Будынак былой інфекцыйнай бальніцы па вуліцы Цыялкоўскага ў Гомелі нарэшце прадалі. Праўда, не з першага разу.
Як паведамляе камітэт “Гомельаблмаёмасць”, першы пакупнік, які з’явіўся ў маі, адмовіўся ад заключэння дамовы і перастаў выходзіць на сувязь. Вынікі гандлю за травень былі ануляваныя. Раней будынак таксама выстаўлялі на продаж. Аднак ахвотных не знаходзілася. Бо будынак даўно не эксплуатуецца. А паводле ўмовы пакупкі, работы па правядзенні рэканструкцыі, мадэрнізацыі альбо капітальнага рамонту трэба скончыць не пазней за два гады з моманту заключэння дамовы набыцця-продажу. Цяпер у будынка новы пакупнік.
Закінуты будынак бальніцы па вуліцы Цыялкоўскага калісьці належаў абласному анкадыспансеру. Будынак быў пабудаваны пасля ІІ Сусветнай вайны. У розныя часы там знаходзілася бальніца і нават морг.
Змрочны выгляд будынка і ягоная гісторыя спарадзілі розныя чуткі пра анамаліі і прывідаў у будынку.
Некалькі год таму пошукавая каманда “Neyro” нават шукала ў закінутай пабудове розныя анамальныя з’явы і сцвярджала, што там шмат негатыўнай энергетыкі, бо было многа памерлых людзей у адным месцы.
Штодзень