Журналіст Мікола Бянько апублікаваў у сваім блогу рэцэнзію на новую кнігу Андрэя Горвата «Дом». З дазволу аўтара публікуем тэкст на «Штодні».

Мікола Бянько на фоне палаца Горватаў у Нароўлі. 2013 год
“У маёй эмігранцкай бібліятэцы — каштоўнае папаўненне ў выглядзе кніжкі Андрэя Горвата “Дом”. У кнізе ўсё цікавае — ад дызайну і да небанальнай кампаніі па прасоўванні: аўтар не дае інтэрв’ю СМІ, сам распаўсюджвае кніжкі са сваімі памочнікамі, стварыў адмысловы сайт для яе прамоцыі. Гэта не замінае яму паспяхова прасоўваць кнігу, што сведчыць пра важную дэталь. У Беларусі ёсць сучасныя пісьменнікі, якія вельмі папулярныя і прызнаныя ў свеце. А ёсць тыя, каго любяць менавіта беларускія чытачы. І гэта – Андрэй Горват”, – піша Мікола Бянько на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Мікола Бянько:
– Кніжка вельмі актуальная для эмігрантаў. Хаця б праз назву – “Дом”. Але гаворка ў ёй не пра звычайны дом, а пра сядзібны будынак або Нараўлянскі палац, які быў адным з галоўных “гнёздаў” дваранскага роду Горватаў. Каменны будынак ХІХ стагоддзя, які паспеў пабыць домам для мясцовых магнатаў, санаторыем для працоўных, школай, – цяпер маляўнічая руіна, якую спрабуюць аднаўляць энтузіясты. Аўтар фактычна ўсе веды, якія ён збіраў дзесяцігоддзямі пра палац, а таксама сваю любоў і пяшчоту да будынка, адлюстраваў у гэтай кнізе. Да таго ж яна густоўна ілюстраваная добрымі фотаздымкамі, частка з якіх досыць рэдкія. Некаторыя публікуюцца ўпершыню, іншыя вядомыя вузкаму колу краязнаўцаў, бо былі ўзятыя з кнігі сваяка Горватаў, апошняга ўласніка маёнтка Дарашэвічы, Антонія Кяневіча “Над Прыпяццю даўно таму”.
Ёсць нейкая свая сувязь у Горвата з Антоніем Кяневічам, чалавекам, які жыў у Дарашэвічах да бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 года. Ён таксама пакінуў кранальныя ўспаміны пра радзіму, пра тое, што адбывалася з ягонай сям’ёй на фоне катастрофы.
Як і ранейшыя кнігі Горвата, усё зроблена сціпла, лаканічна і ёміста. І што важна — уласнікі палаца, г.зн. галоўныя героі, не ідэалізуюцца, як было прынята, у постсавецкі перыяд, калі “паноў” часцяком прадстаўлялі выключна ў прыхарошаным выглядзе. Тут гаворыцца і пра чалавечыя слабасці: пра любоў да жанчын, пазашлюбных дзяцей, пра алкаголь, здрады, расчараванні і пра прагу да раскошы. Усё тое, да чаго раней ставіліся спакойна і чаго цяпер часта цураюцца.
У сваёй першай папулярнай кнізе “Радзіва Прудок” Андрэй Горват прывучыў беларусаў не саромецца роднай вёскі. У “Доме” ж ён “памірыў” вёску з дваром — з асяроддзем шляхты, якая таксама была часткай беларускага грамадства, хоць часта і атаясамляла сябе з польскай палітычнай нацыяй. Андрэй вяртае гісторыю гэтых людзей у беларускі кантэкст праз свае асабістыя перажыванні.
Чытанне кнігі выклікала асацыяцыі паміж раманам “The Shining” Стывена Кінга, дзе герой таксама бачыць здані мінулага (гатэль “Агляд” у Кінга таксама, дарэчы, з’яўляецца галоўным героем кнігі), і стылем Гюнтэра Граса з ягонымі мастацкімі прыёмамі вяртання ў мінулае праз памяць. Але пры гэтым кніга Андрэя Горвата — аўтэнтычны беларускі твор пра дом, пра радзіму. Кожнае слова на сваім месцы. Такое хочацца трымаць на паліцы эмігранта. Гэтую кнігу без ваганняў возьмеш з сабой у дарогу, калі зноў замаячыць перспектыва незапланаванага пераезду.
Горват у кнізе адмераў наш беларускі маршрут па тым доме, які ў выніку трагічных падзей ХХ стагоддзя разбураны. Але ёсць надзея на яго аднаўленне.