“ЦІХАНОЎСКІ-5”

Праваабаронца Леанід Судаленка распавядае пра сваё незвычайнае «суседства» з Ціханоўскім у гомельскім СІЗА: як яны былі побач, але ніколі не бачыліся; як паміж імі былі толькі сцяна і газеты з пазнакай «Ціханоўскі-5»; і як пасля гадоў зняволення ім урэшце ўдалося сустрэцца — ужо на волі, са смехам і надзеяй.

Фота: ФБ-акаўнт Леаніда Судаленкі

 

Леанід Судаленка:

У Гомельскім СІЗА мы сядзелі з Ціханоўскім літаральна праз сцяну — камеры былі суседнія. Але, як гэта часта бывае ў турме, нават на “прадоле” перасекчыся за год не атрымалася. Толькі гукі і цень прысутнасці.

Пытаюся ў Сяргея:
— Слухай, ты часам не ў пятачку сядзеў, у пятай хаце?
— Так, — адказвае, — у пятай адзіночнай трымалі.
І адразу цікавіцца:
— А адкуль ты гэта ведаеш?

А справа вось у чым. На СІЗА тады была адна амаль неверагодная з’ява — можна было выпісваць газеты. І я гэтым карыстаўся на поўную: ад яшчэ дазволенага “Новага Часу” да “СБ. Беларусь сёння”. Кожны дзень мясцовы бібліятэкар дастаўляў прэсу па камерах. На кожнай газеце — подпіс: “Судаленка-3”. Гэта значыць — мая камера №3. Так я і чытаў навіны, з “аўтографам” бібліятэкара.

І вось аднойчы атрымліваю “СБ”, гляджу — а там на воку выдзяляецца надпіс: “Ціханоўскі-5”. Здзіўленне, нават шок: гэта ж зусім побач праз камеру!

Сяргей жартуе:
— Дык гэта табе мае газеты заносілі! А твае для мяне ні разу не паблыталі – “зажымалі”!

…І вось, пяць гадоў пасля тых “аўтографаў”, мы сустрэліся. Не праз сцяну, не праз “кармушку” ў дзвярах. Без канвою, без газетных “аўтографаў” ад турэмнага бібліятэкара, і галоўнае – цяпер з надзеяй. І абодва засмяяліся — не з турмы, а ўжо з сябе, з таго, што выстаялі.

Штодзень

Слайдар пастоў