Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север напісала ліст падтрымкі Ларысы Шчыраковай

by ZB

З просьбай пра гэта да Маі Север звярнуўся гомельскі праваабабаронца Леанід Судаленка.

«Дарагая Ларыса! Для мяне вялікі гонар адправіць гэтае паведамленне табе. Калі ласка, ты павінна ведаць, што мы з табой, і я дасылаю моцную падтрымку і любоў!» – сказана ў лісце Маі Север, які размясціў на сваёй старонцы Судаленка.

Фота: ФБ-акаўнт Леаніда Судаленкі

На канферэнцыі, якая была прысвечаная працы беларускіх медыяў, кіраўнічка еўрафедэрацыі журналістаў згадала пра прадстаўніц беларускай журналістыкі, якія знаходзяцца за кратамі: галоўнага рэдактара і менеджэра tut.by Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну, асуджаных да 12 гадоў пазбаўлення волі «за ўхіленне ад уплаты падаткаў, распальванне варожасці і заклікі да дзеянняў, накіраваных супраць нацыянальнай бяспекі»; журналістку «Белсата» Кацярыну Андрэеву, якая адбывае 8-гадовае зняволенне па абвінавачанні ў «дзяржаўнай здрадзе»; журналістку Ларысу Шчыракову, асуджаную да 3,5 гадоў за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «дыскрэдытацыю Беларусі».

Мая Север, кіраўніца Еўрапейскай федэрацыі журналістаў

Экс-журналістка Ларыса Шчыракова была асуджаная на 3,5 гады турэмнага зняволення. Цяпер яна знаходзіцца ў гомельскай калоніі і працуе там швачкай. Ларысу Шчыракову прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў: садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 ч. 1, арт. 361-4 ч. 2 КК РБ) і дыскрэдытацыя Беларусі (арт. 369-1 КК РБ).

Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, фонд Fritt Ord і Фонд Zeit Stiftung Bucerius абвесцілі, што ўзнагароды Free Media Awards за 2024 год будуць уручаныя журналістам і СМІ з Беларусі, Грузіі, Украіны, Азербайджана, Расіі і Венгрыі. Сярод лаўрэатаў – Шчыракова. “Яна атрымае прэмію Free Media Award за свае доблесныя і незалежныя дзеянні ў Беларусі”, – піша БАЖ.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png