130 метраў за 15 хвілін альбо дзіўная матэматыка па-гомельску

У сувязі з рамонтам пешаходнага моста праз Сож у Гомелі будзе арганізаваны водны транспарт да Цэнтральнага пляжа. Ад 30 чэрвеня прагулачны цеплаход будзе рабіць 4 пляжныя рэйсы (10.00. 14.00, 17.00, 20.00) па маршруце «Кіеўскі спуск – Цэнтральны пляж». Забяспечаны мяккімі сядзеннямі транспарт зможа перавезці адначасова да 60 пасажыраў.

Пра тое, што аўтобус не з’яўляецца аптымальным вар’ятам рашэння праблемы і лепей было б арганізаваць паромную пераправу, «Штодзень» пісаў яшчэ ў траўні . Паездка па вадзе тэарэтычна магла б стаць больш хуткім і камфортным варыянтам. Але на практыцы праезд будзе доўжыцца 10–15 звілін, бо пантонны прычал усталяваны даволі далёка ад афіцыйных месцаў купання. Гэта значыць, да шляху на пляж трэба дадаць час, каб дайсці ад прычала да пляжа пешкі.

Адлегласць у прыблізна 130 метраў можна было б пераадолець за лічаныя хвіліны, каб пусціць па маршруце сучасны экалагічны невялічкі паром, які б даязджаў непасрэдна да пляжа (пры вялікай даўжыні пясчанай лініі не праблема было б забраць невялікі кавалак пад часовы прычал). Але стары цеплаход з мінулага веку такой магчымасці не дае.

Доўгі час вандроўкі тлумачыць і кошт паездкі – 2 руб. Для прагулачнай атракцыі гэта зусім няшмат. Але для маршрута, неабходнасць якога выклікана рамонтам, гэта дорага (на сям’ю з 2 дзеткамі ў абодва бакі трэба выдаткаваць 16 руб.). Для параўнання, білет ад чыгуначнага вакзала да Клёнак (12 км) каштуе 83 кап. А тут 130 метраў!

4 рэйсы ў дзень змогуць перавезці ў адзін бок толькі 240 пасажыраў. Для паўмільённага горада гэта мала. Такі маршрут – неблагая турыстычная атракцыя, але ніякім чынам не альтэрнатыва закрытаму на рамонт мосту.

Рэйсы варта было б рабіць кожныя паўгадзіны. Пры гэтым у часы актыўнага карыстання пляжам (10.00–17.00) у ідэале паром павінен быць бясплатны – каб мост быў адрамантаваны па-за купальным сезонам, гомельцам не прыйшлося б плаціць. Кошт 2 руб. можна было б пакінуць на менш папулярныя ў пляжнікаў гадзіны (8.00-10.00, 17.00-19.00). А ўночы рэйс мог бы быць цалкам камерцыйны. Калі б арганізаваць на іншым баку Сажа нейкія актыўнасці (напрыклад, папулярныя зараз ціхія дыскатэкі) моладзь і турысты ахвотна ездзілі б туды, напрыклад, і за 5-7 руб., гэта кампенсавала б бясплатныя сацыяльныя рэйсы.

Штодзень

Слайдар пастоў