Паэт, гуманіст і асветнік эпохі Адраджэння. Патрыёт Вялікага княства Літоўскага, знаўца характару і традыцый насельнікаў роднай зямлі. Ён распавёў Еўропе пра гісторыю і славу сваёй Радзімы, спеў велічны гімн роднаму краю, яго прыродзе і мужнаму народу. Мова Гомель сабрала некалькі фактаў з жыцця і творчасці Міколы Гусоўскага, які, паводле адной з версій, паходзіў з Гомельшчыны.
Хай хіжаком не раўня, ўсіх іх наш зубар люцейшы,
Але людзей не кране, як яго не зачэпяць…
Нарадзіўся на Гомельшчыне?
Мікола Гусоўскі, ён жа Nicolaus Hussovianus (гэта на латыні), ён жа Hussowski ці Usovius…
Насамрэч у біяграфіі выбітнага нараджэнца Беларусі – шмат “белых плям”. Няма дакладнай даты нараджэння і смерці, месца нараджэння і пахавання, і нават сапраўднага прозвішча мы не ведаем. Але дакладна звалі яго Мікалай, які быў ці то з Усава, ці то з Гусава, ці то яшчэ адкуль.
Нарадзіўся Мікола Гусоўскі недзе каля 1470 года ў сям’і вялікакняжацкага лоўчага, то бок паляўнічага. Але дзе жыла тая сям’я? Ёсць некалькі версій. Гэта могуць быць і ваколіцы ракі Нёман, і Белавежская пушча. Але паводле адной з версій, якой прытрымліваецца даследчыца Жана Некрашэвіч-Кароткая, гаворка можа ісці пра мясцовасць на рацэ Уза або мясцовасці Уза ці Гусявіца ў межах сучасных Гомельскага ці Буда-Кашалёўскага раёнаў. Дарэчы, у сваёй “Песні пра зубра”, напісанай на класічнай лацінскай мове, Гусоўскі згадвае раку Барысфен, а менавіта так Днепр называлі старажытныя грэкі.
Змалку вучыўся я ў бацькі майго – звералоўцы –
Сцішнай хадою прасочваць лясныя гушчары,
Зоркасцяй вока у логаве звера высочваць…
…Вось жа-ж у гэткіх прыгодах у нашай старонцы
Часта быў з іншымі роўны я ў справах лавецкіх:
Рэкі лясныя, Дняпра паўнаводнага стрыжань
Конна з буланым адольваў у гоне за зверам.
Што ж, прызнаюся: ахвотна ў баку б я застаўся,
Ды адставаць ад сяброў у нас ганьбай лічылі.
“Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго”
Мікола Гусоўскі быў надзвычай адукаваным прадстаўніком сваёй эпохі. Ён не пайшоў у сляды бацькі, не стаў паляўнічым, а набіраў веды ў еўрапейскіх універсітэтах. Пачатковую адукацыю прайшоў хутчэй за ўсё ў адной з каталіцкіх школ, а пазней вучыўся меркавана ў Вільні, Кракаве, Балонні. Аднак, як гэта часта і бывае, мае значэнне і пэўная доля шанцавання. Гусоўскаму акурат пашанцавала сустрэць на сваім шляху мецэната, плоцкага біскупа Эразма Цёлака (Вітэлія).
Яшчэ да 1518 года Цёлак на параду Мікалая Радзівіла надаў Гусоўскаму тытул натарыуса, а потым узяў яго з сабою ў складзе дыпламатычнай місіі да папы Льва Х Медзічы ў Рым. Праз чатыры гады на замову Папы Рымскага, які знаўся на паэзіі і мастацтве, Гусоўскі і напісаў знакамітую паэму “Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго”.
Услед атрымаў я загад без адмовы й адкладу
Выліць у верш мой спамін пра зубровыя ловы.
Бачыце, я – між паэтаў прыпадкам выбраны –
Песню складаю аб нашым звяры невядомым,
Дзівам з вякоў захаваным пад зоркай паўночнай…
Прысвяціў каралеве Боне Сфорцы
З увагі на тое, што Папа Леў X у хуткім часе раптоўна памёр, “Песня пра зубра” так і не выйшла ў свет. Спачатку Мікола Гусоўскі акурат і прысвяціў свой твор Папу Рымскаму, але, калі ў 1523 годзе ён усё ж выдаў паэму ў Кракаве, то прысвечана яна было ўжо каралеве Боне Сфорцы. Паэтычны зборнік пад назвай Carmen de statura feritate ac venatione bisontis з’явіўся на свет у друкарні Гераніма Віетара і складаўся з празаічнага прысвячэння, аднайменнай паэмы і 11 вершаў з рымскага перыяду. У прысвячэнні каралеве Боне Сфорцы, якая і фінансавала выданне, паэт просіць яе апекавацца таленавітымі людзьмі.
Дык пра што паэма “Песня пра зубра”?
У “Песні пра зубра” галоўны герой – князь Вялікага княства Літоўскага Вітаўт, які паехаў паляваць на зубра. У творы апісваецца Белавежская пушча, яе багатая прырода, сам зубр і паляванне на яго.
Паэма сімвалізуе магутнасць і сілу зубра, якія можна параўнаць з магутнасцю і сілаю самога князя Вітаўта ды яго слаўнымі перамогамі. Зубр у паэме – гэта і вобраз беларускага народа, мірнага і спакойнага да часу, пакуль на яго хто не нападзе; і вобраз радзімы, сімвал яе былой магутнасці. У паэме Гусоўскі разважае пра лёс Вялікага княства Літоўскага, а таксама заклікае да прымірэння і яднання еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця.
Край наш тым часам злы вораг палоніць і гоніць
Бедных людзёў безбаронных на здзек і пакуты.
О, запыні пал варожы няхай бы на ймгненне!
Час не стаіць і адцягванне горшае смерці!
А яшчэ ў паэме прасочваюцца матывы жывой традыцыі насельнікаў ВКЛ.
Пераклады і вяртанне з небыцця
На жаль, “Песню пра зубра” у далейшым чакала забыццё на некалькі стагоддзяў. На сёння вядомыя толькі адзінкавыя экзэмпляры першага выдання, якія захоўваюцца ў некалькіх еўрапейскіх гарадах.
Сам Мікола Гусоўскі памёр недзе каля 1533 года, ён доўга хварэў, жыў у беднасці і адзіноцтве. Дзе ён памёр і дзе быў пахаваны, невядома. Але яго вершаваны твор усё ж вярнуўся да нашчадкаў, на што асабліва паўплывала перавыданне паэмы ў Кракаве ў 1894 годзе. Менавіта кракаўскае перавыданне, якое змяшчала таксама ўступ, каментарыі ды іншыя творы Гусоўскага, вярнула паэму з забыцця.
У 1980 годзе з нагоды 500-годдзя Мікола Гусоўскі быў уключаны ЮНЕСКА ў каляндар міжнародных дат выдатных дзеячаў сусветнай культуры
Існуе некалькі перакладаў “Песні пра зубра” перакладалі Язэп Семяжон, Уладзімір Шатон і Наталля Арсеннева. Таксама паэма перакладалася на польскую, літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы.
Беларускі гурт сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса” ў сваім альбоме “Verbum” запісаў песню на словы з паэмы “Песня пра зубра”.
Выкарыстаныя матэрыялы: Барыс Палута “Наш Рэнесанс: Мікола Гусоўскі і “Песня пра зубра”, адкрытыя крыніцы. Вытрымкі з паэмы даюцца паводле выдання: Мікола Гусоўскі. Песьня пра зубра. Нью-Ёрк, БІНіМ, 1996. Менск, Мастацкая літаратура, 1980. (пераклад Наталля Арсеннева і Віктар Дарашкевіч)