З вамі гаворыць тэлевізар, альбо чаму не трэба слухаць імперскую прапаганду

by ZB

Прапаганда імперскіх амбіцый вядома  яшчэ з часоў старажытных цывілізацый. Персы, якія нястомна захоплівалі  новыя землі і часам сілком перасялялі народы, не заўжды карысталіся  зброяй. Яны шчодра плацілі  аратарам, каб тыя на сваіх выступах расхвальвалі квітнеючую Персію, яе законы і парадкі. Глядзіш – і некаторыя землеўладальнікі самі жадалі далучыцца да вялікага Персідскага міру. Гісторыя сведчыць, што нават грэкі ў  VІ  ст. да нашай эры з гонарам насілі персідскае адзенне і ўпрыгожванні, замаўлялі персідскі посуд і стравы (не здзіўлюся, калі і мову вывучалі).

Персідскі цар Камбіз так моцна жадаў захапіць Егіпет, што прыдумаў  і распаўсюдзіў легенду, быццам ён унук фараона і нашчадак Бога Ра. І ўвогуле, Егіпецкія землі не аддзельныя ад Персідскіх. У захопленых краінах цар прызначаў сатрапаў і размяшчаў вялікія войскі, надзяліўшы іх зямельнымі ўчасткамі. Каб у выпадку чаго хутка душыць паўстанні.

Спартанцы пад кіраўніцтвам цара Леаніда не надта паддаваліся персідскай прапагандзе.

 

Такім чынам, прапаганда як з’ява існавала задоўга да ўзнікнення самога тэрміна. Яе масавае выкарыстанне адносіцца да Першай сусветнай вайны.  У той час для павышэння лаяльнасці і маральнага духу грамадзян рознымі краінамі актыўна прымяняліся такія сродкі як малюнкі, улёткі, вершы, фатаздымкі, радыёперадачы.

Да 1914 года слова “прапаганда” ўваходзіла толькі ў слоўнікі па літаратуры і валодала годным, узнёслым значэннем. Праз два гады гэтае слова  стала кепскім. У рэшце рэшт, ім сталі называць адкрытую хлусню.

 

Harry Ryle Hopps (American, 1869–1937)

 

У другой палове XX ст. мільёны людзей лёгка  верылі прапагандзе таталітарных рэжымаў.  Кіраўніцтва СССР шырока выкарыстоўвала яе і падчас Халоднай вайны, і падчас вайны ў В’етнаме. Падчас югаслаўскіх войн 1990-х гадоў прапаганда выкарыстоўвалася для стварэння страху і нянавісці, для настройвання сербскага насельніцтва супраць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў (баснійцаў, харватаў, албанцаў і іншых нясербаў).

Цяпер, у наш час, мы бачым не ўлёткі, а прапагандысцкія фільмы, ток-шоу, каментары і надакучлівыя навіны. У іх замоўчваюцца некаторыя факты, іншыя вырываюцца з кантэксту, распаўсюджваюцца  пэўныя погляды і чуткі, скажоная інфармацыя і заведама ілжывыя звесткі з мэтай фарміравання патрэбнай грамадскай калектыўнай думкі і маніпулявання свядомасцю.

Адзін з найбольш адыёзных расейскіх прапагандыстаў сучаснасці Дзмітрый Кісялёў у вобразе катрыншчыка.

 

Прапаганда  навязвае людзям тыя ці іншыя перакананні па прынцыпе «мэта апраўдвае сродкі». Распальваецца сацыяльная варожасць,  адбываецца эскалацыя канфліктаў, абвастрэнне супярэчнасцяў у грамадстве, абуджэнне нізінных інстынктаў і інш. Гэта дазваляе раз’яднаць людзей, зрабіць іх паслухмянымі. А тэхналогія стварэння “вобраза ворага” дазваляе згуртаваць натоўп і навязаць яму пэўныя перакананні і стэрэатыпы, стварыўшы ілюзорную, паралельную рэальнасць з перавернутай сістэмай каштоўнасцяў.

Асаблівасць расейскай прапаганды – заліваць вострыя пытанні патокамі хлусні. Яна аператыўная, бесперапынная, нелагічная і выкарыстоўвае прынцып шматразовага паўтарэння, з дапамогай якога інфармацыя ўкараняецца ў глыбіні падсвядомасці. Зрэшты, даследаванні ў галіне псіхалогіі пацвярджаюць паспяховасць такой мадэлі.

Расейская прапаганда не перастае распавядаць, як сілы РФ паспяхова “знішчаюць”, “ліквідуюць” або бяруць у палон ворагаў – украінскіх “нацыяналістаў”, “неанацыстаў” і “бандэраўцаў”. У рэчаіснасці гаворка ідзе аб любых украінскіх вайскоўцах. У ходзе баявых дзеянняў загінулі тысячы мірных грамадзян, але пра гэта не згадваецца. Як і пра тое, што на баку РФ ваююць расейцы-неанацысты.

 

 

Вельмі цяжка давесці некаторым сваякам, што самая страшная зброя ўсіх часоў і народаў – тэлевізар. Сам ён не забівае, але выгадоўвае забойцаў і тых, хто ўхваляе забойствы. У выпадку безальтэрнатыўнай інфармацыі гэта зброя працуе выдатна. Хто валодае інфармацыйным полем – той валодае светам, бо сам стварае яго. Свядомасць тых, хто сядзіць перад тэлевізарам, створана ілжывымі СМІ.

 

Фота: ZN.UA

 

Пра разнастайныя варыянты выкарыстання прапаганды пісаў у сваіх творах “Скотны двор” і “1984” Джордж Оруэл. Ці не таму ён цяпер забаронены, як і іншыя годныя пісьменнікі?

Дарэчы, пра кнігі. Самая лепшая абарона ад тэлевізара і прапаганды – гэта асвета і начытанасць, гэта культура,  крытычнае мысленне і інтэлект. У такіх колах прагляд тэлевізара даўно стаў прыкметай благога тону. Сёння мала каго можна здзівіць словамі «Я не гляджу тэлевізар, у мяне яго няма».

Прапаганда, тэрор  і хлусня не дапамаглі ні Персідскай, ні Рымскай, ні Асманскай, ні Мангольскай, ні Юаньскай, ні Брытанскай імперыям.  Усе яны заканчваюць аднолькава – развальваюцца.

Штодзень 
Аўтар: Мар’яна Ліс

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png