Радаўніца – веснавое памінанне памерлых – адзначаецца ў Беларусі. Дзень, калі многія беларусы традыцыйна наведваюць могілкі. Хоць у розных рэгіёнах на могілкі хадзілі ўжо пачынаючы ад Вялікадня, а практычна па ўсім Палессі вядомы Наўскі Вялікдзень або Мяртвы Вялікдзень. Наўскі – ад Наўі (так у старажытныя часы называлі памерлых).

Радаўніца ў чарнобыльскіх вёсках
Традыцыя памінання таксама адрозніваецца па рэгіёнах. Так, у Чачэрскім раёне на Магілёўшчыне нават вадзілі карагоды: людзі ішлі паміж магіл, узяўшыся за рукі, і спявалі песню пра памінанне душы. На ўсходзе Беларусі традыцыйна магілы засцілалі абрусамі, часта было прынята прыносяць на могілкі пачастунак, найперш велікоднае яйка, што сімвалізуе еднасць з памерлымі роднымі. Абрус, якім засцілалі магілы, і пасля Радаўніцы захоўваў свае сакральныя ўласцівасці, да прыкладу, лічылася, што ён адводзіў ад хаты навальніцы.
Сёння эколагі і святары заклікаюць не прыносіць на могілкі штучныя кветкі, але толькі жывыя. Не ўхваляюць святары і алкаголь на могілках, падкрэсліваючы, што галоўнае – гэта памяць і малітва.
Што тычыцца самой назвы Радаўніца (Радуніца, Раданіца), то адной версіі яе паходжання няма. Вось некаторыя тлумачэнні, якія прыводзіў знаны беларускі мовазнаўца Юрась Бушлякоў:
Доўгі час Радаўніцу выводзілі ад словаў рад, радавацца або род. Думка пра паходжанне ад слова рад вынікла з таго, што ў хрысціянскі час Радаўніца стала святам радаснага велікоднага памінання памерлых у сувязі з Хрыстовым Уваскрэсеннем.
У сваю чаргу спробы вытлумачыць Радаўніцу ад слова род падмацоўваліся другімі назовамі памінальнага дня – снеданне па радзіцелях, радзіцельскі дзень.
Радаўніцу выводзяць ад літоўскіх словаў raudá ‘плач з галашэннем’ і raudìnė ‘малітва з плачам і галашэннем’. Аўтары найнавейшага слоўніка “Беларуская міфалогія” за найбольш праўдападобнае лічаць якраз-такі балцкае паходжанне Радаўніцы. Падставамі для такой высновы – і агульныя ў беларусаў і літоўцаў ключавыя элементы веснавога абраду памінання, і таксама той факт, што назоў Радаўніца не пашыраны на поўдні ад Беларусі – не ўжываецца ва Украіне.
Дзяржаўным выхадным днём у Беларусі Радаўніца стала пасля 1991 года.
Выкарыстаныя матэрыялы: Валодзіна, Т.В. «Ядраное жыта гаспадара кліча…»: каляндарны год у абрадах і звычаях / Т. В. Валодзіна, Т. І. Кухаронак Мінск : Беларуская навука, 2015. – 358 с.