У Гомелі насаджаецца культ савецкага міністра замежных справаў Андрэя Грамыкі

Для праслаўлення гэтага камуністычнага дзеяча, які нарадзіўся ў вёсцы Старыя Грамыкі, што на Веткаўшчыне, было праведзена мноства мерапрыемстваў з удзелам абласных чыноўнікаў, выкладчыкаў універсітэта, дыпламатаў і расейскіх гасцей.

Помнік Андрэю Грамыку ў Гомелі

У прапагандысцкіх матэрыялах гаворыцца тое, што “нашая зямля падарыла свету мноства дзеячаў (…). Сярод знакамітых нараджэнцаў Гомельшчыны асаблівае месца належыць Андрэю Грамыку”. Для гларыфікацыі гэтага чалавека з “беларускім акцэнтам”, які нічога вартага не зрабіў для Беларусі, а толькі ўзначальваў цягам амаль 30 год Міністэрства замежных справаў СССР, праводзіліся адмысловыя “Грамыкаўскія чытанні”, ускладаліся кветкі да ягонага помніка ў Піянерскім скверыку, а таксама праводзіліся мітынгі. Адметна, што да арганізацыі ўсіх гэтых пафасных сходаў мае непасрэднае дачыненне кіраўніцтва так званага Рускага дому ў Гомелі. На ўсіх імпрэзах з нагоды 115-годдзя савецкага апаратчыка ў першых шэрагах прысутнічае кіраўнічка гэтай расейскай структуры Вольга Бараненка.

Ва ўласных успамінах Андрэй Грамыка на тэму Беларусі піша мала, называе сябе “сынам рускага селяніна”, што зусім не адпавядае праўдзе. У ягонай роднай мясцовасці карэннае насельніцтва размаўляла да катастрофы на ЧАЭС (да 1986 года) на добрай беларускай мове. А ягоныя продкі, як сведчаць даследчыкі, адносяцца да беларускай малазямельнай шляхты.

Сагнаная на мерапрыемства масоўка

Што да ягонай ролі ў гісторыі, то ў 1968 годзе Андрэй Грамыка падтрымаў увядзенне войскаў у Чэхаславакію і падаўленне “Пражскае вясны”, а ў 1979 годзе далучыўся да рашэння савецкага кіраўніцтва аб увядзенні войскаў у Афганістан.

Штодзень
Фота: “Гомельская праўда”

 

Related posts

“Тут няма зла”. Кіно пра сітуацыю, калі краіна на раздарожжы

Як правільна спланаваць замежную паездку, улічваючы “вось гэта ўсё”

Савецкія наратывы жывей усіх жывых, альбо чаму нельга абысціся без танка на плошчы