Працягваецца эксперымент з гадаваннем багамолаў

У пасёлку Яроміна Гомельскага раёна працягваецца цікавы мініпраект, які аб’яднаў школьнікаў і педагога Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Разам яны займаюцца развядзеннем даволі загадкавых насякомых – багамолаў.

 

 

Гэта не такая простая задача, як можа падацца. Трэба не толькі ствараць прыязныя кліматычныя ўмовы і здабываць харчаванне, але і ўлічваць розныя фактары. Так, пару год таму эксперымент ледзьве не перарваўся, бо амаль усе багамолы загінулі, пакуль іх пераносілі з дома ў школу.

Пакуль праект мае выключна навукова-экспрыментальны характар на ўзроўні школьных практыкаванняў па біялогіі. Але на яго варта было б звярнуць увагу сур’ёзным спецыялістам па сельскай гаспадарцы і ахове прыроды. Маленькія драпежнікі са знешнасцю з фантастычнага фільма не толькі вучаць дзяцей адказнасці і павазе да навакольнага асяроддзя.

Багамол – гэта натуральны знішчальнік шкоднікаў. Ён харчуецца тлёй, вусенню, мухамі і нават дробнымі жукамі, якія шкодзяць сельскагаспадарчым культурам. У адрозненне ад хімічных сродкаў, багамол не забруджвае глебу і не наносіць шкоды пчолам ці іншым карысным казуркам. Таму яго развядзенне і рассяленне ў сельскай мясцовасці магло б стаць часткай экалагічна бяспечнай абароны раслін.

На жаль, у прыродных умовах багамол у Беларусі сустракаецца ўсё радзей. Гэта звязана з асушэннем балот, зменамі клімату і шырокім выкарыстаннем пестыцыдаў. Штучнае развядзенне гэтых казурак магло б дапамагчы аднавіць іх папуляцыю і збалансаваць экасістэму.

 

Фота: sozhnews.by. Артур Малікаў, юны спецыяліст па багамолах

 

Дарэчы, з багамолам звязана і шмат народных павер’яў. Лічыцца, што калі ён пасяляецца ў доме, то прыносіць поспех, мір, дабрабыт і здароўе. А калі багамол заляціць у хату і сядзе на акно – гэта добрая прыкмета і знак шчаслівых перамен.

Было б добра, каб хобі, што пачалося з цікавасці дзіцяці, перарасло ў сапраўдную экалагічную і сельскагаспадарчую ініцыятыву.

Штодзень

Related posts

Бязбожнік нікому не патрэбны – гэтая і іншыя вёскі ў Чачэрскім раёне могуць назаўсёды знікнуць з мапы

Выяўлена небяспечнае расійскае марожанае, якое можа зашкодзіць здароўю спажыўцоў

Акцыя з сімволікай агрэсіі прайшла на Гомельшчыне — частка дзяржаўных СМІ “сарамліва” прыхавалі сімвал “Z”