У Гомелі масава закрываюцца кавярні

Рэстаранны бізнес – добры індыкатар сацыяльна-эканамічнага стану краіны, бо гэтая цалкам залежная ад узроўню жыцця насельніцтва галіна ўразлівая да ўздзеяння розных чыннікаў. У США, па падліках Yelp, пандэмію не перажыло каля 16 000 кавярань і рэстарацый. Пасля росту цэн на энерганосьбіты ў сувязі з поўнамаштабнай вайной ва Украіне за 2023 год, па дадзеных Consumer Panel Services GfK, у Польшчы знікла каля 2000 гастранамічных лакацый.

Закрытая ўладамі ўстанова харчавання “Red Pub”

Падчас пандэміі гомельскія кавярні таксама перажылі некалькі цяжкіх месяцаў (асабліва красавік і травень 2020 года). Але, паколькі беларускія ўлады не прымалі сур’ёзных мер у барацьбе з распаўсюдам хваробы і забароны на наведванне культурніцка-забаўляльных устаноў не было, скарачэнне колькасці наведвальнікаў не было крытычным. Фактычна праз наступствы пандэміі ў Гомелі знікла толькі Taste, што месцілася па вул. Рагачоўскай. Больш рэстарацый было прымусова ліквідавана праз палітычны пераслед (карчма “Будзьма”, бар “Бэкер”, рэстарацыя RED PUB”).

Але нечаканая хваля закрыцця кавярань назіраецца ў Гомелі цяпер. За вясну 2024 года аб прыпыненні дзейнасці (пакуль не зразумела, часова ці назаўсёды) на старонках сваіх сацсетак абвясцілі ажно тры пункты харчавання: Cup of Peace (акрамя добрай кавы тутака прапаноўвалі цікавыя творчыя сустрэчы), кавярня 1505 і паб ПНВІ.

Пра тое, чаму было прынята рашэнне аб закрыцці, не паведамляецца. Але зразумела, што прыбытковасць рэстараннага бізнесу ў Беларусі зараз высокай быць не можа. Кошт закупкі ўвесь час уздымаецца, чаго не скажаш пра заробкі, значыцца, кожны госць будзе пакідаць менш грошай (не кажам ужо пра тое, што значная колькасць гомельцаў увогуле не мае фінансавай магчымасці харчавацца не дома). Істотна паўплывала на колькасць наведвальнікаў гастранамічных устаноў і масавае закрыццё ў Беларусі філій міжнародных IT кампаній, і міграцыя (як вымушаная, праз палітычны пераслед, так і эканамічная) добрых прафесіяналаў розных прафесій.

Штодзень

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі