Прапагандысты паказалі Марыю Калеснікаву

by ZB

Палітзняволеная Марыя Калеснікава, якая была ў рэжыме інкамунікада ў гомельскай калоніі, сустрэлася з бацькам. Пра гэта напісаў адзін з прапагандысцкіх каналаў, фота таксама размясціў «Матолька дапамажы».

Да гэтага моманту кіраўніца перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі працяглы час утрымлівалася без сувязі са сваякамі. Інфармацыю пра яе стан збіралі выключна дзякуючы паведамленням іншых зняволеных. Было вядома пра пагаршэнне стан яе здароўе, згубу вагі, яе змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ.

Летам 2024 г. былая палітзняволеная распавяла “Вясне”, што адміністрацыя калоніі забараняе жанчынам камунікаваць з Марыяй. З ёй заўсёды ходзяць ахоўніцы, нават у прыбіральню. Сочаць за ёй і іншыя зняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй.

Гомельская калонія, дзе ўтрымліваецца Марыя, вядомая тым, што там адбываюць пакаранне найболей палітзняволеных. Даследчыкі падрыхтавалі даклад «Катаванні і жорсткае абыходжанне ў папраўчай калоніі №4», дзе падрабязна разабралі ўмовы жыцця і працы для палітзняволеных, прэсінг супраць іх, як адрозніваецца афіцыйная і сапраўдная карцінка.

«За час працы над расследаваннем мы знайшлі пацвярджэнні таму, што ў адплату за «палітычную пазіцыю» зняволеных у ПК-4 сапраўды часам утрымліваюць у катавальных умовах і ствараюць для іх невыносныя ўмовы адбывання «пакарання»», – адзначыў сузаснавальнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі Сяргей Усцінаў.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png