У Гомелі закрываецца галоўная гарадская лазня — аб’ект з гісторыяй і характарам

З 20 кастрычніка гомельская грамадская лазня № 1 на вуліцы Савецкай закрываецца на нявызначаны тэрмін. Паводле паведамлення гарадскіх уладаў, прычына — неабходнасць прывесці санітарна-тэхнічны стан будынку “ў адпаведнасць з нарматывамі дзеючага заканадаўства”. Іншымі словамі, лазня патрабуе капітальнага рамонту, якога чакалі шмат гадоў.

“Лазня – найлепшая ў Гомелі, але найгоршая з тых, што я бачыў у Беларусі”

Лазня № 1 — адна з найстарэйшых у горадзе, месца, дзе перапляталіся гісторыя, побыт і гарадскія легенды. Але апошнія гады наведвальнікі ўсё часцей пакідалі крытычныя водгукі на інтэрнэт-сэрвісе Yandex Maps:

“Лазня пакідае прыгнятальнае ўражанне. Доўга думаў, якую ацэнку паставіць — тры ці чатыры. Звонку змрочная, унутры малафункцыянальная. Пры наяўнасці трох памяшканняў (сухая саўна і дзве вільготныя парныя) не хацелася ісці ні ў адну. Замест паліц — звычайныя лаўкі, камяні за густой рашоткай. Пар падаецца праз роўную, грукатлівую трубу, і цесната не дазваляе расслабіцца. Тым, хто любіць добра прапарыць ногі, па-класічнаму паляжаць — гэта не сюды. Далей — вада ў душах цячэ вельмі слаба, калі карыстаюцца некалькі чалавек адначасова. Ні вёдраў для аблівання, ні купелі, ні іншых магчымасцяў хутка астудзіцца (акрамя тазіка з халоднай вадой) не прадугледжана. Разумею, што, можа, і прыдзірліва, але гэта ж галоўная грамадская лазня ў Гомелі — і пры гэтым найгоршая з дзевяці, што я наведаў па ўсёй Беларусі. Таму толькі “тройка” — і то з авансам. Не рэкамендую…”, — пісаў адзін з кліентаў.

Іншы дадаваў: “Хаджу ў гэтую лазню ўжо некалькі гадоў. Перш за ўсё таму, што яна побач, і таму што прыходжу адзін, без кампаніі. Цана для такога антуражу завялікая, але добра, што няма абмежавання па часе. Парныя самі па сабе добрыя, пар — нармальны. Але, як ужо шмат хто пісаў, хочацца бачыць гэтае месца адрамантаваным — каб было прыемна заходзіць. Хацелася б, каб шафкі былі большыя і навейшыя. Каб была добрая вентыляцыя — бо калі са столі капае кандэнсат, гэта непрыемна і недапушчальна. У душавых палова кранаў не працуе — таксама неяк не па-людску. Хацелася б запрасіць сюды сяброў з іншых гарадоў, але, баюся, не ўсе вытрымаюць такі “хардкор”. Спадзяюся, што гарадскія ўлады звярнуць увагу на гэтую цэнтральную лазню, знойдуць сродкі і зробяць рамонт. Не трэба раскошы — трэба, каб усё працавала, было чыста і суха там, дзе гэта павінна быць…”

“Прастыла ў лазні!”

”Прастыла ў лазні! Дзьме страшэнна з вокнаў! Белы пар стаіць аж да сярэдзіны залы — ад перападу тэмператур! Гэта нармальна? У лазні ж трэба грэцца і парыцца, а не мерзнуць, як сабака! Там два памяшканні: адно ледзяное, другое — крыху цяплейшае, каля ўваходу. Дык у тым “цёплым” усе, як селядцы ў бочцы, бо ў халодным сядзець немагчыма. Людзі нават ставяць тазікі на падаконнікі, каб быць у цёплым месцы. Дык пастаўце ж, нарэшце, вокны! Чытаеш, што на рамонт выдзялялі шалёныя грошы — а дзе ён, той рамонт? Хоць бы вокны замянілі!”, – дзеліцца ўражаннямі кліентка.

Лазня № 1 як частка гарадской памяці

Гэтая лазня — не проста месца для гарачай вады. Для многіх гомельцаў яна была своеасаблівым клубам, дзе перасякаліся людзі розных пакаленняў і прафесій. Пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка згадваў пра яе яшчэ ў савецкія часы, калі “развіты сацыялізм” спалучаўся з недахопам гарачай вады:

“1983 год, тая ж гомельская лазня № 1. А 1983 год, як хто не ведае, “развіты сацыялізм”. То бок: улетку ва ўсім Гомлі рамантуюць трубы, каб узімку была гарачая вада, але ўзімку адрамантаваныя трубы замярзаюць, і вада даходзіць максімум да трэцяга паверха. У выніку, ва ўсе гомельскія лазні – шалёныя чэргі.
І вось, адстаяўшы чаргу, мы з бацькам нарэшце трапляем у тую ж самую “памывачную”, дзе тата бачыў арышт у 1939 г. нейкага ворага народа. Намыльваемся. Стаім у чарзе да душа. І тут дзверы адчыняюцца…
Карацей, тое ж самае: шынэлі, фуражкі, партупеі. Праўда, не “дзяржбяспека”, а звычайныя мянты.
І геніяльны загад:
— Граждане, всем приготовить документы, удостоверяющие личность!
1983 год, як хто забыўся – гэта “андропаўшчына”. Час, калі мянтоўскія патрулі швэндаліся па вуліцах, кінатэатрах, крамах і нават цырульнях і нахабна чапляліся да людзей – чаму, маўляў, не на працы?
Уявіце: каля сотні аголеных і намыленых мужчынаў з тазікамі. Азіраюцца. Лыпаюць. Не разумеюць сэнсу пытання. Дзе ў аголенага ў лазні могуць быць дакументы? (“паручнік Ржэўскі, маўчаць!..”)
І тут адзін аголены мужык пачынае рагатаць. Па хуткім часе – другі, трэці і пяты… Паводле законаў масавых псіхозаў, неўзабаве рагоча ўся зала, і нават мянты. І тут старшы мент паблажліва прабачаецца:
— Мужики, я все понимаю, но нам так приказали…
…Не, усё ж добра, што нас усіх не заарыштавалі за тое, што дакументаў з сабою не было!.. ”

Уладзіслаў Ахроменка

Улады абяцаюць, што пакуль ідзе рамонт, гараджане змогуць карыстацца іншымі лазнямі — № 4 на вуліцы Украінскай і № 8 у Касцюкоўцы. Але многія гомельцы лічаць, што закрыццё галоўнай гарадской лазні — сімвалічнае развітанне з эпохай.

Штодзень
Фота: з адкрытых крыніц

 

Слайдар пастоў