У гомельскім парку з’явілася альтанка для выязных рэгістрацый шлюбу. Цікавая ідэя, але, на жаль, рэалізаваная ў “найлепшых гомельскіх традыцыях”.
Кавалак паркавай зоны, блізкі да Білецкага спуску, даўно патрабаваў добраўпарадкавання. Стары асфальт, аблупленая фарба на бетонных клумбах кантраставалі з астатняй часткай дагледжанага парка. Толькі замест сучаснай добрай зоны для адпачынку тут паўстала цалкам нечаканая рэч – месца для выязной рэгістрацыі шлюбу. Паведамляецца, што арганізаваць на пляцоўцы афіцыйную частку вяселля змогуць жыхары ўсіх раёнаў, пры гэтым неабходны папярэдні запіс.
Ідэя арыгінальная. Але наколькі прадуманая? Узяць шлюб у парку пажадаюць многія гомельцы. Але ці падумаюць яны, што ў той момант, калі вымаўляецца чаканае “Так”, можа гучна закрычаць чыёсьці дзіця альбо загрымець музыка з калонкі меламана, што праходзіць побач? Гэта тэрыторыя агульнага карыстання, дзе адпачывае шмат асоб, асабліва ў выходныя. Агароджваць вялікі кавалак тэрыторыі падчас цырымоніі нельга, бо ўсе маюць права карыстацца зялёнай зонай.
Гэты суцішны кавалак парку звычайна абіралі тыя, хто жадаў схавацца ад гоману. Але шум ад гасцей і самой цырымоніі прымусяць аматараў цішыні шукаць іншае месца.
Што рабіць, калі пойдзе дождж? Пляцоўкі для вяселля пад адкрытым небам павінны прадугледжваць “План В”. Не падобна, каб стваральнікі альтанкі і лаў пра гэта падумалі.
Звычайна афіцыйная і святочная часткі цырымоніі на выязных вяселлях робяцца ў адным і тым жа месцы. Госці, родныя і галоўныя ўдзельнікі свята адразу пасля абмену пярсцёнкамі праходзяць да святочных сталоў. Роспіс у парку такой магчымасці не дае.
І калі функцыянал – справа толькі маладажонаў (каму не да даспадобы, можа абраць іншае месца), то пытанне эстэтыкі – важнае для ўсіх жыхароў Гомеля. І тут альтэрнатывы ўжо няма – нам давядзецца на гэта глядзець кожны раз, калі будзем праходзіць побач.
Дызайн павінен ісці ад крэатыўнай ідэі, гармоніі, эстэтыкі. Але дызайн па-гомельску звычайна базіруецца выключна на магчымасцях. Мы маем вось такія матэрыялы, такую тэхналогію і сродкі. Робім тое, што можна з гэтага зляпіць.
Такое ўражанне, што адны і тыя ж гомельскія выканаўцы (цяжка назваць іх дызайнерамі ці майстрамі) працуюць і як у рытуальнай, так ва ўрбаністычнай галіне. Помнікі на гомельскіх вуліцах апошніх часоў мала чым адрозніваюцца ад надмагілляў. Напрыклад, помнік Арыстарху ці войнам-памежнікам.
На што падобны металічныя элементы альтанкі і лаў? На магільныя агароджы. Тыя ж стылістыка і тэхналогія. Нават белы колер не здольны гэта замаскіраваць.
Мо такі дызайн падыдзе для “залатых вяселляў”, бо значная частка старэйшых асоб ніколі не бачыла іншых дызайнерскіх і архітэктурных рашэнняў, акрамя як на постсавецкай прасторы. Але ці спадабаецца такі стыль моладзі, якая, нават калі на мае магчымасці вандраваць, добра знаёма з дызайнерскімі трэндамі дзякуючы інтэрнэту і кіно?
Хадзіць па цвёрдай паверхні мо і зручней, але цырымонію пад адкрытым небам звычайна робяць, каб быць бліжэй да прыроды. Лепей было б пасадзіць тут газон і рабіць часовыя драўляныя насцілы.
Лавы не эрганамічныя. 10–20 хвілін цырымоніі на іх можна высядзець. Але як іх выкарыстоўваць у астатні час простым гомельцам, каб адпачыць у парку? Лепей было б у гэтай зоне зрабіць звычайныя, раскіданыя па розных месцах, лавы (каб незнаёмыя асобы не адчувалі дыскамфорту ад сядзення побач), а толькі падчас цырымоній расстаўляць зэдлікі для гасцей.
Мабыць, гэта мусілі быць шлюбныя пярсцёнкі. Але інсталяцыя больш падобна на прыладу для дрэсіроўкі сабак.
Бясспрэчна, знойдуцца тыя, каму гэны дызайн прыйдзецца даспадобы. Густы бываюць розныя. Калі сквер ім. Грамыка быў засмечаны няўклюднымі пародыямі на сусветныя архітэктурныя славутасці і непатрэбныя ў зялёнай зоне вялізарныя аркі, хапала гомельцаў, якія ахвотна фатаграфаваліся на фоне “прыгажосці”.
Але задача ўрбаністаў, архітэктараў і дызайнераў – фармаванне ў насельніцтва добрага густу праз стварэнне гармоніі. А пакуль мы не арыентуемся на высокія стандарты прафесіяналаў і развіваем гарадское асяроддзе па прынцыпу “масам падабаецца”, гармоніі і стылю на гомельскіх вуліцах чакаць не прыходзіцца.