У Гомелі на паперы з’явіўся турыстычны інфармацыйны цэнтр

Дзень кадравых прызначэнняў у Гомельскім гарвыканкаме прынёс нечаканы вынік. Толькі пасля зацвярджэння на пасаду дырэктара Турыстычнага інфармацыйнага цэнтра А.Ю. Лабовіча жыхары горада даведаліся, што ў Гомелі ёсць такая арганізацыя. Чым павінен займацца турыстычны інфацэнтр, і ці патрэбны ён Гомелю, даведаўся “Штодзень”.

Інфармацыйныя цэнтры адыгрываюць сур’ёзную ролю ў турыстычнай інфраструктуры. Турыстам, якія прыязджаюць у незнаёмы горад без экскурсійнага суправаджэння, можа спатрэбіцца самая розная інфармацыя: што пабачыць, якія імпрэзы наведаць, як набыць квіток на транспарт ці мясцовую сім-карту і г.д. Адказы на ўсе гэтыя пытанні, канешне ж, можна адшукаць у інтэрнэце, але гэта вымагае часу. Прасцей адразу па прыездзе накіравацца туды, дзе ўсё распавядуць, – у інфацэнтр.

Турыстычны інфармацыйны цэнтр у Вене. Фота: wikipedia.org

 

Акрамя таго, у такіх кропках можна набыць сувеніры, кнігі, шмат дзе турыстам прапануюць бясплатныя мапы горада (нягледзячы на лічбавізацыю гэтай сферы, друкаваныя папяровыя мапы ўсё роўна карыстаюцца попытам).

Такім чынам, стварэнне турыстычнага інфацэнтра – добры крок у кірунку развіцця турыстыкі на Гомельшчыне. Але ці ёсць спадзяванні, што цэнтр зможа выконваць свае функцыі напоўніцу?

Дзяржаўная ўстанова “Турыстычны інфармацыйны цэнтр г. Гомеля” створана зусім нядаўна – 1 снежня 2023 года. Пакуль яна існуе толькі на паперы – памяшкання, якое мог бы наведаць турыст, яшчэ няма. Гэта пытанне часу, і, спадзяемся, з гэтым праблем не будзе. Але што гэты цэнтр зможа прапанаваць ва ўмовах, калі сфера турызму стала закладніцай дзяржаўнай ідэалогіі?

Даведка. Паводле інфармацыі Гомельскага аблвыканкама, у 2022 годзе Гомельшчыну наведала ўсяго 1,2 тысячы замежных турыстаў. Для параўнання – толькі ў першым паўгоддзі 2022 года Вільнюс наведала 500 тысяч турыстаў. У 2022 годзе ў польскім Беластоку скарысталася з начлегаў 111,6 тысяч замежных турыстаў.

У Беларусі чакаюць на турыстаў з усяго свету, але ўлады дэмантуюць на вакзале і дарогах надпісы на лацінцы. У Беларусь ніколі не ляталі лоўкосты, а цяпер цяжка прыехаць наземным транспартам з любой краіны, акрамя ўсходняй суседкі. Бо даводзіцца доўга праходзіць мяжу і адсутнічаюць прамыя цягнікі. Каб быць экскурсаводам, трэба мець дазвол ад улады. Таму значная частка выдатных гомельскіх гісторыкаў, якія прысвяцілі жыццё працы ў архівах дзеля пошукаў слядоў нашага мінулага, не зможа рэалізавацца ў гэтай прафесіі. Пра які кавалак гісторыі варта распавядаць турыстам, а пра які не, таксама вырашаюць ідэолагі (пра стварэнне культу расейскай імператрыцы Кацярыны ІІ чытайце тут).

Адкрыццё інфацэнтра без стварэння спрыяльных для развіцця турыстычнай галіны ўмоў можна параўнаць з пабудовай крамы для продажу хлеба ў той час, як хлебазавод яшчэ не пабудаваны. Турыстычны інфацэнтр Гомелю патрэбны, але ў першую чаргу трэба стварыць такія ўмовы, каб замежныя турысты пажадалі сюды прыехаць і мелі магчымасць гэта зрабіць без клопатаў і страхаў.

Штодзень

Related posts

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты

У Гомельскай вобласці на пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў сабралі вертыкальшчыкаў і правераных «актывістаў»