Голас, які зачараваў Еўропу. Сэрца, якое належала Беларусі.

125 гадоў таму нарадзіўся Міхась Забэйда-Суміцкі — чалавек, чыё імя павінна ведаць кожны, хто цікавіцца беларускай культурай. Выбітны лірычны тэнар, педагог, прадстаўнік еўрапейскай вакальнай школы. Яго голас гучаў на лепшых сцэнах, а сэрца заўсёды білася за Беларусь.

ЦЯЖКАЕ ДЗЯЦІНСТВА І АДУКАЦЫЯ

Міхась Забэйда нарадзіўся 14 чэрвеня 1900 года на Пружаншчыне, так што можна сказаць быў сваім, палескім, хлопцам (вёска Шэйпічы – найбольш верагоднае месца яго нараджэння). Хоць некаторыя крыніцы называюць вёску Падароск (Ваўкавыскі раён) або Несцеравічы (Свіслацкі раён). Бацькі – Ян Забэйда і Аляксандра Суміцкая – мелі семярых дзяцей, але пашчасціла толькі Міхасю, бо ўсе браты і сёстры пайшлі ў іншы свет малымі або ў маладым узросце. Рана не стала таксама і бацькі Яна. З дзяцінства дапамагаў маці, з васьмі гадоў працаваў падзёншчыкам у панскім маёнтку. Двайное прозвішча Міхась узяў будучы ўжо дарослым.

Наперадзе будучага знакамітага спевака чакала вучоба, у тым ліку ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, але надышла Першая сусветная вайна, і разам з іншымі семінарыстамі Міхась трапіў у эвакуацыю ў Смаленск, дзе скончыў навучанне ў 1918 годзе і паехаў у Сібір, дзе настаўнічаў каля Барнаула, арганізаваў Калманскае культурна-асветніцкае таварыства і хор.
Але тыя часы былі занадта бурлівымі, каб жыццё стаяла на месцы. У 1920 годзе наш герой апынуўся ў Харбіне, дзе пачаў вучыцца музыцы, скончыў універсітэт (юрыдычны факультэт) і стаў салістам Харбінскай оперы, дзе выступаў на працягу трох гадоў, выканаўшы 15 партый у “Фаўсце”, “Травіяце”, “Князі Ігары” ды іншых операх. Міхась добра граў на скрыпцы, гітары, мандаліне, балалайцы, губным гармоніку.
МІЛАН, ВАРШАВА… ГАСТРОЛІ НА РАДЗІМЕ
Поспех усміхнуўся і пацягнула малады талент у Мілан, каб удасканальваць свае здольнасці.

Італія прыняла Міхася Забэйду-Суміцкага добра (ішоў 1932 год). Выступы ў Міланскай оперы на 16 мовах, канцэрты, гастролі, “Травіята”, “Рыгалета”, “Севільскі цырульнік” на сцэне знакамітай “Ла Скала”. Але ў 1935 годзе жыццё зноў карэнным чынам змянілася, бо захварэла маці і Міхась едзе ў Заходнюю Беларусь, выступае ў Ружанах (там адбыўся першы канцэрт на радзіме), Беластоку, Баранавічах, Брэсце, Гродна, у Польшчы, Літве, Латвіі… Паслухайце цудоўнае выкананне Міхася Забэйды-Суміцкага песні “Спі сыночак, міленькі”.

 

У жыццяпісе Забэйды-Суміцкага быў невялікі перыяд супрацоўніцтва з оперным тэатрам у Познані, але дырэктар тэатра не хацеў прызнаваць Міхася беларускім спеваком, а Міхась не збіраўся станавіцца польскім. Таму гэтае супрацоўніцтва скончылася, а наступнай старонкай стала Варшава і праца салістам на Варшаўскім радыё. Радыёвыступы Забэйды-Суміцкага трансліраваліся ў Парыжы, Празе, Нью-Ёрку, Лондане і іншых гарадах свету. А польскае аддзяленне фірмы “Odeon” выпускае грампласцінку з апрацоўкамі беларускіх народных песень у яго выкананні. Хоць зноў жа беларускія і нацыянальныя акцэнты не вельмі падабаліся ў той час польскім уладам. Так, Забэйда-Суміцкі ў свае выступы імкнуўся ўключаць народныя песні і творы беларускіх кампазітараў, але польскае радыё не хацела называць іх беларускімі, таму творы гучалі як народныя (“людовыя”), палескія, рэгіянальныя. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны ён перастаў цалкам выступаць на тэрыторыі польскай дзяржавы.Аднак у гэты ж міжваенны перыяд адбыліся і супольныя выступы са знакамітым хорам Рыгора Шырмы ў Вільні, было шмат канцэртаў і гастроляў, у тым ліку па Заходняй Беларусі.Вайна ў 1939 годзе заспела яго ў Варшаве, дзе ён прабыў яшчэ да мая 1940 года, калі атрымаў запрашэнне ад Народнага тэатра ў Празе і паехаў туды.

ПРАГА – АПОШНЫ ЖЫЦЦЁВЫ ПРЫПЫНАК

Чэхія стала апошнім горадам на карце жыцця Міхася Забэйды-Суміцкага. Ён выступаў у тым ліку у Нацыянальным тэатры ў Празне, выконваў рэпэртуар Моцарта, Бетховена, Чайкоўскага, Дворжака, Галкоўскага, беларускі і ўкраінскі фальклор. Выступаў у акупаваных немцамі гарадах, а ў 1942 годзе нават прыязджаў у Беларусь, даў канцэрты ў Мінску, Гродне, Ваўкавыску, Баранавічах, Беластоку, Дзвінску. У 1944 годзе адбыўся яго апошні падчас вайны канцэрт у Вільні.

Вяртанне ў Прагу скончылася зняволеннем, нехта данёс на Забэйду-Суміцкага ў гестапа як на бальшавіцкага агента. Яго абвінавачвалі ў тым, што спяваў беларускія і рускія творы. Вызваленне прыйшло ў 1945 годзе з прыходам Чырвонай арміі, але тут ужо НКВД пачало следства за сувязі з нацыстамі (абвінавачанні афіцыйна знялі ў 1950 годзе).

Пасляваеннае жыццё Міхася Забэйды-Суміцкага прайшло ў Чэхаславакіі, дзе ён даваў канцэрты, рабіў студыйныя запісы, выкладаў. У 1963 годзе з прыходам “хрушчоўскай адлігі” яго запрасілі ў Савецкую Беларусь, але білеты на выступы амаль не прадавалі, залы запаўнялі салдатамі тэрміновай службы. Тым не менш выступы прайшлі ў Мінску і шматлікіх іншых гарадах, у тым ліку ў Магілёве і Гомелі. А ў 1965 годзе па запрашэнні Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Забэйда-Суміцкі ездзіў на Беласточчыну выступаць у беларускім асяроддзі. Па замове таварыства паўстала грампласцінка беларускіх народных песень.

 

Марыў пра Беларусь усё жыццё і ўсё жыццё папулярызаваў беларускую песню, перапісваўся і сустракаўся з выдатнымі людзьмі беларускай культуры і літаратуры – Рыгорам Шырмам, Максімам Танкам, Уладзімірам Караткевічам, Яўгеніяй Янішчыц, Сяргеем Панізнікам і многімі іншымі асобамі.

Не стала Міхася Забэйды-Суміцкага 21 снежня 1981 года, ён памёр у Празе, перад гэтым доўга і цяжка хварэў. Пахаваны на Альшанскіх могілках. На магіле помнік з надпісам на чэшскай і беларускай мовах. Свой багаты архіў разам з бібліятэкай пакінуў Беларусі. У вёсцы Шэйпічы на Пружаншчыне ўстаноўлены камень з мемарыяльнай шыльдай у гонар спевака.

Штодзень

Пры падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстаны адкрытыя крыніцы.

Слайдар пастоў