Пракуратура Гомельскай вобласці прызнала YouTube-канал, на якім размешчаны дакументальны фільм “Лес”, «экстрэмісцкім матэрыялам». Паводле яе версіі, стваральнікі фільма «катэгарычна адмаўлялі вынікі расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа», піша інтэрнэт-праект “Беларускі інстытут публічнай гісторыі”.
Ілюстрацыйнае фотаВарта нагадаць, што пракуратура адыгрывала адну з ключавых роляў у рэпрэсіях супраць мірных савецкіх грамадзян у 1920–1950-я гады. Генеральны пракурор і наркам унутраных спраў з намеснікамі ўваходзілі ў склад Камісіі НКВД і пракурора СССР, так званай «двойкі». Гэты пазасудовы, неправамоцны орган масава зацвярджаў «расстрэльныя спісы», сфабрыкаваныя НКВД. «Двойка» асудзіла на расстрэл дзясяткі тысяч чалавек.
Акрамя таго, пракуроры ўваходзілі ў яшчэ адзін пазасудовы орган – так званыя «тройкі», дзе разам з начальнікамі рэгіянальных аддзяленняў НКВД і сакратарамі мясцовых органаў камуністычнай партыі мелі права асуджаць людзей, у тым ліку на смяротнае пакаранне. Таксама пракуроры ўдзельнічалі ў судах супраць так званых «ворагаў народа».
Пра тое, як працавала пракуратура ў часы Вялікага тэрору, яскрава сведчаць высновы Камісіі ЦК КП(б) Беларусі па прыёме і перадачы спраў Пракуратуры БССР ад 7 сакавіка 1940 года. Сябры камісіі адзначалі, што падчас рэпрэсій пракурорскія работнікі дапускалі сур’ёзныя злоўжыванні і буйныя памылкі пры арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства.
Так, кіраўніцтва пракуратуры давала санкцыі на арышты не толькі паводле прадстаўленых матэрыялаў, але і паводле выпісак з іх, а часам нават па тэлефоне. Апроч таго, арышты санкцыянавалі пракурорскія работнікі, не ўпаўнаважаныя на гэта. За 1937–1938 гады пракуратура БССР санкцыянавала 1518 арыштаў. У гэты ж час НКВД без пракурорскага дазволу арыштаваў некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, але пракуратура ніяк не рэагавала на гэтую практыку.
У дакуменце адзначалася, што пракуратура БССР не ажыццяўляла нагляд за следствам па справах аб «контррэвалюцыйных злачынствах», за месцамі зняволення, асабліва за ўнутранымі турмамі, а таксама за выкананнем прысудаў судоў і пазасудовых органаў. За 1937–1938 гады пракуратура ні разу не адмовіла НКВД у санкцыі на арышты. Пры гэтым пракурор БССР Новік забараніў разглядаць скаргі асуджаных на расстрэл.
Ці была дадзена прававая ацэнка антынароднай дзейнасці пракуратуры ў часы камуністычнага тэрору? Не. Можа было пакаянне з боку беларускай пракуратуры з злачынствы папярэднікаў? Таксама не.
Ці можна лічыць рэпрэсіі ў БССР часткай генацыду беларускага народу? Паводле Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго і Канвенцыі аб непрымяняльнасці тэрміну даўніны да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва – так. Аднак беларускі рэжым і пракуратура гэта не цікавіць.
У пачатку 1990-х Вярхоўны Савет БССР ухваліў шэраг дакументаў аб парадку рэабілітацыі пацярпелых ад рэпрэсій у 1920–1950-х гадах. Пракуратура мелася адыгрываць важную ролю – правяраць справы рэпрэсаваных і аднаўляць іх правы. Ці дамаглася пракуратура апраўдання ўсіх незаконна рэпрэсаваных? Дакладна не.
Пракуратура разам з КДБ і МУС была абавязаная садзейнічаць сваякам і грамадскім арганізацыям у выяўленні месцаў пахавання расстраляных і памерлых у зняволенні. Як думаеце, колькі месцаў расстрэлаў выявіла пракуратура? Калі не лічыць засакрэчанага і схаванага расследавання па Курапатах – ніводнага.
Хутчэй можна казаць пра тое, што сёння пракуратура, як і КДБ, зацікаўлены ў там, каб схаваць сляды злачынстваў сваіх папярэднікаў. Такім чынам, яны адмаўляюць генацыд беларускага народа, здзейснены камуністычным рэжымам. Але ці варта здзіўляцца, калі гэтыя структуры і сёння ажыццяўляюць тэрор і генацыд супраць беларускага народу ў тым сэнсе, як яго разумеюць вышэўзгаданыя канвенцыі?
Штодзень
Аўтар: Беларускі інстытут публічнай гісторыі