Раней гаворка ішла пра кансервацыю. Цяпер уладальнікі палаца стварылі поўны праект рэканструкцыі, які падалі ў Мінкульт для ўзгаднення. “Я і мае сябры застаёмся ў Беларусі і, як можам, па цаглінцы, робім усё, каб і Беларусь засталася – у нашых дзяцей.”, — напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку адзін з уладальнікаў палаца Горватаў у Нароўлі Пятро Кузняцоў.
Даведка. У 2020 годзе Пятро Кузняцоў разам з Аляксандрам Баранавым і пісьменнікам Андрусём Горватам (аўтарам кніг “Радзіва “Прудок” і “Прэм’ера”) набылі закінуты палац Горватаў у Нароўлі. Цяпер яны аднаўляюць будынак.
На дадзены момант будынак цалкам расчышчаны, што, як адзначае Пятро Кузняцоў, было самай вялікай і цяжкай працай. “Расчыстка паказала, у якім стане знаходзяцца сцены і менавіта гэта стала прычынай таго, што даху яшчэ няма: час і шмат рэсурсаў пайшло на ўмацаванне старых і разбураных вузлоў будынка, без чаго дах накрыць проста немагчыма. Гэтыя працы не планаваліся першапачаткова, але іх давялося рабіць.” – Адзначае Пятро Кузняцоў.
Таксама ўладальнікі палаца набылі поўны аб’ём неабходных матэрыялаў для страхарскіх работ, зрабілі шмат экспертыз і ўзгадненняў, умацавалі ўсе ўразлівыя месцы ў сценах, накрылі амаль увесь Палац перакрыццямі. Усе працы, заўважае Пятро Кузняцоў робяцца выключна паводле тэхналогіі, з выкарыстаннем раствору з вапны. Такім чынам, рэзюмуе Пятро Кузняцоў, “у нас на руках два праекты і куча экспертыз; цалкам расчышчаны Палац, які проста свеціцца ўжо ў прамянях сонца; умацаваныя і падрыхтаваныя пад дах сцены; практычна поўныя паддашкавыя перакрыцці; неабходны набор матэрыялаў для накрыцця Палаца дахам”.
Для далейшага аднаўлення Палаца неабходная дапамога. “Можа, не найлепшы час: вакол вайна, боль і гора. Але найлепшага часу не будзе: разбурэнні не чакаюць. Тое, што мы сёння робім і тое, што мы можам зрабіць з вашай дапамогай – гэта не толькі нашае мінулае. Гэта, у тым ліку, і нашая будучыня таксама”. – Піша ў сваім пасце ў фэйсбуку Пятро Кузняцоў і просіць аб дапамозе: “Год таму я пісаў пра тое, калі хтосьці з маіх чытачоў цэніць маю працу, маю пазіцыю і мае высілкі – можа зрабіць мне падарунак на Дзень нараджэння, проста зрабіўшы любога памеру перавод на аднаўленне Палаца. Сёлета я паўтараю просьбу. Жыць у Беларусі рабіць штосьці для Беларусі – найлепшы падарунак”.
Перавод паводле адноўленых рэквізітах можна зрабіць тут (суму можна паставіць любую, пазначаная сума – для прыкладу): https://client.express-pay.by/show?k=de74d8ba-461f-456a-b9e6-5373bfb4b58a&fbclid=IwAR1UqXPy0rG_xYVdfhKsHhw7HgPjRBgzv6MMSjceGckn0vWIwbtY-6If5xA
Штодзень
Фота: з фэйсбука Пятра Кузняцова, фота з дрона: @not.belavia
Падпісвайцеся на нашыя каналы: https://t.me/shtodzien https://www.facebook.com/sztodzien