17 верасня ў нарвежскім Осла ўручылі ўзнагароды Free Media Awards за 2024 год. Адной з лаўрэатак стала журналістка Ларыса Шчыракова, якая асуджаная на 3,5 года турэмнага зняволення. Узнагароду за медыйшчыцу атрымаў праваабаронца Леанід Судаленка, паведамляе сайт “Беларускай Асацыяцыі Журналістаў”.
Леанід Судаленка, які сам адбыў трохгадовае турэмнае зняволенне праз сваю праваабарончую дзейнасць, выступіў з прамовай:
– Сёння ідзе 651‑ы дзень зняволення Ларысы ў беларускай турме для жанчын у Гомелі, умовы ў якой можна параўнаць з бесчалавечным абыходжаннем і нават катаваннем. Там стрэс і пастаяннае агрэсіўнае асяроддзе павольна адымаюць здароўе кожнага. Асабліва ў штрафных ізалятарах, дзе палітычных катуюць холадам, дзе адбіраюць споднюю бялізну, не даюць матрацы і пасцельную бялізну, дзе дрэннае харчаванне, недахоп вітамінаў і шпацыраў на свежым паветры. Дзе палітычных месяцамі і нават гадамі трымаюць у адзіночных камерах без сувязі са знешнім светам, дзе поўная адсутнасць медыцынскай дыягностыкі здароўя, дзе няма сувязі са знешнім светам. А ў перапынках паміж ізалятарамі палітычных сілком адпраўляюць на брудную і шкодную працу ў халодныя прамысловыя цэхі. Улічваючы вялікую працягласць гэтых выпрабаванняў, нямногія выжывуць без шкоды для свайго здароўя…
Экс-журналістка Ларыса Шчыракова была асуджаная на 3,5 гады турэмнага зняволення. Цяпер яна знаходзіцца ў гомельскай калоніі і працуе там швачкай. Ларысу Шчыракову прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў: садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 ч. 1, арт. 361-4 ч. 2 КК РБ) і дыскрэдытацыя Беларусі (арт. 369-1 КК РБ).
Узнагарода Free Media Awards за 2024 год уручаныя журналістам і СМІ з Беларусі, Грузіі, Украіны, Азербайджана, Расіі і Венгрыі.
Пачытаць пра журналістку можна ў артыкуле “Пяць фактаў пра Ларысу Шчыракову.