5 фактаў пра журналіста і краязнаўцу Яўгена Меркіса, якога ўлады кінулі за краты на 4 гады

by ZB

У Гомелі абвясцілі прысуд журналісту Яўгену Меркісу: 4 гады пазбаўлення волі. Фінальнае судовае пасяджэнне, на якім суддзя Аляксей Хлышчанкоў агучыў вырак, прайшло ў часткова адкрытым фармаце (суддзя абмежаваўся зачытваннем прысуду). Паводле інфармацыі “Штодня”, журналіст захоўвае бадзёры настрой і перакананы ў сваёй рацыі.

Яўген Меркіс

Яўгена асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама па ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

Нагадаем, гомельскі краязнаўца і журналіст быў затрыманы 13 верасня 2022. У Яўгена, яго сяброў і пажылога бацькі правялі ператрусы і канфіскавалі тэхніку.

Нядаўна стала вядома, што ён правёў чацвёра сутак у карцары СІЗА-3. Жорсткімі ўмовамі ўтрымання Яўгена пакаралі за тое, што ён «не пагаліўся». За кратамі журналіст знаходзіцца ужо больш за 200 дзен. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Мы нагадаем вам, якія людзі ў цяперашняй Беларусі лічацца злачынцамі.

Факт 1. Яўген Меркіс – менеджар культурніцкіх праектаў, стваральнік сайта «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны», экс-старшыня ГМКГА «Талака», рэгіянальны каардынатар «Будзьмы» ў мінулым

Меркіс заўседы актыўна займаўся папулярызацыяй гісторыі, мовы і культуры роднага краю, этнаграфічнымі вандроўкамі і шмат чым іншым. Да прыкладу, на сайце «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны» размяшчаецца шмат унікальнай інфармацыі па краязнаўстве. На гэтым сайце можна было даведацца і пра кніжную культуру Веткі, і грамадзянскую вайну 1648-1651 гадоў на Гомельшчыне, і пра назвы посуду, і пра дыялекы Лоеўшчыны, і шмат іншай цікавай інфармацыі.

Факт 2. Яўген Меркіс – самы пазнавальны журналіст-вядоўца стрымаў у Гомелі

Як расказваюць калегі і сябры журналіста, Яўген прыйшоў у журналiстыку з грамадскага сектару і, будучы высокаадукаваным інтэлігентным чалавекам з шырокім кругаглядам і глыбокім разуменнем бягучай сітуацыі, прынёс у рэгіянальную журналістыку самае лепшае.

«Ягоныя стрымы глядзелі сотні тысяч чалавек, яго пазнавалі на вуліцах, гледачы пісалі, што хочуць толькі яго бачыць на стрымах як вядоўцу», — распавядаюць яго калегі.

Але Яўген вёў стрымы ня толькі ў Гомелі, але і ў іншых гарадах, за што міліцыя на яго часцяком “палявала”.

Факт 3. Яўген Меркіс – урбаніст, гісторык і патрыёт

У дзяцінстве будучы журналіст марыў быць кіроўцам тралейбуса, палеантолагам, археолагам і нават прэзідэнтам. Аднак пошукі сябе ўсе роўна прывялі да гісторыі і Беларушчыны.

У 1990-я гады маці Яўгена зьехала з ім у Нямеччыну. Там яны пражылі чатыры гады. А калі хлопчыку споўнілася 12 гадоў і маці запыталася ў яго, ці хоча ён далей жыць ў Нямеччыне,той адказаў, што хоча жыць у Беларусі. Вярнуўшыся на радзіму, Яўген скончыў гістфак БДУ.

Факт 4. Яўген Меркіс – вядоўца «Мова нанова» у Гомелі

Ён быў адным з пачынальнікаў папулярных курсаў у Гомелi. Яўген – вельмі харызматычны, жывы і вяселы чалавек. Наведвальнікі курса вельмі любілі яго слухаць і з ахвотай вучылі родную мову.

Факт 5. Яўген Меркіс – паліглот

У студэнцкія гады Яўген спрабаваў вучыць літоўскую мову, але не склалася. Выдатна ведае нямецкую і добра ангельскую мовы. Лінгвістычныя здольнасці журналісту перадаліся ад маці-перакладчыцы. Вірус беларушчыны падхапіў на школьных алімпіядах па гісторыі. З тае пары заўседы размаўляе па-беларуску. Сам паведамляў, што менавіта ў той перыяд пачаў сьніць сны па-беларуску.

Па думках Меркіса, для папулярызацыі мовы трэба ствараць станоўчы вобраз беларускамоўнага чалавека, таму заклікаў быць на пазытыве, усміхацца, не чапляцца да людзей і не патрабаваць ад іх нечага нерэальнага.

А вось як сам сябе Меркіс характарызаваў да затрымання: «Праваслаўны, прыхільнік заходніх каштоўнасцяў і патрыярхальнасці ў сям’і, люблю панк, рок і рэтра 1950-70-х, творчасць «трушных паэтаў» — Анатоля Сыса і Васіля Стуса. Люблю Гомель. У людзях цаню сапраўднасць. Але ідэя – галоўнае і першаснае. Дэпрэсіўны аптыміст. Выклікаюць захапленне персоны кшталту кіраўніка «Тэсла Мотарс» Ілана Маска, якія сягаюць сваімі ідэямі і дзейнасцю ў далячынь, змяняюць свет.

Што тычыцца асабістага жыцця Яўгена Меркіса, то вядома, што ён удавец – Жонка журналіста Наталля Маркевіч была выдатным гісторыкам і краязнаўцай. Яна доўга і пакутліва змагалася з анкалёгіяй, але не вытрывала – пайшла з жыцця ў 2012 годзе. Яшчэ праз 5 гадоў, калі ў Беларусі бушавалі пратэсты «недармаедаў» і Яўген вёў стрымы з розных гарадоў, ад хваробы сэрца памерла яго маці. Засталіся толькі тата-кардыёляг і брат з цяжкім захворваннем.

Пакуль Яўген знаходзіцца ў СІЗа, яго можна падтрымаць грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі.

Адрас такі: СІЗА-3, 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Яўгену Аляксандравічу Меркісу.

Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png