Не жадаеце кіно, дык ідзіце ў казіно! Будынак у цэнтры горада, які апошнія гады не эксплуатаваўся, знайшоў новае прызначэнне.
Часам архітэктура можа распавесці пра мінулае не менш, чым падручнік гісторыі. Прыклад таго, як лёс асобнай пабудовы можа ўвасобіць тэндэнцыі грамадскага жыцця краіны, можна знайсці і ў Гомелі.
У 1949 годзе “Саюзкінапраект” абвясціў конкурс на стварэнне тыповага кінатэатра на 300–330 гледачоў.
Узвядзенне аднолькавых грамадска-культурніцкіх аб’ектаў можна назваць адметнасцю савецкай архітэктуры. Такога, напэўна, больш нідзе не пабачыш. Тыповыя праекты жылых дамоў – калі ласка. Франшызнае аздабленне інтэр’ераў сеткавых кавярань і крам – колькі заўгодна. А вось “блізняты” тэатры, цыркі, палацы культуры – савецкае “ноу-хау”. Урбаністы гэты падыход хутчэй раскрытыкуюць, бо забудаваныя такім чынам гарады губляюць унікальнасць. А эканамісты ўхваляць – адзін праект на шмат гарадоў дазваляў істотна эканоміць бюджэтныя сродкі.
Перамог праект Зоі Іосіфаўны Брод. Яна прапанавала ўзводзіць двухпавярховыя будынкі, фасад якіх упрыгожваюць калоны іанічнага ордару. З фае, аздобленага ляпнінай, люстэркамі, калонамі і іншым дэкорам, наведвальнік трапляе ў анфіладу залаў.
У 1950-я гады па гэтым праекце было пабудавана больш за 100 кінатэатраў па ўсім СССР, у тым ліку і ў Гомелі. Прычым у нашым горадзе двойчы: “Мір” (1959 г., вул. Ільіча) і “Спартак” (1958 г., вул. Савецкая).
Пачалося жыццё гэтых будынкаў аднолькава, а далей – кожнаму сваё. Кінатэатр у Навабеліцы на дадзены можна можна назваць унікальным, бо ён і дагэтуль выконвае першапачатковую функцыю. Большасць жа ягоных “калег”, у тым ліку і “Спартак”, у 1990-я гады альбо перапрафілявалі, альбо закінулі ці нават знеслі.
У тутака зноў мы бачым адлюстраванне гістарычных падзей. У 1989 годзе ў Гомелі было 7 кінатэатраў (ім. Калініна, “Юбілейны”, “Акцябр”, “Спартак”, “Спутнік”, “Мір”, “Ракета”). Чаму праз кароткі перыяд яны перасталі быць непатрэбнымі? Развіццё тэхналогій, якія прынеслі беларусам відэамагнітафоны, адыгралі тут далёка не галоўную ролю. Асноўным чыннікам стаў заняпад грамадска-палітычнага жыцця, што спрыяла імкліваму развіццю арганізаванай злачыннасці. Парушэнне аўтарскіх правоў і інтэлектуальнае пірацтва стала масавай з’явай. Танныя касеты з нелегальнымі копіямі фільмаў прадаваліся на кожным кроку.
Тое, што пірацтва на значнай частцы постсавецкай прасторы дагэтуль актыўна існуе (шмат беларусаў глядзіць нелегальныя паказы стужак на пірацкіх сайтах і нават не ўсведамляе, што парушае і заканадаўчыя, і этычныя нормы), сведчыць пра тое, што глыбокі грамадска-палітычны крызіс не застаўся, як бандытызм, недзе ў 90-х. Ён і зараз актыўна ўплывае на нашае жыццё. Нармалізацыя жыцця ў розных сферах і пабудова цывілізаванага грамадства – задача будучыні.
У другой палове ХХ стагоддзя кінатэатры пачалі прыходзіць у заняпад у розных краінах, бо цяжка вытрымаць канкурэнцыю з гандлёва-забаўляльнымі цэнтрамі. У гэтых гіганцкіх комплексах, акрамя кіно, ёсць крамы, фудкорты, коўзанкі, дзіцячыя куткі… Кінатэатр, які месціцца ў асобным будынку, усяго гэтага прапанаваць не можа.
На пачатку 90-х “Спартак” спрабаваў адаптавацца да новых рэалій. Каб заахвоціць гледачоў да наведвання, пачалі паказваць мэйнстрымавыя баевікі, фантастыку і нават стужкі з катэгорыі 18+.
Жыхар Цэнтральнага раёна Сяргей:
— Нам, падлеткам, эратычныя фільмы былі цікавыя. Кантроль узросту на ўваходзе быў. Адных непаўналетніх у залу не пускалі, а з дарослым – калі ласка! Таму мы падыходзілі да якога-небудзь мужчыны (жанчыны як маці маглі па-рознаму адрэагаваць) і прасілі сказаць, што ён з намі разам. Амаль ніхто не адмаўляў – такія былі часы. Дакладна памятаю, што такім чынам мы пазнаёміліся з “Эмануэль”. (Французская стужка “Эмануэль” была знята яшчэ ў 1974 годзе, але ў савецкім пракаце яе не дэманстравалі – рэд.)
Але гэта не дапамагло, і недзе ў другой палове 90-х будынак пераўтварыўся ў начны клуб.
Гамяльчанка Ангеліна:
— Пра дыскатэку “Спартак” і пра дракі і бандытаў там можна прачытаць шмат жахлівых гісторый у інтэрнэце. Хадзіла туды першыя пару год пасля адкрыцця, нічога такога не памятаю. Трохі пазней давялося пабыць у “Адрэналіне” (дыскатэка ў сённяшнім ПК “Фестывальны” па пр. Рэчыцкім – рэд.), вось дзе сапраўды было шмат гопнікаў. А “Спартак” – гэта ўсё ж цэнтр, сюды культурная публіка хадзіла. Ці мо праз юны ўзрост я не звяртала ўвагі на крымінальныя акалічнасці? Мне тады было 14–16 год, пашпарт на ўваходзе ніхто не патрабаваў, плаці за ўваход – і танцуй. Бацькі адпускалі, бо мы хадзілі гуртам з сяброўкамі з аднаго дома. Потым дыскатэкі сталі ладзіць у ГГУ ім. Скарыны і БелДУЦе, яны былі таннейшыя, не ў начны час, таму ў “Спартак” мы хадзіць перасталі.
У 2000-я будынак “Спартака” перайшоў у прыватную ўласнасць, Тут размясцілі сапраўдны забаўляльны цэнтр – у “Плазе” можна было і пад’есці ўдзень, і патанчыць уночы. Установа праіснавала больш за 10 год. Пасля будынак доўга стаяў закінуты. Ні здаць яго ў арэнду, ні прадаць, ва ўласніка не атрымоўвалася.
Яно і зразумела: спецыфічная канфігурацыя памяшканняў, мінімум акон. Перабудаваць такі будынак пад нешта іншае – офісы ці краму – магчыма, але складана і дакладна нятанна. А беларускі бізнес зараз перажывае не лепшыя часы. Шмат “блізнят” нашага гомельскага кінатэатра ў розных гарадах месцяць нейкія дзяржаўныя ўстановы: палацы культуры, бібліятэкі, музеі, адміністрацыі. Гарадскія ўлады зразумелі, што прыватныя інвестары могуць і не знайсціся, і, каб гістарычны будынак не прастойваў, самі спрычыніліся да рэканструкцыі. Гомельскаму “Спартаку”, на жаль, так не пашчасціла.
Падобна, што ў бліжэйшай будучыні будынак нарэшце стане зноў патрэбны гомельцам. Але не ўсім, а толькі аматарам азартных гульняў, бо тут размесціцца казіно. Здаецца, засталося толькі тры кірункі бізнесу, якія актыўна развіваюцца ў Гомелі на фоне агульнага крызісу: расейскія сеткавыя крамы з ніжэйшымі, чым у беларускіх, цэнамі, сэканд-хэнды і ўстановы з азартнымі гульнямі.