У пасёлку Паляна ў Гомельскім раёне будуюць дамбу, мясцовыя жыхары скардзяцца на тое, што ў час паводкі ў іх залівае падвалы.
«Праблема з вільгаццю пасля таго, як вада сышла, – кажа рэгіянальнаму дзяржтэлеканалу Генадзь Нікіткоў. – Трэба адпампоўваць (ваду – заўв. Штодзень), парушаецца аддзелка, і ўсё трэба аднаўляць».
Паводле яго, у тых падвалах немагчыма не толькі захоўваць нейкія прадукты, але перад паводкай даводзіцца абразаць і выносіць адтуль катлы.
«Калі прыходзіць вялікая вада, у нас вада навокал», – паскардзіўся іншы жыхар пасёлка Леанід Цімафееў. Ён кажа, што падчас паводкі гінуць клубніцы і падобныя расліны, прыборку атрымліваецца зрабіць толькі ў траўні.
У гэтым годзе патапленні былі ўзімку і вясной.
Дамба запланаваная даўжынёй 4 км і 8 м вышынёй, на яе ўзвядзенне пойдзе амаль 700 тысячаў тон пяску. Акрамя яе ў вобласці абяцаюць яшчэ 5 падобных збудаванняў. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, тэрмін здачы дамбы ля пасёлка Паляна прыпадае на пачатак 2026 года. То бок няшчасных жыхароў, як мінімум, двойчы можа заліць, пакуль улады ўзвядуць няхітрае інжынернае прыстасаванне.