25 адценняў чырвані будзе разглядаць ЮНЕСКА

by ZB

27-02-2023 Фота: Іван Ярывановіч. Гомельская вобласць, Веткаўскі раён, вёска Неглюбка

 

Беларускі спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА можа папоўніцца яшчэ адным, сёмым аб’ектам. Традыцыя паходзіць з Гомельшчыны і добра знаёмая жыхарам нашага рэгіёна. Гаворка пра тэкстыльную традыцыю, што паходзіць з вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна.

Неглюбскае ткацтва вылучаецца разнастайнасцю тэхнік, складанай паліхроміяй і багатым арнаментам. Слынныя неглюбскія ручнікі выкананы ў бела-чырвонай гаме (да 25 адценняў у адным вырабе), з сіметрычнымі геаметрычнымі і расліннымі матывамі. Акрамя ручнікоў у гэтай стылістыцы ствараюцца посцілкі, фіранкі, а таксама адзенне — архаічны Неглюбскі строй з багатай вышыўкай.

Заяўка ўжо пададзена, канчатковае рашэнне будзе напрыканцы года. Калі яно будзе станоўчым, негюбскае ткацтва стане першай традыцыяй выключна нашага рэгіёна, што займее такі прэстыжны статус.

На дадзены момант у спісе беларускай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўжо знаходзяцца абрад “Калядныя цары”, вясновы абрад “Юр’еўскі карагод”, Будслаўскі фэст, культура бортніцтва (разам Беларусі і Польшчы), саломапляценне і выцінанка.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png