5 фактаў пра журналістку і краязнаўцу Ларысу Шчыракову

by ZB

Ларысу Шчыракову арыштавалі 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў яе доме.

На жанчыну завялі крымінальную справу паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі) і змясцілі ў гомельскі СІЗА. Праваабаронцы прызналі Ларысу палітзняволенай. 16 студзеня гэтага года суд Навабеліцкага раёна Гомеля ў закрытым рэжыме разглядзеў скаргі журналісткі на затрыманне і змяшчэнне яе пад варту. Але суддзя Аляксандр Зінчук прадказальна не задаволіў гэтую скаргу.

Ілжывыя цынічныя абвінавачванні ў адрас Ларысы Шчыраковай служкі рэжыму сфармулявалі так: Са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках прадаставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь….ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыё -, відэа -, фота – і тэкставай інфармацыі, для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу Вясна і экстрэмісцкага фармавання “Белсат”.

Сама Ларыса яшчэ ў 2021 годзе, апавясціла што сыходзіць з журналістыкі. Зарэгістравалася індывідуальным прадпрымальнікам і стала здымаць за грошы ахвотных людзей у нацыянальных беларускіх строях. Дзеля гэтага выкарыстоўвала ўласную багатую калекцыю народных вышыванак, намітак, старадаўніх побытавых рэчаў з Гомельшчыны.

Напярэдадні арышту Ларыса як ІП здымала фотасесіі для людзей у нацыянальных строях

Тыдзень таму – 23 чэрвеня –  стала вядома, што пракуратура Гомельскай вобласці накіравала ў Гомельскі абласны суд крымінальную справу ў дачыненні палітзняволенай журналісткі, і што канчаткова Ларысе Шчыраковай прад’явілі абвінавачванні не паводле аднаго, а адразу паводле двух крымінальных артыкулаў:

  • арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое ажыццяўляецца паўторна).

Па складзе прад’яўленых абвінавачанняў Ларысе можа пагражаць да сямі гадоў зняволення. Вядома, што суд над жанчынай пройдзе ў Гомельскім абласным судзе меркавана напрыканцы ліпеня 2023 года.

“Штодзень” сабраў 5 фактаў пра Ларысу Шчыракову.

Факт 1: Ларыса прыйшла ў журналістыку з педагогікі і лічыла сваю новую прафесію важнай і ўплывовай.

Перш чым стаць журналісткай, Ларыса Шчыракова працавала настаўніцай у школе. Па прафесіі яна настаўніца гісторыі і ангельскай мовы. Як распавядала сама Ларыса, у нейкі момант я адчула, што трэба штосьці мяняць у жыцці, бо ў педагогіцы ёй не хапала самарэалізацыі.

“Яшчэ адной з прычын майго расчаравання ў педагогіцы – тое, што вынік працы бачны праз вялікі прамежак часу. А вось у журналістыцы самы кайф — гэта тое, што можаш, дзякуючы сваім матэрыялам, вельмі аператыўна бачыць вынікі. Гэта дадае натхнення і сіл”, – каментавала свой выбар у адным з інтэрв’ю сама Ларыса.

15 год таму яна ўзяла ў рукі відэакамеру, каб атрымаць новыя ўражанні і засвоіць прафесію аператара, а потым уцягнулася ў журналістыку так, што ўжо не ўяўляла без яе свайго жыцця. З тае пары Ларыса шмат займалася сацыяльнай журналістыкай і пісала пра праблемы людзей, з якімі ім даводзіцца сутыкацца і якія яны самі не могуць вырашыць, за што неаднаразова на яе пачыналі “паляванне” і шчыра помсцілі так званыя праваахоўнікі і прадстаўнікі ўлады.

Ларыса падчас аднаго са сваіх судоў

Факт 2: Ларыса Шчыракова – рэкардсменка па судах і штрафах і адна з самых прынцыповых журналістак Беларусі.

За працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі ў беларускім МЗС Шчыракову на падставе пратаколаў міліцыі суды каралі адміністрацыйнымі штрафамі больш за 40 разоў.

Праўда, апошнімі гадамі перад 2020-м улады сталі хітрэйшымі ў плане пераследу. Буйныя штрафы давалі фармальна не за супрацу з замежнымі СМІ, а за незаконны выраб інфармацыйнай прадукцыі. Нягледзячы на тое, што “прадукцыю СМІ” вырабляюць юрыдычныя асобы, улады “творчым чынам” пераносілі адказнасць на плечы фізічных асобаў. Пасля 2020-га на фармальнасці забылі, а незалежных журналістаў сталі кідаць за краты.

Факт 3: Адрадзіла“Талаку”, напісала сцэнар дакументальнага фільму пра міністра апекі БНР Палуту Бадунову

У свой час Ларыса Шчыракова была датычная да адраджэння легендарнай гомельскай “Талакі”. Гэта пад яе старшынствам адна з самых знакамітых культурніцкіх арганізацый на Беларусі пачала рэканструяваць старажытныя абрады, навучылася спяваць традыцыйныя спевы і стала месцам прыцягнення вельмі цікавых і творчых людзей з усёй краіны.

Яшчэ адзін этап у біяграфіі Ларысы Шчыраковай — праца над дакументальным фільмам пра міністра апекі БНР Палуту Бадунову. Ларыса не толькі працавала над сцэнаром разам з Валерыем Мазынскім, але і выканала галоўную ролю ў фільме, бо адчувала сваё вельмі вялікае падабенства з лёсам і характарам Палуты Бадуновай.

“Палута была эмансіпаванай жанчынай, станаўленне яе палітычнай кар’еры адбывалася ў вельмі неспрыяльных умовах”, — казала Ларыса Шчыракова ў адным з даўніх інтэрв’ю.

Факт 4: З мэтай адпомсціць і зрабіць яшчэ горш сына Ларысы Шчыраковай пасля яе затрымання забралі ў сацыяльны прытулак

16-гадовага сына журналісткі Святаслава наўмысна не аддавалі нікому са сваякоў затрыманай, пакуль за хлопцам не прыехаў бацька з іншай краіны. Пасля разводу бацька хлопца жыве асобна ў расійскім Навасібірску, адкуль ён родам. Праз два тыдні пасля затрымання Ларысы мужчына  прыехаў у Гомель і забраў Святаслава з прытулку пад сваю апеку. Тым часам Ларысу з ІЧУ перавялі ў СІЗА і супраць яе распачалі крымінальную справу.

Вядома, што 30 траўня Ларысе дазволілі кароткатэрміновае спатканне з роднымі, на якім пабываў і яе сын Святаслаў.

Як паведамляюць сваякі, Ларыса расплакалася, але неўзабаве справілася з эмоцыямі і нават жартавала. Праз закратаванае акно размаўлялі па тэлефоне каля дзвюх гадзін.

Факт 5: Пакуль Ларысу назаконна ўтрымлівалі (і працягваюць рабіць гэта зараз – Рэд.), за кратамі ёй споўнілася 50 год, а нядаўна памерла яе маці

13 красавіка  за кратамі Ларысе Шчыраковай споўнілася 50 гадоў.
А некалькі тыдняў таму здарылася трагедыя – з жыцця пайшла маці Ларысы. Жанчыне было 80 гадоў. Летась яна цяжка перанесла каранавірус, з’явіліся шматлікія ўскладненні. Апошнія месяцы яна не рухалася самастойна, была прыкаванай да ложка, яе даглядаў 88-гадовы муж, тата Ларысы.

Нягледзячы на ўсе вельмі цяжкія выпрабаванні, мы дакладна ведаем, што Ларыса працягвае трымацца вельмі годна і па-ранейшаму верыць, што праўда пераможа. На пераведзеныя ў СІЗА на асабісты рахунак грошы ёй удалося замовіць кнігі па псіхалогіі — мінулай восенню яна паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францішка Скарыны на завочнае аддзяленне, каб атрымаць прафесію псіхолага.

Нядаўна Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) і саюзы французскіх журналістаў SNJ, SNJ-CGT, CFDT-Journalistes зрабілі адмысловую заяву, у якой заклікаюць да безадкладнага вызвалення Ларысы Шчыраковай. І мы ўсе гэтага вельмі чакаем.

А пакуль кожны з нас можа падтрымаць Ларысу і даслаць ёй ліст. Нашая падтрымка для яе зараз вельмі патрэбная. Адрас такі: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А. Ларысе Фёдараўне Шчыраковай.

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png