Рэйсы з гомельскага аэрапорта выконваюцца толькі ў Маскву і Санкт-Пецярбург. Тлумачыць гэта начальнік Гомельскага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства “Белаэранавігацыя” Мікалай Мурашка проста: “Ну, Масква ж хаб! Адтуль можна паляцець куды заўгодна”.

Ён прызнаў, што запускаць вылеты нават у гэтыя расійскія гарады было рызыкоўна: “Калі гэтыя рэйсы адкрываліся, гэта, ну, нельга сказаць, што гэта была пэўная рызыка. Гэта не была рызыка, але тым не менш, вядома, элемент сумнення ён быў, таму што, ну, як пойдзе, як загрузка будзе, таму што іншаземным транспартам досыць зручна можна дабрацца ў тую ж Маскву і Санкт-Пецярбург”.
Мурашка хваліцца загрузкай на маскоўскім рэйсе (“блізкая да максімальнай”), на Санкт-Пецярбург сітуацыя горшая (да 60–70% загрузка ў самалёце). Ён лічыць, што гэтыя рэйсы “выгадныя эканамічна”.
“У якія-небудзь іншыя аэрапорты… Ну, справа ў тым, што Масква — гэта хаб, гэта вузел, праз які можна паляцець куды заўгодна. Адпаведна, альбо ты прыязджаеш, прылятаеш ва Унукава і можаш адтуль або, ну, у саму Маскву паехаць, або дзесьці перабрацца далей, перасесці на іншы від транспарту, або ты прылятаеш у Шарамецьева і ляціш”, — захапляўся кіраўнік гомельскай “Белаэранавігацыі”.
Аднак нават у яго одах ёсць лыжка дзёгцю. Мікалай Мурашка дапусціў агаворку наконт таго, куды можна паляцець з Масквы: “Ці не па ўсім свеце, можна так сказаць, наколькі гэта ўмесна ў цяперашніх умовах”. Атрымліваецца, увесь свет звузіўся да Расіі і яе саюзнікаў.
Чытаць па тэме:
У сацсетках абмяркоўваюць катастрафічны стан гомельскага аэрапорта – Homeldays
Балалайкі, драўляныя лыжкі і расейскія трыкалоры. Трэш на адкрыцці прамых рэйсаў у Маскву ў Гомельскім аэрапорце – Homeldays
Гомельскі аэрапорт завязваюць на расейскія маршруты – Homeldays