзень п’яце!). А я сваіх звяроў люблю і нікому не дам іх пакрыўдзіць! Выйдзіце са сваіх пад’ездаў і паглядзіце пад ногі, як жывуць бяздомныя коцікі і сабачкі! А мае звяры ядуць якасны корм, не кожная сям’я корміць свайго ката кормам Royal Canin або Bosch! Перш чым пісаць усю гэтую лухту, схадзіце і паглядзіце!”

У адказ В. напісала: “Што паглядзець? Жахлівыя ўмовы? І вы кажаце, што любіце сваіх звяроў? У вас жывёлы знаходзяцца на халоднай падлозе без подсцілу, без магчымасці схавацца ад людзей, якія іх чапаюць, бо клетка ўсяго метр на метр. Вы там ганарыцеся гэтым «цудоўным утрыманнем», хоць насамрэч яно зусім не такое. Адзінае, чым вы можаце пахваліцца, – гэта кормам Royal Canin? Дык нават ён не самы лепшы”.

“Кантактныя заапаркі актыўна забараняюць і закрываюць у многіх краінах свету праз пагрозу здароўю людзей і жорсткае абыходжанне з жывёламі. Каля 45 дзяржаў увялі тыя ці іншыя абмежаванні на такую эксплуатацыю. Гомель адстаў гадоў на 200 – нічога новага”, – нагадала К.Д.

Адныя хочуць збіраць подпісы пад петыцыяй з забаронай, але ёсць і такія, хто пішуць, што прыйдуць. На практыцы «пакуль ёсць попыт», будзе і прапанова. Таму шмат будзе залежыць ад таго, як павядуць сябе гамельчане ў новым кантактным заапарку.

“Прачытаўшы водгукі, бачу, як змяняецца стаўленне людзей і прыходзіць разуменне таго, што такі бізнес – гэта здзек над жывёламі. Шкада, што большасць усё роўна падтрымае гэты бізнес, наведаўшы гэтае пекла”, – напісала Л.К.

Штодзень

Можна пачытаць па тэме:
У Гомелі патрабуюць праверыць выкарыстанне дзікіх жывёл

Слайдар пастоў