Варшава Беларуская пад Віцебскам

Шукаючы дакументы па гісторыі Гомельшчыны ў архіве Польскай акадэміі навук і Польскай акадэміі ўменняў у Кракаве (Archiwum Polskiej Akademii Nauk i Polskiej Akademii Umiejetności; PAU i PAN), трапіўся чарговы незвычайны дакумент. Нават падборка дакументаў, якія, можна меркаваць, будуць цікавымі для беларусаў, піша гомельскі гісторык Яўген Малікаў для выдання Мова Гомель. Пераклады тэкстаў з польскай мовы максімальна набліжаныя да арыгіналаў XVIII ст.

Першы дакумент у выяўленай справе – данацыйны запіс, дадзены 22 кастрычніка 1733 г. у Вільні. Паводле яго, Ягамосць Пан Марцыян Міхал з Казельска Агінскі, ваявода віцебскі, дорыць вяльможнаму Ягамосць пану Казіміру з Казельска Агінскаму, ваяводзічу віцебскаму, старасце бабініцкаму, свайму сыну, які нядаўна ажаніўся з Вельможнай паннай Разаліяй Кацелоўнай (ад прозвішча бацькі “Коцел”), старасцянкай маркаўскай, і па яго просьбе ў вечнае валоданне маёнтнасць Варшава альбо Веляшковічы названую, у ваяводстве Віцебскім ляжачую (“Warszawa alias Wielaszkowicze nazwano w woiewodztwie witebskim lezącą” – “alias” – у перакладзе з латыні “па іншаму”).

І каб мілы сын меў у сапраўднай уласнасці ўсё да таго маёнтка прыналежнае, дорыць маёмасць разам з грунтамі, сенажацямі, пушчамі, лясамі, ставамі, азёрамі, рэкамі і рэчкамі, з мястэчкам Новым местам па іншаму Веляшковічамі (“Nowym miastem alias Wielaszkowiczami”), з зямянамі, баярамі, з іх жонамі і дзецьмі, з чыншамі і рознымі рабацізнамі і ўсялякімі павіннасцямі, якія паводле даўніх звычаяў выконваюцца. “Усё то разам майму сыну ў моц трыманне і спакойнае ўжыванне згодна запісу майго падаю і юрыдычна замацоўваю права вечнае на маёмасць Warszawę alias Wielaszkowicze”.

Крута, відаць, для шляхецкага гонару пахваліцца, што падарыў на вяселле сыну Варшаву. Асабліва калі ўлічыць, што Агінскія – гэта старажытны княжацкі род ВКЛ. Карціну трохі псуе ўдакладненне “alias Welaszkowicze”…

На карце сучаснай Віцебскай вобласці няма вёскі “Варшава”, але сапраўды ёсць вёска “Веляшковічы” у Лёзненскім раёне. Назва вёска Веляшковічы ўпершыню трапляецца на карце XVI ст.

 

Від сучаснай вёскі Веляшковічы ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці. Фота: Вікісховішча.

 

Наступныя дадзеныя аб вёсцы Варшава князёў Агінскіх змешчаныя ў дакуменце, напісаным у 1751 г. – рэестры дакументаў, якія адносіліся да маёмасці “Warszawa alias Wieleszkowicze w woiewodztwie Witebskim leżące” і захоўваліся ва ўладальнікаў маёнтку. Саміх арыгіналаў дакументаў няма, але пададзены іх пералік (рэестр) паводле звязак (“фасцыкулаў”), у якіх яны захоўваліся.

Адным з першых пазначаны інвентар падданых веляшкоўскіх ад 5 ліпеня 1608 г., той жа датай пазначаны выпіс з кніг земскіх віцебскіх, на атрыманне ў маёмасць “Wieleszkowicz alias Warszawy”, якая з роўнага падзелу дасталася ў спадчыну Васілю Кісялю ад сыноўца яго Яна Янавіча Кісяля. Аднак далей, амаль да канца XVII ст. узгадваецца толькі назва Веляшковічы, без Варшавы.

Датай 25 лістапада 1684 г. пазначаны дакумент аб падзеле паміж братамі Кісялямі маёмасці “Wieleszkowicz alias Warszawy Ruskiey” з апісаннем межаў у той справе. Тым жа днём пазначаны і інвентар маёмасці “Wieleszkowicz” па выніках гэтага падзелу паміж братамі.

На жаль, зараз цяжка сказаць, ці з’явілася назва “Варшава” ужо ў XVII ст. (1608 г. ці 1684 г.), ці гэта быў такі піяр-ход ужо наступных уладальнікаў Агінскіх, але мы бачым, што экзатычная для нашай мясцовасці назва трансфармавалася ўжо ў “Варшаву Рускую”. Як і назва “Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае”, удакладненне “Руская” азначала знаходжанне ва ўсходніх ваяводствах княства, у дадзеным выпадку ў Віцебскім, і да Масковіі таго часу не мела ніякіх дачыненняў.

Цяжка сказаць, чаму адбылася такая трансфармацыя назвы паселішча, але можна дапусціць, што пасля таго, як запрошаныя госці ўладальнікаў Варшавы alias Веляшковіч пару раз прыехалі не ў тую Варшаву, уладальнікі былі вымушаны ўнесці пэўныя геаграфічныя карэкціроўкі.

Далейшыя некалькі звязак дакументаў перыяду пасля 1684 г. у назве маюць указанні на справы маёмасцяў “Wieleszkowskich alias Warszawy Ruskiey”, а ўнутры пералічваюцца толькі “Wieleszkowicze”, што, магчыма, сведчыць пра неўкарэнёнасць назвы яшчэ на той час.

Дакументам ад 8 сакавіка 1716 г. пазначаны ліст на прызнанне вячыстага прадажнага права на маёмасць Веляшковічы (“Wieleszkowicze”), дадзены панам Францішкам Адамам з Брусілава Кісялём, падкаморыем віцебскім, новым уладальнікам, супругам кашталянам віцебскім Агінскім.

Той жа датай пазначаны і наступны дакумент, на права вячыстае прадажнае на маёмасць Варшава ад светлай памяці пана Адама Кісяля падкаморыя віцебскага пану Марцыяну Агінскаму, кашталяну віцебскаму, на маёмасць Веляшковічы па іншаму Варшава Чысця (“Wielaszkowicze alias Warszawa Czyscia”). Слова “чысця” ідэнтыфікаваць не атрымалася, бліжэйшае да яго па напісанні “czyściec” – чысцілішча, месца дзе душы памерлых адбываюць пакты за грахі перад трапляннем на неба.

Цяжка сказаць, ці ўспрымаўся Агінскімі прыезд у Веляшковічы, як прыезд у Чысцілішча, але датай 11 студзеня 1717 г. у рэестры пазначана прызнанне Марцыяну Агінскаму, кашталяну віцебскаму, на права маёмасці “Czyscianskiey alias Warszawy”.

У наступных дакументах рэестра значыцца пра ўнясенне ў гродскія кнігі запісу аб продажы Кісялём Агінскім маёмасці “Wieleszkowicze alias Warszawa Ruska”.

 

Фрагмент рэестру 1751 г. з пералікам дакументаў па маёнтку Веляшковічы alias Варшава Руская. Фотаздымак з экрана праектара мікрафільмаў.

 

 

Прыведзеныя дакументы сведчаць, што з пэўнымі эксцэсамі (“Варшава Чысця”) назва “Варшава Руская” паступова афіцыйна замацоўвалася за Веляшковічамі.

Новыя змены фіксуюцца ў дакуменце ад 9 лістапада 1762 г. – прэзэнце (дазвол адпраўляць службы), дадзенай святару Даніэлю Высоцкаму ад Ігнацыя Агінскага, вялікага маршалка ВКЛ, на царкву, парафію і плябанію Замчынскую, якая ляжыць у яго маёмасцях Варшава Бела-руская названых (“… w dobrach moich Warszawa Biało-ruska zwanych…”).

 

Прэзента святару Даніэлю Высоцкаму на Замчыцкую парафію ў маёнтку Варшава Беларуская, які належаў вялікаму маршалку ВКЛ Ігнацыю Агінскаму. 1762 г. Фотаздымак з экрана праектара мікрафільмаў.

 

Гэтае новае ўдакладненне, хоць і з’яўляецца цалкам абгрунтаваным з пункту гледжання геаграфіі, аднак выглядае неяк дзіўна на фоне таго факту, што ў наступных па часе дакументах веляшковіцкая Варшава ўзгадваецца толькі як “Руская”.

Дакументам ад 26 мая 1772 г. Ігнацы і Гэлена з Казельска Агінскія, кашталяны віленскія, супругі, даюць запіс пані Гэлене з Агінскіх Лапацінскай, старасціне судовай мсціслаўскай, іх унучцы, паводле якога яны сумесным рашэннем дораць ёй трыццаць тысяч злотых польскіх – суму, забяспечаную на маёмасцях спадчынных “Веляшковічы па іншаму Варшаўка названых, у ваяводстве Віцебскім ляжачыя, або на гарадку, што перад тым Калышкі называлася, а зараз Новаместа, і да тых маёмасцяў Варшаўкі належачым” (“Wielaszkowicze alias Warszawka Ruska nazwanych w woiewodztwie Witebskim leżących, tudziesz na mieście przed tym zowiącym się Kołyszki adpresens Nowemiasto do tych dobr Warszawki należącym …”).

Такім чынам, ганаровая, з відавочнай амбітнай прэтэнзіяй, назва веляшковіцкага маёнтка “Варшава”, паступова трансфармавалася ў “Варшаву Рускую”, пасля ў “Варшаву Беларускую”, і нарэшце ў “Варшаўку”, што відаць больш адпавядала яе рэальнаму становішчу.

Аднак пасля падарунка любімай унучцы ад бабулі і дзядулі часу да першага падзелу Рэчы Паспалітай 22 верасня 1772 г. заставалася ўсяго чатыры месяцы…

Наступны дакумент у справе датаваны ўжо 28 красавіка 1773 г. “Мы, Ігнацы і Гэлена з Казельска Агінскія, кашталяны віленскія, супругі, … прызнаем тым нашым дабравольным, вечным дароўным запісам Ягамосці Вяльможным панам Юзафу і Антаніне з Белазораў, з Казельска Агінскім, старастам дарсуніскім, супругам, дадзеным …, што ў нынешніх акалічнасцях крытычных, у часе рэвалюцыйным, маючы маёмасці нашыя вечныя спадчынныя ў краі Беларускім кардонам войска расейскага занятым, і ад Вялікага княства Літоўскага аддзеленага, як то: Варшава Руская і Мікулін з усімі прыналежнасцямі ў ваяводстве Віцебскім, добра Старасель з прыналежнасцямі …, маёмасць Бялынічы з прыналежнасцямі па Друі рацэ, як ёсць кардон расейскі зацягнуты ў павеце Аршанскім размешчаны, а не могучы асабліва паводле выдадзеных плакатаў пецярбургскіх заставацца да выканання прысягі там, дзе маёмасці вышэй пералічаныя ляжаць, далі мы запіс наш вечнай адмовы пад датай цяперашняга года 1773 месяца красавіка 5 дня тым Ягамосцям панам Агінскім, старастам дарсуніскім, супругам, тых маёмасцяў вышэй пералічаных …. А наўзаем ад тых жа Ягамосцяў паноў Агінскіх, старастаў дарсуніскіх, супругаў, узялі мы запіс пад датай цяперашняга года 1773 месяца красавіка 20 дня з пазіцыі таго ж агучанага дакумента на маёмасці беларускія, а затым у тых так цяжкіх і прыкрых рэвалюцыйных часах пазналі мы прыхільнасці і афекты Ягамосцяў паноў Агінскіх, старастаў дарсуніскіх праз аказаную стараннасць у захаванні пратэкцыяй добр нашых беларускіх, якія за кардонам апынуліся, дэманструючы ўдзячнасць тым на вечнасць падараным запісам нашым … суму злотых польскіх 30 000 на маёмасці нашыя … павінны будуць выплаціць …   І на то далі ж мы гэты наш вечны дароўны запіс з подпісам рук нашых і вяльможных паноў сведак, вусна і асабіста ад нас запрошаных”.

Наступным дакументам справы ідзе распіска Ігнацыя Агінскага, што 3 лютага 1780 г. ён атрымаў ад статарасты дарсуніскага ўсю суму ў 30 000 польскіх злотых.

У вядомых дакументах ХІХ ст. “Варшава” знікла з назвы вёскі, але ўзгадваюцца тры варыянты Веляшковіч – сяло, пагост і маёнтак.

Сёння аграгарадок Веляшковічы, размешчаны на самым усходзе Віцебскай вобласці, з’яўляецца цэнтрам сельсавета для 33 навакольных вёсак, цэнтрам сельскагаспадарчага прадпрыемства «Рубежніца», тут ёсць школа, бальніца, магазіны. На ўвесь сельсавет каля 1500 жыхароў, з іх каля 400 жыве ў Веляшковічах.

3 жнiўня 2024 г. у Веляшковічах адзначылі свята аграгарадку. Як паведамляе сайт мясцовай раённай газеты «На празднике присутствовали почётные гости: председатель райисполкома Иван Федоров и председатель районного Совета депутатов Сергей Шляднев. – Велешковичи, у которых есть славное прошлое, имеет без сомнения, хорошее будущее, – подчеркнул Иван Иванович».

Цікава, а ці пагадзіўся б старшыня райвыканкама ініцыяваць вяртанне не менш слаўнай і амбітнай другой старажытнай назвы вёскі – «Варшава Беларуская» ?

Штодзень

Аўтар: Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства

Related posts

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты

У Гомельскай вобласці на пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў сабралі вертыкальшчыкаў і правераных «актывістаў»