Жыць у Беларусі сёння – гэта мець імунітэт да запужванняў і ператрусаў. Разумець, што раб ніколі не пераможа свабоднага чалавека. Быць гатовым да любога павароту падзей і пры гэтым мець сваю кропку раўнавагі.
Жыць у Беларусі сёння – гэта захоўваць у патаемных скрынках бела-чырвоны адрэз тканіны і радавацца, як дзіця, што сапраўдныя сцягі некалі зноў запоўняць шматлюдныя вуліцы.
Жыць у Беларусі сёння – гэта не саромецца паўсюль размаўляць па-беларуску і чуць беларускую мову ў адказ. Разумець украінскую. Спяваць беларускія песні і перачытваць беларускую класіку.
Жыць у Беларусі сёння – гэта стаяць у чарзе ў апальнае выдавецтва, каб набыць кнігі найлепшых беларускіх аўтараў і падтрымаць выдаўца. Рабіць замову выключна ў беларускамоўнай швачкі і купляць гародніну, на якой маецца цэтлік з беларускімі літарамі.
Жыць у Беларусі сёння – гэта ў цеснай кампаніі піць каву з кубкаў з выявай Пагоні і ласавацца бела-чырвоным зефірам.
Жыць у Беларусі сёння – гэта клапатліва берагчы бабуліны вышытыя ручнікі, абрусы і кашулі.
Жыць у Беларусі сёння – гэта падтрымліваць тых, для каго насталі ліхія часы. За лічаныя гадзіны збіраць дапамогу сем’ям беларускіх палітвязняў і ўкраінскіх бежанцаў. І быць упэўненым, што за табой лес надзейных рук такіх жа беларусаў. А з імі нічога не страшна.
Жыць у Беларусі сёння – гэта страціць веру ў выпадковыя цуды і разумець, што цуды здзяйсняем мы самі. Рабіць для іншых утрая больш, чым для сябе, і не хваліцца гэтым. Штодня здзяйсняць свае маленечкія геройскія ўчынкі – такія важныя для тых, хто мае ў іх патрэбу.
Жыць у Беларусі сёння – гэта ведаць, што мы – адзін з самых творчых і крэатыўных народаў, нашы праекты з поспехам рэалізуюцца па ўсім свеце, мы лёгка знаходзім сабе месца, нішу і справу.
Жыць у Беларусі сёння – гэта мець сяброў, якія ваююць за праўду і Украіну ў акопах.
Жыць у Беларусі сёння – гэта бачыць, што ўнутры кожнага з нас жыве свабода.
Жыць у Беларусі сёння – гэта не скардзіцца і не чакаць, пакуль нам хтосьці штосьці дасць, а ўпарта крочыць наперад. Ведаць, што вялікія перамены не адбываюцца хутка. Быць на адной хвалі і адзіным цэлым.
Жыць у Беларусі сёння – гэта трымаць экзамен на нацыянальны гонар і самавызначэнне.
Жыць у Беларусі сёння – гэта мець пачуццё ўласнай годнасці і заўсёды быць са сваім народам – і ў гонары, і ў ганьбе. Ганарыцца сваёй нацыяй і спадчынай. Разумець, што мы маем шмат уласных рэсурсаў, каб пабудаваць моцную краіну.
Жыць у Беларусі сёння – гэта “жыць”, а не “выжываць”. Усім злыдням на злосць.
Падпісвайцеся на “Штодзень”. Толькі правераная інфармацыя. Навіны, блогі і цікавыя гісторыі Гомельскага рэгіёна па-беларуску.
У Фэйсбуку: https://www.facebook.com/sztodzien
У тэлеграме: https://t.me/shtodzien