За 2025 год на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніку пабывалі больш за 3,1 тысячы турыстаў. Улады хочуць павялічыць гэтую колькасць за кошт новай назіральнай пляцоўкі, якая дазволіць глядзець праз мяжу – на саркафаг над чацвёртым блокам ЧАЭС ва Украіне.
“Штодзень” спытаў навукоўца, радыяцыйныга хіміка Сяргея Бесараба, ці бяспечная гэтая ідэя.

Сяргей Бесараб
Назіральную пляцоўку плануюць падняць вышэй чым на 5 метраў, зараз яе актыўна будуюць з нуля. Абяцаюць бяспечны пад’ём на гэтую вышыню. Гасцям выдадуць біноклі.
У асноўным разлічваюць, што турысты зацікавяцца ўкрыццём над чацвертым блокам ЧАЭС – саркафагам. Нюанс, што бачны ён будзе толькі пры добрым надвор’і.
Плануюць, што ў чэрвені пляцоўка будзе гатовая. Улады хваляцца, што кожны год дадаюць цікавостак для турыстаў у запаведніку.
“Фармальна кажучы,”турыстычнае засваенне” Палескага радыяцыяйнага запаведніка – гэта здзек над базавымі палажэннямі радыеэкалогіі. То бок, “зону жорсткага радыяцыйнага бедства” раптам пераўтвараюць у цырк. Гэта фактычна ўдар па бяспецы навукова-даследчага палігона. А радыяцыя не разумее і не даруе жартаў”, – пракаментаваў новую ініцыятыву “Штодню” Сяргей Бесараб.
Паводле яго, “стратэгічная функцыя запаведніка заўсёды была ландшафтная і гідралагічная ізаляцыя высокаактыўнага шэрагу мінорных актынідаў (уключаючы міграцыю плутоніевых “гарачых часціц”), плюс назіранне за дынамікай біяцэнозаў пры хранічным нізкадозавым апраменьванні без фактару чалавека”.
“І вось зараз дзівакаватыя непісьменныя беларускія чыноўнікі збіраюцца штучна прынесці туды антрапагеннае ўздзеянне, стымуляваць людзей масава наведваць забруджаны палігон. А ведаеце як гэта называеццца? Гэта называецца “вопиющее прямое нарушение базовых международных принципов радиобиологии ALARA”. У пагоні за абсалютна мікраскапічнай эканамічнай выгадай ад таго турызму (ці быў ен агулам – пытанне) наносіцца несуразмерная шкода для навукі і радыяцыйных даследаванняў, пашкоджваецца першасны стан біяцэнозаў. І самае галоўнае – праз паветрана-аэразольны перанос ізноў вяртаюцца пахаваныя ў глебе другасныя радыеактыўныя элементы. Вяртаюцца падчас розных інфраструктурных перасоўванняў, будаўніцтва і гэтак далей”, – апісаў сітуацыю эксперт.
Ён прапануе “пашкадаваць і тых будаўнікоў-небарак, і наведвальнікаў”.
Штодзень
Чытаць па тэме:
Як Індыя прымала дзяцей з Гомельшчыны пасля катастрофы Плошча забруджвання Беларусі цэзіем-137 зменшылася амаль у два разы, сцвярджаюць улады. Але што значаць гэтыя лічбы?
Прапаганда да 40-годдзя Чарнобыля
Як Чарнобыль змяніў жыццё гомельцаў