Жыццё дзікуноў, альбо ўлюлюканне “гасударавых людзей”

Нешта ў апошнія дні Калінкавіцкі раён захлынула хваля “патрыятычных” мерапрыемстваў: тут і Гомельскі абласны злёт патрыётаў, тут і выязная сесія Гомельскага абласнога савета дэпутатаў “Гомельшчына гасцінная”. Толькі патрыятызм на абласным злёце выключна зведзены да часоў Другой сусветнай вайны, а найбольш яркай гасціннасцю Гомельшчыны стала тэатральная пастаноўка на тэму “жыццё дзікуноў” у выкананні работнікаў адзела культуры Калінкавіцкага райвыканкама.

Мяне больш за ўсё натхніла гэтая тэатральная пастаноўка на стаянцы першабытных людзей у Юравічах, дзе пераапранутыя ў шкуры работнікі адзела культуры самазабыўна дэманстравалі пераемнасць і веданне мясцовых традыцый: з гуканнем і падскокваннем неслі да вогнішча задзервянелае чучала ваўка, часова пазычанае з выставачнай экспазіцыі аддзела прыроды музея, пасля карагодам бегалі вакол яго ды па просьбе журналістаў імітавалі ручную працу старажытных людзей падшкрабваннем каменем шкуры. Такая сабе “жывая археалогія”, дзе кожны можа адчуць сябе ўдзельнікам старажытных падзей.

Так і ўяўляецца, як раніцай у аддзеле культуры начальніца ставіла сваім падначаленым задачу:
– Сёння ў нас госці з вобласці, будзем паказваць ім жыццё дзікіх людзей на Юравіцкай стаянцы.
– Нікалаеўна, а як гэта?
– Будзіце ізабражаць із сябе разумовых недарэк!
– Нікалаеўна, а чаму мы? Хай школьныя учыцеля, у іх жа канікулы ўжо пачаліся!
– Усё, хваціт! Врэмя выбрала нас!

Праглядаючы тэлевізійны сюжэт з гэтымі танцамі з ваўком не мог пазбавіцца ад думкі, што недзе я ўжо падобнае бачыў, недзе гэтае ўлюлюканне ўжо было. Ах, канешне! Ералаш № 53 “Мільён год таму, альбо як з’явілася чалавечая мова”.

Ералаш № 53 выйшаў у 1985 г., калі, мяркуючы па ўзросце ўдзельнікаў юравіцкага першабытнага тэатральнага шоу, ім было каля 10 гадоў. Вось з таго часу і засталося ў будучых работнікаў культуры глыбокае ўяўленне, як жылі нашы далёкія продкі. Сіла традыцый яна такая! Амаль 40 год прайшло, СССР разваліўся, вайна пачалася, а ўяўленні людзей аб старажытнай мясцовай культуры так і засталіся на ўзроўні Ералаша 1985 г., з улюлюканнем і падскокамі.

Цікава, што карыснага з гэтай тэатральнай пастаноўкі маглі вынесці гледачы? Бо музеі (а падзея адбывалася на тэрыторыі музея!) і іх дзейнасць павінны фармаваць у наведвальнікаў нейкія веды пра культуру і традыцыі нашых продкаў, гонар за іх. Мне падаецца, паглядзеўшы такі спектакль, дзеці вынеслі б цвёрдае перакананне, што нашы продкі былі недарэкамі. У прынцыпе, на недарэкаў, асабліва калі яны бяспечныя, заўжды цікава глядзець, як на спецыфічны падвід малпаў, але не за кратамі заапарка, а ў нашым сучасным асяроддзі. Паржаць можна, пашкадаваць можна, але не болей. З сабой для душы з такога нічога не возьмеш. Вось гэта і ёсць узровень усёй нашай правінцыйнай культуры – пакрыўляцца, пасмяшыць, запісаць у справаздачу аб праведзеным абласным мерапрыемстве. І нічога не пакінуць у душы.

А вось каб правесці экспедыцыю па запісе фальклору, зборы ручнікоў па старых вёсках, а пасля ўключыць іх у музейную дзейнасць – не, такога не чулі. Гэта хай з акадэміяў робяць, а мы тут людзі паднявольныя, “гасударавы людзі”. Мы вось на суседнім юравіцкім старажытным гарадзішчы зрабілі імітацыю язычніцкага капішча – зрэзалі 20 сантыметраў археалагічнага слоя і накапалі драўляных “багоў”. Затое гасцям цікава паглядзець на абсалютнае нішто!

Цікава, што падобныя музеі на месцы стаянак ёсць па ўсім свеце, і можна было б у іх павучыцца якасна арганізоўваць мерапрыемствы для гасцей, пасля якіх у музей хацелася б яшчэ раз прыехаць. Напрыклад, можна было б паказаць рэальныя заняткі тых старажытных людзей: майстраванне каменнай зброі, апрацоўка косці каменнай праколкай і г.д. Ну так, не надта масава і пасмяяцца няма з чаго, але назаўжды ў памяці застанецца адчуванне цвёрдасці крэменю. Але гэта ж трэба арганізаваць, гэта ж трэба самому ўмець і ведаць як годна гледачам падаць. Навошта? Значна прасцей пабегаць вакол вогнішча і пагукаць.

Канешне, уся інтэрмедыя выклікала жывы інтарэс у гледачоў. А якая магла б быць рэакцыя ў людзей, для якіх гэта максімальнае дасягненне сучаснай беларускай правінцыйнай музеялогіі? Хіба нехта з іх бачыў, як падобныя мерапрыемствы арганізаваны ў больш развітых суседзяў і можа іх між сабою параўнаць? А на бязрыб’і, як вядома, і рак вялікая рыба. Але ці захочуць гледачы сёлетніх танцаў з чучалам воўка яшчэ раз наведаць гэты музей, каб паказаць сваім дзецям і ўнукам? Ці дапаможа такое ўлюлюканне і прыскокі на самым вядомым помніку археалогіі Беларусі дапамагчы наведвальнікам такога мерапрыемства адкрыць для сябе Беларусь і шчыра яе палюбіць? Ці зробіць іх патрыётамі сваёй краіны?

Штодзень
Раман Абуховіч, гісторык

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі