Ведзьмы-чараўніцы ў казацкім войску Багдана Хмяльніцкага

Гомельскі гісторык выявіў у гданьскім архіве дакумент 1649 г., які можа сведчыць аб выкарыстанні ў казацкім войску Б.Хмяльніцкага магічных спосабаў змагання з ворагам.
Пра гэта піша паблік “Мова Гомель”.

Шчыра кажучы, працэс пошуку гістарычных дакументаў у архівах з’яўляецца справай дастаткова манатоннай і нуднай. Сядзі вышуквай і вычытвай у старажытнах вязях і каракулях тое, што можа адпавядаць тваім навуковым тэмам. І так амаль кожны дзень на працягу некалькіх тыдняў, а то і месяцаў. Але ў гэтым страшна нудным працэсе бывае свой бонус, які пакрывае ўсе затрачаныя намаганні – непрадказальнасць тых дакументаў і фактаў, якія могуць выпадкова трапіцца. Нават калі яны не адпавядаюць уласнай даследчай тэме, часам вынаходзяцца такія перлы, што ад здзіўлення сківіца адвісае. Асабліва калі яны зусім фантасмагарычным чынам перагукваюцца з сучаснасцю.

Пару тыдняў таму, шукаючы ў Дзяржаўным архіве Гданьска матэрыялы па гісторыі Гомельшчыны (а там такія ёсць!), трапіў на ліст польскага жаўнера, пана Кшыштафа Пшыемскага (Krystof Przyiemski) да кароннага падканцлера Анжэя Ляшчыньскага, напісаны ў чэрвені 1649 г. у вайсковым абозе пад Заславам (Zasław). Узгаданы Заслаў – гэта сучасны горад Ізяслаў у Хмяльніцкай вобласці Украіны на Валыні, прыблізна за 200 км на поўдзень ад Беларусі. Ён стаіць у вярхоўях ракі Гарынь, якая ў ніжнім цячэнні праходзіць праз Брэсцкую вобласць Беларусі і ўпадае ў Прыпяць.

У лісце Пшыемскі інфармуе аб бягучых вайсковых справах, у тым ліку аб тым, што пад Заславам іх аддзел натрапіў на казацкі табар, які налічваў больш за чатыры тысячы чалавек, і адносна невялікай сваёй колькасцю польскія харугвы цалкам разграмілі гэты табар, перабілі некалькі тысяч казакоў, а астатніх рассеялі па лесу і балоту.

У канцы апісання бітвы К.Пшыемскі не ўтрымаўся і паведаміў некаторыя незвычайныя абставіны гэтага штурму:

“Між іншым і таго змаўчаць не хачу, што дзве бабы ведзьмы гарцаваць насупраць нашых выехалі, з якіх адной, калі яна там нешта крэсліла [на зямлі – Я.М.], адзін з нашых заехаў і шыю ёй ссек. Другую ж жыўцом у табары захапілі і да нас выправадзілі, яна мае імя Салоха і то ёсць слаўная паміж імі чараўніца і Хмельніцкі з войскам вельмі на яе абапіраліся (разлічвалі). Яна абяцае знайсці нейкае зелле, з дапамогай якога зараз можна быццам бы лячыць альбо здароўе захаваць”. (“Miedzi inszemi y tego zamilczec nie chcę, ze dwie baby wiedzmi na harc przeciwko naszym wyiachali, z ktorych iedną, gdy tam cos kresliła, z naszych ieden zaiachał y szyie iey uciął. Drugą w taborze ziwcem wzięto y przyprowadzono, na imie Solochna, ma to bydz sławna miedzy niemi czarownica, y Chmelnicki z woiskiem siła na iey polegał. Obiecuie iakies wynalesc ziele, za ktorym zaras ma mabydzby lec[z]ą, albo przy zdrowiu zachowano.”).

З далейшага тэксту вынікае, што, нягледзячы на яе здольнасці, яна таксама будзе пакарана смерцю і гэта будзе іншым навукай. Трэба прызнаць, што жорсткае абыходжанне з палоннымі казакамі было ўласціва для таго часу. Яно было заканамерным адказам войска Рэчы Паспалітай на здраду з боку сваіх падданых і тую неймаверную жорсткасць, з якой казакі абыходзіліся з захопленымі ў палон шляхціцамі і іх сем’ямі, а таксама з ксяндзамі і яўрэямі. Рэкі людской крыві без аніякіх згрызот сумлення спакойна пускалі абодва бакі.

Дадзены тэкст цікавы сваёй фактурай і самім фактам ужывання паслуг вядзьмарак-чараўніц у казацкім войску Б.Хмяльніцкага.

Па-першае, звяртае ўвагу імя захопленай у палон у чэрвені 1649 г. чараўніцы – “Салоха” (скарочанае ад поўнага імя Саламея ці Саламонія). З несмяротнага твора Мікалая Гогаля “Вечары на хутары бліз Дзіканькі” нам добра вядома гэтае імя. Салохай звалі адну з гераінь твора, маці каваля Вакулы, якая па сумяшчальніцтве была яшчэ і вясковай чараўніцай. Яна паспяхова перамяшчалася па вёсцы на мятле і актыўна ўключала ў рэалізацыю сваіх планаў непасрэдна самога чорта. Да таго ж нават у сучаснай Украіне часам ужываюць тэрмін “солоха” для азначэння жанчыны, якая можа насылаць чары, ведзьмы.

Праўдападобна, што Гогаль, пішучы ў 1829-1832 гг. “Вечары на хутары…”, невыпадкова абраў гэтае імя для гераіні свайго твора. І чамусьці думаецца, а ці не стала тая палонная Салоха, чараўніца лета 1649 г. з-пад Ізяслава на Валыні, прататыпам для ўсіх наступных салох-ведзьм ва Украіне? Невыпадкова ж уражаны польскі жаўнер пан Кшыштаф Пшыемскі пазначыў, што “ma to bydz sławna miedzy niemi czarownica, y Chmelnicki z woiskiem siła na iey polegał”.

З іншага боку, можна верыць, а можна не верыць у моц зелля чараўніцы Салохі з-пад Заслава, але летам таго ж 1649 г. казакі разбілі польскія войскі пад Зборавам і Збаражам. А летам 1651 г. ужо самі былі разбіты ў прынцыповай для ўсёй казацкай вайны бітве пад Берастэчкам. Апісваючы гэтую бітву, у якой з кожнага боку ўдзельнічала прыблізна па 100 тыс. ваяроў, даследчыкі называюць розныя прычыны паразы казацкага войска. У тым ліку незразумелае адступленне саюзных казакам войскаў крымскіх татар.

Але пасля прачытання выяўленага ў гданьскім архіве дакумента ў галаву чамусьці сама сабой закрадваецца крамольная антынавуковая думка. А ці не можа быць на самой справе прычына той паразы значна празаічней – у казакоў Б.Хмяльніцкага нарэшце скончыліся запасы наваранага ведзьмай Салохай чарадзейнага зелля? Пытанне рытарычнае.

На памяць таксама прыходзяць кадры відэа з першых дзён расейскага ўварвання на тэрыторыю Украіны ў лютым 2022 г., калі ў нейкім украінскім мястэчку, здаецца, на Канатопшчыне, жанчыны крычалі расейскім салдатам, што сядзелі на танку: “Да ты ведаеш, хто яна? Яна – ведзьма! Яна так зробіць, што ў цябе х… ніколі не ўстане! Не верыш? А гэта ўсё праўда!” Гэты канатопскі выпадак, падобна, натхніў украінскі гурт “Енджі Крейда” на з’яўленне песні “Враже”.

Не бяруся ацаніць практычную эфектыўнасць, але ў святле нававыяўленага гданьскага дакумента выглядае, што выкарыстанне магічных сродкаў у час ваенных дзеянняў мае ва Украіне як мінімум амаль чатырохвекавую традыцыю.

Калі калегам-гісторыкам патрэбныя больш дакладныя каардынаты выяўленага дакумента, прашу звяртацца – з радасцю абмяняю сваю знаходку на аналагічную па гісторыі Гомеля.

Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства для “Мова Гомель” 

 

 

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі