У Гомелі задумаліся пра добраўпарадкаванне Цэнтральнага рынку. Паводле ўладаў, тутака плануецца ўсталяваць светлавыя аркі, паркоўку для ровараў, малыя архітэктурныя формы. Таксама будзе арганізаваная зона адпачынку, мадэрнізаванае плітачнае пакрыццё. Ці дастаткова гэтага для сапраўднай мадэрнізацыі, чытайце ў артыкуле ад «Штодня».
Кірмаш – старажытная і архаічная форма арганізацыі побыту і забеспячэння неабходнымі рэчамі. Пачынаючы з Сярэднявечча, рынкі былі цэнтрам віравання жыцця. Але ХХ ст. прынесла кардынальныя змены ў сістэму арганізацыі гандлю, бо на арэну выйшлі буйныя гульцы ў выглядзе гандлёвых сетак і гіпермаркетаў. Пакупнікі хутка прызвычаіліся на новых умоў: у вялікай краме можна набыць адразу ўсё неабходнае; кошты сеткавых крам меншыя, чым у дробных прадаўцоў; гандлёвыя цэнтры будуюцца адразу па сучасных стандартах, з месцамі для парковак, прыбіральнямі, кавярнямі і г.д. З ростам дабрабыту жыхароў буйных еўрапейскіх гарадоў колькасць пакупнікоў у гандлёвых цэнтрах расла, а на рынках скарачалася. У выніку традыцыйныя рынкі пачалі прыходзіць у заняпад, гандлёвыя кропкі на іх зачыняліся адна за адной. Вялікія павільёны (часам сапраўдныя архітэктурныя перліны, пабудаваныя напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ ст.) пуставалі, і што з імі рабіць, ніхто не ведаў.
Гастранамічны цэнтр Hala Koszyki ў будынку рынка ў Варшаве. Фота: warszawa.naszemiasto.pl
Выратаванне прынесла масавае развіццё турызму і гастраноміі ў ХІХ ст. Пустыя будынкі з высокімі дахамі ў цэнтры горада дазвалялі арганізаваць вялікія фуд-корты з разнастайнымі рэстарацыямі, крамамі з далікатэсамі, трэндавымі эка, вега і іншым харчам ці нейкай экзотыкай.
Рынак ва Фларэнцыі пасля рэнавацыі. Фота: ricordinvaligia.it
Занядбаныя рынкі зноўку напоўніліся гоманам, энергіяй і, канешне ж, грашыма.
Рынкі ў сваім першапачатковым выглядзе атрымалася захаваць у некаторых рэгіёнах. Але, як правіла, гэта папулярныя турыстычныя месцы. На адпачынку ў іншай краіне не хочацца набываць ежу ў банальным супермаркеце з такім жа выбарам, што і дома – хутчэй ёсць прага пакаштаваць рэгіянальныя далікатэсы.
Рынак Mercat Santa Caterina ў Барселоне. Сумяшчэнне традыцый з інаватыўнай архітэктурай.
Фота: www.flickr.com
Для мясцовых жа жыхароў часцей захаваліся невялічкія рыначкі з садавінай-гароднінай ад тутэйшых фермераў ці гандаль на некалькі гадзін свежым уловам – для марскіх рэгіёнаў. Трымаць дзеля гэтага ў горадзе стацыянарныя вялікія памяшканні, якія трэба ацяпляць і асвятляць, сэнсу не мае.
Гомель, як і іншыя еўрапейскія гарады, здаўна меў кірмаш. На здымках бачна, якім шматлюдным быў рынак на сучаснай плошчы Леніна напачатку ХХ ст.
Савецкія часы змянілі сістэму гандлю, якія перайшоў пад кантроль дзяржавы. Але рынкі нікуды не зніклі. Гомельскі Цэнтральны рынак быў пабудаваны ў 1990 годзе. Праект быў унікальным для свайго часу. Перакрыцці не мелі якіх-небудзь прамежкавых апор.
Рынак стаў адным з першых у рэспубліцы, ды і ва ўсім СССР, гмахам, пакрытым клеедраўлянымі аркамі. Магутны драўляны будынак быў узведзены без адзінага цвіка. Шырыня пралётаў 60 метраў. Чым не турыстычная цікавостка?
З распадам СССР буйны гандаль у Беларусі з’явіўся не адразу. А кірмашы нечакана стаі настолькі папулярнымі, што гандляры сярэднявечча пазайздросцілі б – пасля пустых палічак 80-х тавары, прывезеныя «чаўнакамі» з-за мяжы, уражвалі разнастайнасцю, ды й якасць першае дзесяцігоддзе была на ўзроўні, бо вазілі не толькі з Кітаю, але і з Еўропы. Напачатку рыначны гандаль вёўся толькі па выходных на цэнтральным стадыёне (рэчы раскладвалі, хто як мог). Пазней гандаль прамысловымі таварамі перамясціўся на Цэнтральны ранак, а таксама на гандлёвыя шэрагі ў розных раёнах Гомеля.
Паступова пачалі з’яўляцца гандлёвыя цэнтры, інтэрнэт-крамы, і колькасць прадпрымальнікаў на Цэнтральным рынку, па аб’ектыўных прычынах, катастрафічна зменшылася. Зараз там нешта набываюць альбо па інерцыі (старэйшае пакаленне), альбо калі нешта на маркет-плэйсах каштуе куды даражэй.
Калі казаць пра харч, Гомельскі цэнтральны рынак развіваўся гэтак сама, як і еўрапейскія «калегі». Вулічныя латкі з сезоннай садавіной-гароднінай ў цёплы сезон па-ранейшаму запоўненыя колерамі і водарамі. Унутраная частка ў апошняе дзесяцігоддзе ўсё больш пусцее. Садавіна-гародніна прадстаўлена тут фактычна толькі дзяржгандлем з сумным выбарам. Мяса няшмат, і яно не ідзе ў параўнанне з тым, што прапануюць фермерскія крамы ці гіпермаркеты. Ратуе невялічкая колькасць фермерскіх гаспадарак, што рэалізуе тутака вэнджаніны і сала, хатні тваражок ды малачко, мёд. Значную частку месца займаюць фірмавыя крамы дзяржаўных фабрык (тыя ж «Спартак» ці «Камунарка»), але іх вырабы можна купіць паўсюль, няма сэнсу кіравацца за імі на рынак.
Напаўпусты будынак (архітэктурна выразны, вялікі, у цэнтры горада) у такіх умовах не выкарыстоўваецца належным чынам. І замена пліткі навокал ці аздабленне аркамі не выратуе. Патрэбны куды больш кардынальныя змены, у першую чаргу, у сістэме гандлю.
Выдатным прыкладам арганізацыі гандлю па-сучаснаму з’яўляюцца гомельскія крамы «Чырвоны харчавік». Тое, як выкладзены тавар, аздоблены інтэр’ер – усё стымулюе да набыцця тавараў. Сюды хочацца заходзіць. Пры гэтым асартымент добрым чынам аб’ядноўвае лепшыя вырабы дзяржаўных прадпрыемстваў з тым, што прапануюць прыватныя пякарні. Пакуль Цэнтральны рынак прастойвае, тут заўсёды чэргі! Варта было б дзяржгандлю браць прыклад.
Плошчы Цэнтральнага рынка дазваляюць ператварыць яго ў гастранамічны цэнтр горада. Можна рэканструяваць памяшканне, пашырыць мансардавыя паверхі. Так, каб былі і невялічкія крамкі, і кавярні, як суцішна-інтымныя, так і з агульным фудкортам. У Беларусі не бракуе харчу рамеснай вытворчасці вышэйшага гатунку, напрыклад, шакаладу ці алею. Але набыць такі тавар можа не кожны – трэба замаўляць праз інтэрнэт, і да цаны нетаннай рэчы дадаецца дастаўка. Каб стварыць цэнтралізаваную сістэму рэалізацыі ўсяго (накшталт таго, як гэта зрабілі маркет-плэйсы), то куды больш асоб змагло сабе гэта дазволіць.
Адноўлены рынак мог бы прывабліваць як турыстаў, так і жыхароў горада пахам свежага хлеба і водарам добрай кавы. Навокал маглі б быць месцы адпачынку з газонамі і інстаграмнымі лавамі, а не россыпы штучных кветак на Радаўніцу. Як быць з машынамі? Неабходнасць шматпавярховага паркінга ля цэнтральнага рынку паўстала ў Гомелі яшчэ на пачатку 90-х. (будынак, які павінен быў быць паркінгам, у выніку стаў ГЦ «Сакрэт»). Шкада, што дагэтуль паркінг так і не пабудавалі.
Што трэба для рэалізацыі такога праекту? Разуменне неабходнасці рэнавацыі, гаспадар і грошы. Падобна, што ніводнага з гэтых складнікаў у сучасным Гомелі няма.