Грамадскі транспрт зноў падаражаў. Падаецца, што на гэты раз мясцовыя ўлады нават не спрабавалі нешта патлумачыць, а рэгіён за рэгіёнам падвысілі кошты. Падтрымкі ў жыхароў Гомельскай вобласці гэта не атрымала.
Як бы аптымістычна не распавядалі вядучыя дзяржаўных цік-токаў, у каментарах рашэнне крытыкавалі. Так, адна з дзяўчынаў-вядучых аптымістычна абвесціла, што пасажыры аплочваюць толькі 30-40% кошту праезда. Але такія лічбы былі скептычна прынятыя каментатарамі.
Рэакцыі можна падзяліць на некалькі стадыяў. Падаецца, першую, “Адмаўленне”, ужо ўсе прайшлі.
Прыняццё (“Я б здзівілася, каб патаннела, а падаражэнне – гэта ўжо заканамернасць”, “сабе не забылі падняць даход, а людзям забылі”).
“Адзіная стабільнасць у Беларусі – рост коштаў на ўсё!” – адзначыў МБТ.
“Заробак не расце, а кошты падымаюцца”, – кажа І.
“Пенсіі паднімаюць, камуналку паднімаюць, праезд даражэе, цэны ў краме растуць. Зарплата стабільна стаіць на месцы”, – кажа Х.
“У мінулым годзе падымалі, можа, хопіць?” – піша Р.
“На 13,5% праезд вырас. А заробкі?” – пытаецца Дм.
“Цьху ты. Праезд. Кватэра. А есці што?” – перапытвае Л.
“А як наконт зарплаты? Яна таксама павялічыцца, каб было за што ездзіць на працу?” – цікавіцца А.
Рашэнні
- Ездзіць “зайцам”(“З такімі коштамі можна не набываць квіток”, “як не плаціў, так і не плачу”).
- Змяніць транспарт (“На маршрутцы па некаторых раёнах будзе даехаць танней”, “Пяць год езджу на ровары”).
“Мяне вось вельмі бянтэжыць той факт, што гэта ўсяго толькі 30–40%. Ну, то бок з такім прыколам ужо значна больш выгадна будзе ездзіць на таксі, і яны пры гэтым развіваюцца, і ў іх усё добра, а тут бедны аўтобус”, – прыняў рашэнне Д.К.
- Трэба падняць заробак і вярнуць ільготы (“зрабіце студэнтам бясплатны праезд і пенсіянерам”).
“Ахранелі ўжо, ходзім пешшу, заробкі падніміце, і зрабіце льготу для дзяцей да 18 гадоў!” – перакананая А.М.
- Выконваць абавязкі з боку аўтапаркаў (“аўтапарк занадта стары”, “а па раскладзе будзе хадзіць транспарт?”).
У гомельцаў шмат парадаў да мясцовых уладаў. Але ў тых моцна скажоны слых: што не крычы, да кабінета даносіцца толькі “Падаражання! Падаражання!”