Язэп Драздовіч жыў пераважна на заробак ад малявання дываноў для сялян, вёў беспрытульнае жыццё вандроўнага мастака. Пры савецкай уладзе яго творчасць ігнаравалі, бо яна не супадала з камуністычнымі поглядамі на мастацтва. Да таго ж, ён цікавіўся Сусветам, верыў у жыццё на іншых планетах і захапляўся космасам, што ў вачах шматлікіх здавалася па меншай меры “дзівацтвам”.
Мастак быў упэўнены, што яго сны – вешчыя, у іх ён блукае па Марсе і бачыць кольцы Сатурна. Пры гэтым Драздовіч не дажыў да таго часу, як чалавек упершыню паляцеў у космас. Вандруючы па Беларусі, Язэп Драздовіч збіраў і запісваў фальклор, складаў дыялектычныя слоўнікі, займаўся археалогіяй, стварыў вялікую колькасць маляваных дываноў.
Што праўда, менавіта дзякуючы таму, што яго працы былі раскіданыя па розных гарадах і вёсках, многія з іх захаваліся, былі адшуканыя і перададзеныя ў музеі.
Доўгі час пра Язэпа Драздовіча не ўзгадвалі, але ў 1984 годзе выйшла кніга Арсеня Ліса “Вечны вандроўнік”, якая нанова адкрыла для нас гэтага выбітнага творцу. Цяпер у яго гонар названыя вуліцы ў некалькіх беларускіх гарадах, а магіла Язэпа Драздовіча ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.