Ці можа 24-павярховы жылы дом, які пачалі называць першым гомельскім хмарачосам, стаць турыстычнай цікавосткай і новым крокам у архітэктуры Гомеля? Каб зразумець гэта, варта прымяніць да будынка крытэрыі ацэнкі сучаснай архітэктуры: эстэтыка і ўнікальнасць, інавацыйнасць, экалагічнасць і энергаэфектыўнасць, кантэкстуальнасць. Што атрымацца, калі гэта зрабіць, – чытайце ў артыкуле «Штодня».
Калі прыгажосць – справа густу, то эстэтычнасць і наяўнасць гармоніі куды больш аб’ектыўны паказчык. Вось адзін з першых нью-ёркскіх хмарачосаў, пабудаваны ў 1902 годзе. Пры вышыні 85 м (гомельскі гігант сягае толькі 75 м) – неверагодная вытанчанасць і плаўнасць ліній, выдатныя прапорцыі. Дом адметны (з-за формы яго пачалі называць «дом-прас»), яго ні з чым не пераблытаеш.

Фота: kids.britannica.com
Нічым такім гомельскі 24-павярховік пахваліцца не можа. Ён такі ж самы, што і сотні бязлікіх гомельскіх шматпавярховікаў у спальных мікрараёнах. Акрамя вышыні, ніякіх адрозненняў.
Тут не выкарыстаны нейкія ўнікальныя матэрыялы: банальныя вентфасады, ад якіх ужо стамілася вока. Стэнды з вінілавай плёнкай, папулярнай у 1990–2000 гады, унутры.
Інавацыйны офісны будынак у Мельбурне (уведзены ў эксплуатацыю амаль 20 год таму – у 2006) мае выкіды CO₂ на 64% ніжэй, чым у аналагічнай забудовы, спажыванне электраэнергіі – на 85%, газу – на 87%, вады – на 72%, а агульныя выкіды толькі 13%. На даху размешчана 48 м.кв. сонечных панэляў, якія забяспечваюць 60% патрэбы ў гарачай вадзе. Электрычнасць і цяпло часткова будзе забяспечвацца газавай кагенерацыйнай устаноўкай, якая пакрывае 40% патрэбы будынка і значна скарачае выкіды вугляроду.

Будынак Council House 2 у Мельбурне. Фота: wikipedia.org
Чым з гэтага можа пахваліцца першы гомельскі хмарачос у 2025 годзе?..
Пад экалагічнасцю сучаснай архітэктуры, сярод іншага, маецца на ўвазе і набліжанасць да прыроды.
У варшаўскім Varso Tower дрэвы растуць наўпрост пасярод калідораў.

Фота: www.propertydesign.pl
На даху офіснага будынка ў Токіа закладзены сад.

Фота: ueyakato.jp
Гомельскі хмарачос не мае нават незашклёных балконаў і тэрас, дзе можна было б зрабіць міні-кветнікі.

Праект трох хмарачосаў у Гомелі. Фота: 024.by
Ну і апошняе – кантэкстуальнасць, тое, наколькі будынак упісаны ва урбаністычную тканіну месца. Будаваць дамы, куды вышэйшыя за навакольнае асяроддзе, мае сэнс у двух выпадках. Альбо пры надзвычайнай архітэктурнай унікальнасці будынка, каб зрабіць яго турыстычнай цікавосткай (так разбудоўваюцца, напрыклад, Арабскія Эміраты). Альбо ў выпадку перанаселенасці, калі горад вымушаны расці ўгару (як у мегаполісах кшталт Нью-Ёрка). Будова па амаль тыповым праекце з танных матэрыялаў у горадзе, дзе колькасць жыхароў стабільна зніжаецца, не падпадае пад гэтыя крытэрыі. І вельмі падобна, што замест турыстычнай атракцыі горад толькі павялічыць сумнеўную архітэктурную спадчыну (хрушчоўкі, брэжнеўкі, а цяпер, па аналогіі, і прывалаўкі), адносна якой нашчадкі будуць вымушаны вырашаць праблему коскі ў канструкцыі «знесці нельга пакінуць».