Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары

by ZB

Епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід на адкрыцці Пакроўскіх чытанняў рамантызаваў вайну. Архіепіскап Гомельскі і жлобінскі Стэфан прапанаваў аб’яднацца вакол нацыянальнай ідэі і прыйсці на выбары. І гэта пры тым, што ўмешвацца ў палітыку цяпер святарам забаронена заканадаўствам.

Архіепіскап Стэфан. Фота: Гомельшчына афіцыйна

Леанід прадставіў вайну, якая прыводзіць да шматлікіх ахвяраў, як нейкі ачышчальны працэс, які адбываецца па жаданні Бога.

«Вайна – гэта не толькі знешняе супрацьстаянне. Яна заўсёды нясе ў сабе высокі духоўны сэнс. Вайна становіцца люстэркам, у якім адлюстроўваюцца грахі, слабасці і недахопы як усяго грамадства, так і кожнага чалавека паасобку. Яна з’яўляецца і вучэльняй набожнасці, калі праз узніклае зло і гора, Боскім промыслам, многія людзі вяртаюцца на шлях духоўнага ператварэння і імкнуцца да праведнасці, памнажаючы ў сваіх душах хрысціянскія дабрадзейнасці: абарону Айчыны, мужнасць, любоў, спачуванне і ўзаемадапамога адзін аднаму», – цытуе святара «Хрысціянская візія».

У сваю чаргу Стэфан, хоць і не агітаваў прама за Аляксандра Лукашэнку, але не змог устрымацца да закліку прыйсці на выбарчыя ўчасткі і хваліў дзяржаву.

«Наша краіна ўступае ў выбарчую кампанію, беларусам трэба выбраць лідара дзяржавы. Таму нам неабходна згуртавацца вакол нацыянальнай ідэі і выканаць грамадзянскі абавязак: прыйсці на выбары і аддаць свой голас па загадзе сэрца. Мы адчуваем клопат з боку дзяржавы, які шануецца мірнае неба над галавой. У нас ёсць магчымасць атрымліваць якасную адукацыю, медыцынскую дапамогу, уладкоўваць жыццё на роднай зямлі», – заявіў ён мясцовым дзяржСМІ.

Ён прапанаваў сказаць дабру «так», а злу «не». Толькі вось разуменне дабра і зла ў святара са шматлікімі беларусамі адрозніваюцца.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png