Хіба не кожны дзень нехта з беларусаў вядзецца на размову злачынцаў: дастаткова прадыктаваць некалькі лічбаў невядомаму чалавеку па тэлефоне, каб застацца без грошаў. «Штодзень» паразмаўляў з некалькімі беларусамі, якія сталі ахвярамі ашуканства, прыводзім іх маналогі і высновы, як не зрабіць такой памылкі.
Гісторыя №1. Беларусь
«Тэлефанавалі з невядомага нумара схаванага ў «Вайберы». Спачатку сказалі, што яны з «Беларусьбанка», пасля сказалі: «Ой, гэта нам перадалі інфармацыю з вашага банка». Прасілі лічбы, якія дасылае банк.
Пра махляроў я раней чула, але не сутыкалася з імі асабіста. Чаму павялася? Можа, не прачнулася, можа, яшчэ нешта. Не ведаю адным словам чаму. Нешта ў той момант спрацавала не так.
Нікога беларуская міліцыя знайсці не змагла, далі ўсе дадзеныя, якія ў нас былі, – нічога. Мы падалі заяўку фактычна напрацягу паўгадзіны пасля здарэння – і нічога».
Гісторыя №2. Польшча
«Калі мне патэлефанавалі махляры, я адной нагой ужо был за дзвярыма, мяне ўжо чакалі людзі. І, я спадзяюся, што гэта таксама мела значэнне, як бы я думкамі быў ужо на гэтым мерапрыемстве.
Раздаецца званок, невядомы нумар. І спачатку там нешта па-украінску. Я збольшага разумею, але не так хутка. Кажу: «Я не вельмі разумею, ці можна на іншай мове?» «Добра, вам перазвоняць».
І перазванілі на расейскай мове: «Мы тэлефануем з банку, бо на ваш рахунак была спроба правесці нейкую аперацыю, якая выклікае ў нас падазрэнні».
Я адразу падумаў, што нешта не так. Я чуў вельмі шмат пра махляроў менавіта ў Польшчы. Я яму кажу: «Адну хвілінку, я вам ператэлефаную».
Я набраў больш разважлівую сяброўку. А яна не ўзяла слухалку. Каб я з ёй паразмаўляў, то ўсё б было не так, перакананы. А той ператэлефаноўвае ізноў і так сувора са мной: «Не кідайце трубку, вы згубіце ўсе грошы!»
І працягнуў: «Мы не будзем запытвацца ў вас дадзеных, нам трэба толькі спраўдзіць…» Назваў польскае імя і прозвішча, які быццам бы праводзіў транзакцыю. «Вы праводзілі такую аперацыю?» Я кажу: «Не». «Ну вось, ён хоча скрасці грошы».
Калісьці мая мама прывяла цыганак у дом, перадала ім свае пярсцёнкі, золата і потым сядзела і лыпала вачыма і казала: «Я не разумею, што са мной адбылося. Як я такое магла зрабіць». Гіпноз, напэўна, на адлегласці зрабіць нельга, але працуюць яны прафесійна і нешта накшталт таго я адчуваў.
Нібы падвоенасць такую: раблю, разумею, што раблю глупства, але нічога не магу з сабой зрабіць. Ён кажа: «Вось будуць зараз дасылаць вам смскі, а вы павінныя назваць гэтыя коды». Я як дурань здаю гэтыя коды, а там проста спісваюцца мае грошы.
Кажу: «Мне ўжо трэба сыходзіць, я спазняюся». А ён: «Ды абірайце, ці там людзі пачакаюць, ці вы згубіце вялікія грошы». І калі я ўжо хацеў сысці, ён запытаўся, калі заканчваецца праца, і настойваў, каб мы стэлефанаваліся пасля яе.
Я ператэлефаноўваю хлопцам з працы, а яны мне адразу кажуць: «Гэта ашуканства!». І ўжо банкаўская прылада на тэлефоне, я не магу туды зайсці, каб паглядзець, што там робіцца. Пазваніў у банк, яны мне рахунак заблакавалі, даволі падрабязна па-польску ўжо распытаўшы пра сітуацыю.
У банку параілі тэлефанаваць у паліцыю, але тэлефон не здымалі. Тады я пайшоў у адзін пункт, у другі, яны не выказвалі ніякай зацікаўленасці. «Прынясіце з банку даведку, што вы былі ахвярамі ашуканства, тады мы нешта зробім. Але ўвогуле мы вам не раім, таму што нічога з гэтага не будзе, такіх зваротаў шмат».
Пасля 8 гадзінаў патэлефанаваў мне зноў гэты нахабны чувак. Я яму кажу: Вы махляры, што вы хочаце? Вы не баіцеся, што я звярнуся ў паліцыю?» Ён мне нахабна кажа: «Але вашы грошы зараз у мяне». І яшчэ разоў дзесяць ён нахабна мяне набіраў.
Толькі ў панядзелак я пайшоў і даведаўся, што вычышчаны цалкам рахунак, які быў у еўра, да злотых не дабраліся. Я паглядзеў смс-кі, там таксама былі папярэджанні: «Будзьце асцярожныя, гэта можа быць ашуканства», – а я к дурань іх здаваў.
Калі я правільна зразумеў, было нават пазначана, з якіх банкаматаў былі тыя грошы знятыя».
1. Не карыстацца «Вайберам». Гэта самы небяспечны месенджар, там самы проста патэлефанаваць з невядомага нумару.
2. Не адказвайце на невядомыя нумары акрамя выпадкаў, калі чакаеце званка.
3. Калі пачалі размаўляць з махлярамі і ў вас узнікла падазрэнне, запавольце размову, папрасіце падумаць («я вам перазваню»), выйдзіце на балкон, падыхайце, каб сысці з гэтай хвалі, яны яе вельмі добра адчуваюць і на ёй працуюць.
4. Пераводзьце размову ў афлайн («я зайду да вас у аддзяленне»).
5. Пастарайцеся з кімсьці параіцца.