Навіны горада

Гомельскі перыяд Алеся Бяляцкага, кактэйль “па-бяляцкаму” і беларуская мова 

Біяграфія Нобелеўскага лаўрэата міру Алеся Бяляцкага звязаная з Гомельшчынай. Тут ён пайшоў у школу, тут скончыў універсітэт і тут жа разгарнуў падпольную грамадскую дзейнасць яшчэ ў 1980-х. “Штодзень” адшукаў архіўнае інтэрв’ю з грамадскім дзеячам Алесем Яўсеянкам пра гомельскі перыяд Бяляцкага.

 

Гомельская “Талака”. Алесь Бяляцкі “ставіць рожкі” Анатолю Казлову. Фота: vytoki.net

 

Юлія Сівец:- Алесь, узгадайце той момант, калі Вы ўпершыню ўбачылі Алеся Бяляцкага. Можа быць, гэта было падчас акцыі?

Алесь Яўсеенка, гомельскі грамадскі дзеяч:
– Не, гэта было не падчас акцыі. Мы з ім сустрэліся, калі ён з войска прыйшоў. Мы тады яшчэ толькі пачалі ствараць “Талаку”. Гэта быў дзесьці 1985 год. Неяк наш гомельскі гісторык Алег Макушнікаў ладзіў раскопкі. Там прысутнічалі гісторыкі. І чалавек пяць талакоўцаў. Мы паміж сабой па-беларуску размаўлялі. Тут чуем, што нам нейкія дзяўчаты адказваюць таксама па-беларуску. Мы яшчэ здзівіліся, бо калі б гэта былі філолагі з нейкага беларускага аддзялення, то ўсё зразумела. Але тут гісторыкі. Зацікавіліся, пазнаёміліся мы з тымі дзяўчатамі. І так апынулася, што адна з іх была будучай жонкай Алеся Бяляцкага – Наталля Пінчук. Мы засябравалі з тымі дзяўчатамі гісторыкамі. Збіраліся разам у межах “Талакі”. Неяк Наталля распавяла, што чакае з войска хлопца Алеся. А я на той момант сам з войска вярнуўся. Гэта ж святая справа, калі дзяўчына чакае хлопца з войска! Значыцца мы яе “чапаць” не будзем, хоць яна была вельмі прыгожай. Наталля і зараз вельмі прыгожая…

А неяк заходзім да дзяўчат у інтэрнат на сход “Талакі”, бачым – сядзіць нейкі хлопец, хударлявы, па-беларуску размаўляе. Наталля прадставіла, што гэта Алесь, з войска вярнуўся.

 

– Якое было першае ўражанне ад Алеся Бяляцкага?

– Ну, клас. Мужыкоў болей у “Талацэ” стала. Бо ў арганізацыі было толькі 4-5 хлопцаў, а астатнія – дзяўчаты. Тым болей, Алесь так добра па-беларуску размаўляе, прама ад зубоў адскоквае. Я пачуў, якія ён словы ўжывае – як песня гучала. Узрадаваўся, што будзе зараз старшынём “Талакі”.

 

Дык ці стаў Алесь Бяляцкі старшынём “Талакі”?

– Я вельмі хацеў, канешне. Старшыня мусіць беларускую гісторыю ведаць, літаратуру. Быць харызматычным. А Алесь такім і быў. Я так хацеў, каб ён стаў старшынём. Але ён паступіў у аспірантуру ў Акадэмію Навук і з’ехаў у Мінск на навучанне.

Алесь Бяляцкі: “16 жніўня. У жніўні 1981 года, быўшы у будатрадзе на Пскоўшчыне, езьдзіў я ў Ленінградскую вобласьць адведваць сябрука, якога забрылі ў войска. Ітак: 37 гадоў таму, нам па 19. Алесь Бяляцкі і Сяржук Сыс…”

 

– Колькі па часе Алесь Бяляцкі знаходзіўся пасля войску ў Гомелі? І як вы лічыце, які ягоны ўнёсак у грамадскае жыццё Гомеля?

– Унёсак – вялікі. Мы разам распаўсюджвалі ўлёткі. Рабілі саматужныя газеты. Дзякуючы яму талакоўцы сталі лепей валодаць беларускай мовай. Акрамя таго, Алесь быў цікавым суразмоўцам. Ён распавядаў пра літаратуру, чым падвышаў наш узровень. Ён жа быў даследчыкам, яшчэ калі быў студэнтам. Працаваў у архівах шмат. Таму ён распавядаў талакоўцаў шмат цікавага таго, што на той момант немагчыма было даведацца.

Калі мы дзесьці былі ў чымсьці неперакананыя. Напрыклад, ішлі размаўляць да людзей. І я адчуваў, што бракуе аргументацыйнай базы, каб пераканаць людзей наконт беларускамоўных школаў, наконт захавання гісторыка-культурнай спадчыны. То з Алесем было намнога лягчэй. Бо адчувалася, што ідзе за табой ці побач стаіць такі магутны пласт ведаў, што аргументавана раскладаў адразу любых апанентаў, што казалі штосьці супраць беларушчыны.

 

– Што можаце ўзгадаць найбольш запамінальнага са звычайнага жыцця?

– Алесь навучыў мяне рабіць кактэйль. Безалкагольны (смяецца). Мы з дасяжных на той момант прадуктаў рабілі кактэйль “па-бяляцкаму”. Рацэпт просты. Купляеш салодкі тваражок (цяпер такія ўжо не прадаюцца), купляеш пляшку ліманада, купляеш сіроп, лыжачкай перамешваеш. Такая кактэйль малочны атрымліваецца. Смаката…

 

 

Штодзень

Матэрыял узяты з архіву “РР”, аўтарка Юлія Сівец