20 ліпеня спаўняецца 100 год са дня народзінаў вядомага беларускага мовазнаўцы, доктара навук, ветэрана ІІ Сусветнай вайны, аднаго са стваральнікаў ГДУ імя Францыска Скарыны Уладзіміра Анічэнкі.
Як адзначаецца ў кнізе А.І. Зелянковай “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны (1930-2015)”, “на пасяджэнні навуковай рады 30 жніўня 1988 года абмяркоўвалася пытанне пра мерапрыемствы па падрыхтоўцы і святкаванні 500-годдзя з дня нараджэння Ф. Скарыны. У. В. Анічэнка выказаў меркаванне, што імя Ф. Скарыны мусіць быць дадзенае Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, паколькі ВНУ з’яўляецца навуковым цэнтрам вывучэння спадчыны Ф. Скарыны, у ім прадугледжана адкрыццё медыцынскага факультэта, а Ф. Скарына меў ступень доктара медыцыны.”
Біяграфічная даведка. Уладзімір Васільевіч Анічэнка – доктар філалагічных навук, прафесар. Скончыў філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Спачатку працаваў навуковым супрацоўнікам у сектары гісторыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук БССР. А з 1970 г. — загадчыкам кафедры спачатку рускай і беларускай моў, а затым – беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Уладзімір Анічэнка з’яўляецца складальнікам грунтоўнай працы — трохтомнага “Слоўніка мовы Скарыны”. У гады ІІ Сусветнай вайны ён быў партызанам на польска-чэшскім памежжы, за што атрымаў шэраг узнагародаў, у тым ліку ордэна Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медаль “Чэхаславацкі партызан”.
Як распавядаў у адным з інтэрв’ю кандыдат філалагічных навук Дзмітрый Паўлавец, “на той час У. В. Анічэнка атрымаў Дзяржаўную прэмію за Скарыніяну лінгвістычную. Ён з Барысам Бокуцем (рэктар ГДУ) пайшлі да Камая (з 1985 па 1989 Аляксей Камай займаў пасаду першага сакратара Гомельскага абкама КПБ – заўв.рэд.) і давялі яму, што імя Скарыны будзе садзейнічаць пераўтварэнню ўніверсітэта ў сапраўдны навукова-даследчы цэнтр Беларускага Палесся. Усе гэтыя аргументы ў рэшце рэшт пераважалі астатніх прэтэндэнтаў. 29. 10.1988 Савет міністраў БССР выдаў пастанову. У пастанове той гаварылася, што за значны ўклад у вывучэнне спадчыны выдатнага гуманіста эпохі Адраджэння, усходнеславянскага і беларускага першадрукара Францыска Скарыны Гомельскаму дзяржуніверсітэту надавалася імя Францыска Скарыны”.
Дарэчы, нягледзячы на ўсе вялікія заслугі Уладзіміра Анічэнкі перад Гомелем і ўніверсітэтам, чамусьці дагэтуль не знайшлося ніводнай вуліцы ў абласным цэнтры, каб назваць яе ў гонар навукоўца. Здаецца, 100-годдзе з моманту нараджэння выбітнога даследчыка – добрая нагода выправіць гістарычную несправядлівасць і ўшанаваць нашага земляка належным чынам.