Беларусу з новым сэрцам дапамаглі за лічаныя дні

Гісторыя Іллі з Гомеля кранула сотні людзей, і за некалькі дзён атрымалася сабраць амаль усе неабходныя €4000. Гэта неверагодная падтрымка, якая дасць яму магчымасць аднавіцца пасля цяжкай аперацыі і не апынуцца на вуліцы.

 

Хто такі Ілля?

Ілля Жалезнякоў — тату-мастак з Гомеля, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Польшчы. З дзяцінства ён марыў ствараць прыгажосць і пакідаць людзям добрыя ўспаміны пра сябе. Падчас беларускіх пратэстаў 2020 года, хоць ён ужо быў за мяжой, ён не застаўся ўбаку: рабіў плакаты, друкаваў футболкі з бел-чырвона-белым сцягам, дапамагаў арганізоўваць акцыі салідарнасці ў Катовіцах.

У 2021 годзе Іллю ўпершыню падвяло сэрца — яму паставілі кардыястымулятар. А праз год сітуацыя пагоршылася: клапан разбурыўся, і патрабавалася тэрміновая перасадка. Палову другога года ён праляжаў у бальніцах, страціў працу, жыллё і дакументы. Беларусь для яго закрытая, а ў Польшчы ён стаў чалавекам без статусу і амаль без даху над галавой.

У сакавіку 2025 года Іллю прааперавалі — яму перасадзілі новае сэрца. Але пасля аперацыі ён застаўся без грошай, з вычарпанымі рэсурсамі і з патрэбай у пастаянным медычным доглядзе, дарагіх леках і спецыяльным харчаванні.

Падтрымаць яшчэ можна

Хоць асноўная сума ўжо сабраная, Іллю ўсё роўна можна падтрымаць, каб дапамагчы яму адчуць сябе ў бяспецы ў найбліжэйшыя месяцы, аднавіць дакументы і зноў вярнуцца да працы і творчасці.

Важна: пералічаць грошы з беларускіх і расійскіх картак нельга

Збор арганізаваны праз BYSOL — фонд, які ў Беларусі прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім». Таму з беларускіх і расійскіх картак пераводзіць грошы не варта. Але ўсе, хто мае магчымасць, могуць дапамагчы праз еўрапейскія або іншыя міжнародныя спосабы аплаты.

Штодзень

Слайдар пастоў