«У тым, што робяць улады з пано «Гомель у часе», няма нічога агульнага з рэстаўрацыяй»

by ZB

Пано «Гомель у часе» рэстаўруюць, заявілі гарадскія ўлады пасля паведамленняў пра знішчэнне мастацкага аб’екту. Тое, што адбываецца, не мае нічога агульнага з рэстаўрацыяй, заявіў «Штодню» спецыяліст па рэстаўрацыі, які пажадаў застацца ананімным па прычыне таго, што працягвае працаваць у дзяржаўных структурах.

Фота: паблік “Гомель. Гісторыя і Архітэктура”

Што адбылося

Гомельцы занепакоеныя раптоўнымі работамі на маштабным пано “Гомель у часе” аўтарства вядомага мастака-манументаліста Уладзіміра Еўтухова, напісаў «Штодзень» 27 жніўня.

З фотаздымкаў, якія публікуюць гомельцы ў сацсетках, бачна, што фактычна знішчаная адна з частак вялікага пано з выявай рысі і заснавальнікаў горада. Ад пазнавальнай мастацкай работы ў рэдкай цяпер тэхніцы сграфіта засталіся толькі груды тынкоўкі. Гарадское кіраўніцтва не праінфармавала належным чынам пра планы на дадзены мастацкі аб’ект.


Адказ уладаў

Пасля гэтых паведамленняў у «Гомельскіх ведамасцях» з’явіўся адказ уладаў. Яны сцвярджаюць, што збіраюцца адрэстаўраваць гарадскую дошку гонара, і «аднаўленне пано» – частка канцэпцыі.

Па словах першага намесніка старшыні Гомельскага гарвыканкама Аляксандра Германава, з пано былі зняты трафарэты, «затым на іх зарабілі трэшчыны, нанеслі новую фактуру і аднаўляюць ранейшы выгляд». «Адным словам, “падлячылі” і аднаўляюць, каб яны сталі як новенькія», – аптымістычна завяршаюць супрацоўнікі дзяржСМІ.

Фота: “Гомельскія ведамасці”


Ці гэта рэстаўрацыя?

 

На пытанні «Штодня» пра тое, што адбываецца з пано, адказаў спецыяліст па рэстаўрацыі, які пажадаў застацца ананімным па прычыне таго, што працягвае працаваць у дзяржаўных структурах.


– Ці можна назваць тое, што адбываецца з пано, рэстаўрацыяй?

– Рэстаўрацыя – гэта працэс. Рэстаўрацыя не прадугледжвае поўнага знішчэння і стварэння занава. Ёсць Венецыянская хартыя 1964 (міжнародны дакумент, які замацоўвае прафесійныя стандарты ў галіне аховы і рэстаўрацыі матэрыяльнай спадчыны, «Штодзень»). Там напісана, што мэта рэстаўрацыі – кансервацыя, г.зн. захаванне таго, што ёсць, а не стварэнне таго, чаго няма.

Калі яны збілі гэта сграфіта, то пра якую рэстаўрацыю можа ісці размова? У чалавека была пашкоджаная рука, яе будуць рэстаўраваць, і ў выніку адрубаюць і замест яе прыладжваюць руку кібарга. Дзе тут рэстаўрацыя? Дзе тут захаванне, калі новую руку прырабляюць? Таму там няма нічога агульнага з рэстаўрацыяй, калі яны такі тэрмін ужываюць.

Гэта чарговы паказчык дэградацыі мастацкага аблічча нашага горада. Калісьці памятаю, што на медвучэльні былі барэльефы, на рагу вуліцаў Гагарына і Інтэрнацыянальнай на Доме быта былі мазаічнае пано «Швачкі», па ўсім горадзе было поўна вітражоў, на тым жа Доме быта. Нічога гэтага больш няма.

Мастацкае аблічча горада дэградуе. Самы цудоўны прыклад – сцяна на медвучэльні. Якая яна была, калі там былі барэльефы, і якая стала. Там проста трохкутнікі намаляваныя.


– А як павінна была б адбывацца рэстаўрацыя?

– Калі там былі трэшчыны, то спецыяльнымі растворамі гэтыя трэшчыны замазваюцца, заклейваюцца і падмалёўваюцца. Гэта значна танней, чым збіваць і занава маляваць. Але такое ж вялізнае пано/сграфіта было побач з Медуніверсітэтам, на тарцы пяціпавярховіка. Яго таксама няма, толькі яго няма гадоў 8-10. А гэта вось зараз знішчылі.

Пры тым, што гэта ўсё каштавала грошаў. Каб тыя трэшчыны адрэстаўраваць, трэба было ўмоўна тры літры спецыяльнага раствора ўліць. На ўсе гэтыя трэшчыны, не так іх шмат і было, калі яны былі. Гэта які павінны быць раствор, каб ён каштаваў даражэй, чым збіць і намаляваць.

Я ўжо не кажу, што 30 гадоў таму, колькі грошаў выдаткавалі, каб стварыць гэтае пано. Нават з пункту гледжання эканомікі – гэта ўсё проста як кепска зроблена.


Што за пано

Пано “Гомель у часе” было створанае ў 1990-х гадах мастаком Уладзімірам Еўтуховым у самым цэнтры горада, насупраць бібліятэкі імя Герцэна. Аўтар рэалізаваў сваю творчую задуму дзякуючы перамозе ў адмысловым конкурсе Дзяржаўнага фонду.

Уладзімір Еўтухоў нарадзіўся ў 1948 годзе ў пас. Вішэнскі Гомельскага раёна. Вучыўся ў Мінскай мастацкай вучэльні і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Адным з ягоных настаўнікаў быў вядомы мастак Гаўрыіл Вашчанка. У Гомелі ён выканаў шэраг манументальных работ (роспісы, вітражы, інтэр’еры). Ягоныя працы можна ўбачыць у будынку чыгуначнага вакзала, палаца моладзі “Гомсельмаш”, Палаца культуры шклозавода імя Ламаносава, абласной бальніцы, радыелагічнага цэнтра і іншых адміністрацыйных будынках.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png