135 гадоў з дня нараджэння Язэпа Драздовіча

by ZB
Вечны вандроўнік, выбітны творца і даследчык. Яго працы не пакідаюць абыякавымі, але яго жыццё было цяжкім і бедным. Сёння спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння Язэпа Драздовіча (13 кастрычніка 1888 г. — 15 жніўня 1954 г.) – таленавітага мастака, скульптара, пісьменніка, аматара-астранома, фалькларыста і хіраманта, ураджэнца глыбоцкай зямлі, які абышоў шматлікія беларускія гарады, мястэчкі і вёскі.


Язэп Драздовіч жыў пераважна на заробак ад малявання дываноў для сялян, вёў беспрытульнае жыццё вандроўнага мастака. Пры савецкай уладзе яго творчасць ігнаравалі, бо яна не супадала з камуністычнымі поглядамі на мастацтва. Да таго ж, ён цікавіўся Сусветам, верыў у жыццё на іншых планетах і захапляўся космасам, што ў вачах шматлікіх здавалася па меншай меры “дзівацтвам”.

Мастак быў упэўнены, што яго сны – вешчыя, у іх ён блукае па Марсе і бачыць кольцы Сатурна. Пры гэтым Драздовіч не дажыў да таго часу, як чалавек упершыню паляцеў у космас. Вандруючы па Беларусі, Язэп Драздовіч збіраў і запісваў фальклор, складаў дыялектычныя слоўнікі, займаўся археалогіяй, стварыў вялікую колькасць маляваных дываноў.

Што праўда, менавіта дзякуючы таму, што яго працы былі раскіданыя па розных гарадах і вёсках, многія з іх захаваліся, былі адшуканыя і перададзеныя ў музеі.

Доўгі час пра Язэпа Драздовіча не ўзгадвалі, але ў 1984 годзе выйшла кніга Арсеня Ліса “Вечны вандроўнік”, якая нанова адкрыла для нас гэтага выбітнага творцу. Цяпер у яго гонар названыя вуліцы ў некалькіх беларускіх гарадах, а магіла Язэпа Драздовіча ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Фота: drazdovich.by і вікіпедыя.

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png