Калі згадваецца Віктар Адзіночанка, то чамусьці ў памяці ўсплывае вобраз мужчыны з роварам. Ён прыязджаў на ровары на суды, на выбарчыя ўчасткі і нават на акцыі. На адной з акцый пратэсту ў далёкім 2011 годзе яго так і затрымалі: з роварам. Сілавікі проста занеслі Віктара Адзіночанку разам з роварам у мікрааўтобус, а пасля разам з роварам і адпусцілі.

Віктар Адзіночанка. Фота: з Інтэрнэту
Сп. Віктар быў выкладчыкам у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францішка Скарыны. Ён выкладаў рэлігіязнаўства. Заняткі вёў выключна па-беларуску. У ягонай кнізе “ Рэлігіязнаўства: вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў” студэнтам, хто толькі пачынаў знаёмства з дадзеным прадметам, можна было знайсці ўсю неабходную інфармацыю. Праўда, не ўсе студэнты хацелі шукаць яе. Згадваецца, як на адным з залікаў па рэлігіязнаўстве, нейкая студэнтка на пытанне сп. Віктара пра плыні хрысціянства адказала: “Праваслаўе, каталіцызм і іудаізм”.
Віктар Адзіночанка з павагай і інтэлігентнасцю ставіўся да іншых людзей, спрабаваў заўжды шукаць у іх добрыя якасці. Нават намагаўся з хрысціянскіх пазіцый патлумачыць і зразумець паводзіны мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна пасля сумных падзей 2020 года.
Сп. Віктар заўжды з задавальненнем размаўляў з незалежнымі журналістамі. Ён каментаваў тэмы рэлігіязнаўства, правоў чалавека і дэмакратыі.
Віктар Адзіночанка меў украінскія карані. Ён распавядаў пра Галадамор ва Украіне, які закрануў ягоную сям’ю. Ён неяк згадваў пра тое, што ягоны дзед, Сямён, прыйшоў у Беларусь з Украіны. Сп. Віктар казаў: “Маці распавядала, што ён кінуў свой дом і сям’ю. Ён быў малады чалавек. Чаму кінуў? Бо тады не выпускалі з зоны голаду. Па нейкіх балотах, лясах прыйшоў у Беларусь. І тут сустрэў маю бабку. Пабудаваў тут хату. У нас была тыповая ўкраінская хатка-мазанка. Пра дзеда маці распавядала бабка. Бо калі ў 1941 годзе дзед пайшоў на вайну, ёй было толькі тры гады. Маці распавядала ўспаміны дзеда, што падчас Галадамору ва Украіне людзей не выпускалі, казалі: “Памірайце тут”.
Апошнія гады ён віншаваў са святамі праз электронную скрыню. Апошняе паведамленне – у красавіку, віншаванне з Вялікаднем. Цяпер гэта застанецца ўжо ў архіве. Няхай сп. Віктару зямля будзе пухам.
Вядомы гомельскі праваабаронца, філосаф і выкладчык Віктар Адзіночанка памёр ад анкалогіі 15 мая 2025 года. Хвароба развілася вельмі імкліва. У яго засталіся жонка і двое малых дзяцей.