Загараднае жытло адметнага дызайну ў прапановах па Гомельскім раёне адсутнічае

Напэўна, кожны, хто быў вымушаны ў спёку заставацца ў горадзе, хацеў бы збегчы як мага далей ад перагрэтых гмахаў і тратуараў. Паглядзелі, якое загараднае жыллё можна цяпер набыць у Гомельскім раёне.

САМЫ ТАННЫ ВАРЫЯНТ (Цяруха)

За 2 200 бел. руб. пакупнік атрымае 5 сотак зямлі і хацінку плошчай 15 м2. Вада і прыбіральня на тэрыторыі. Ацяпленне не прадугледжанае. Прапанова хутчэй для самотнай асобы, чым для сям’і.

 

САМЫ ДАРАГІ ВАРЫЯНТ (Яроміна)

За паўнавартасны дом (92,1 м2, 14 сотак, 2013 г.), цалкам гатовы да пражывання на працягу ўсяго года, просяць 519 000 руб. Выглядае няблага. Але ёсць і мінусы: кошт (каля 402 сярэднебеларускіх зарплат), шмат штучных матэрыялаў у аздабленні (пластыкавыя вокны і ламінат). Пад “ландшафтным дызайнам”, напэўна, маецца на ўвазе цалкам закладзены пліткай двор і няўклюдыя вазоны-фантаны з эпохі 90-х.

 

Добрымі варыянтамі жылля для выключна летняга баўлення часу, паводле крытэрыю цана-якасць, можна назваць наступныя.

Лецішча ў аграгарадку Шырокае, 38 м2, 12 сотак. Печ і газ у хаце, іншыя выгоды на вуліцы. Кошт: 2 600 бел. руб.

Драўляны дом у вёсцы Рубеж, 30 м², 20 сот. Ёсць печ. Кошт: 3000 бел. руб.

Здымкаў, якія б дазволілі ацаніць унутраны стан гэтых хат, на жаль, няма. Таму патэнцыйнаму пакупніку давядзецца з’ездзіць і паглядзець, у якім яны стане.

Інтэр’еры хаты ў пасёлку Рогі-Ілецкі не ўражваюць. Але тут 60 м2, 25 сотак, ёсць 2 печы і газ. Дом у вёсцы, то бок хаця б нейкая інфраструктура будзе. З улікам цаны (2 000 тыс. долараў па курсе НБ) — годны варыянт. Калі дрэва зруба захавалася добра, можна набыць гэтае недарагое жыллё і з цягам часу самім зрабіць яго больш утульным.

Значная частка прапаноў мае прыблізна такія ж характарыстыкі, але пры гэтым просяць за іх 14 000– 6 000 бел. руб. (Гаворка выключна пра летнія домікі. Калі шукаеце паўнавартасны катэдж з усімі выгодамі і рамонтам, цэны стартуюць ад 200 000 бел. руб.)

У намінацыі “ЗРАЗУМЕЙ, ЯКІ СТЫЛЬ” перамагае хата, ніз якой стылізаваны пад фахверк, а верх “дэкарыраваны” сайдынгам.

Маецца ў продажы будова нешэрагавай канфігурацыі. Шкада, не прыкладзены тэхпашпарт, цікава было б пабачыць планіроўку.

Марылі жыць у палацы? Калі ласка! Толькі што інтэр’еры мала падобныя да каралеўскіх. Дый трон давядзецца дзяліць – прадаецца толькі частка жылля за амаль 92 000 бел. руб.

Пад катэгорыю “УВАГА, ШОК КАНТЭНТ!” трапляе звычайны вясковы дом без рамонту ў Рандоўцы за… 637 600 бел. руб. Але насамрэч той, хто размяшчаў аб’яву, наўпрост памылкова дадаў лішнюю лічбу – у далейшым тэксце напісаны кошт 8 000 у.е.

Лецішча нейкага адметнага дызайну ці прагрэсіўнай архітэктуры ў прапановах па Гомельскім раёне мы не знайшлі. Затое прыдумалі нечаканую функцыю гартанню здымкаў: яно можа замяніць экскурсію ў рэальнае жыццё звычайных асоб эпохі СССР (моладзі, якая бачыла савецкі лад выключна ў прыгожых выявах кіно, але захапляецца ім, такое “падарожжа” не зашкодзіла б).

Таксама можна зрабіць выснову, што патроху лецішча ў свядомасці беларусаў пачынае пераўтварацца з “плантацыі бульбы” у зону адпачынку.

На месцы гэтых кветак магла быць бульба

 

Яшчэ адна прыемная тэндэнцыя – шматлікія ўладальнікі лецішчаў захоўваюць драўляны дэкор нават пры рэнавацыі будынкаў. То бок яны разумеюць значнасць захоўвання гэтай архітэктурнай традыцыі нашага рэгіёна.

 

Штодзень 

Фота: www.moyareklama.by

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Фалацэнтрычны прымітывізм, або архітэктура Гомеля за апошнія 30 гадоў

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі