У Гомелі міністру прапанавалі з’есці “бацьку”

«З’есці» бацьку прапанавала гомельскае прадпрыемства. На смак, можа, і нічога. А вось засвойваецца цяжкавата — асабліва сумленнем.

 

 

У прамацыйным роліку, запісаным, падобна, з нагоды візіту міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Максіма Рыжанкова на ААТ «Мілкавіта», можна пабачыць незвычайную рэч – вялізарны сырны дыск з надпісам «Бацька».

 

 

Пачнём з добрай навіны: хаця б адзінае слова на ўсім прадпрыемстве напісана па-беларуску (больш нічога падобнага ў кадр не патрапіла). Шкада, што «беларусізацыя» пранікла на прадпрыемства праз кар’ерызм, а не праз любоў да роднай мовы. Але лепей так, чым ніяк.

Шмат чаго ў гэтай навіне можа выклікаць здзіўленне. Але калі прыгледзецца, усяму ёсць тлумачэнне. Хай вас не здзіўляе, што на малаказавод прыехаў не міністр сельскай гаспадаркі і харчавання, эканомікі ці прамысловасці. Яны занятыя, бо ўнутры краіны хапае праблем – толькі возьмуцца за бульбу, цыбуля знікае. А што можа рабіць міністр знешніх спраў, калі ў краіны няма знешніх спраў, суседзі агарадзіліся ад яе высокімі плытамі, да сябе на міжнародныя саміты не запрашаюць? Спраў няма, а заработная плата ёсць. Вось, каб адпрацоўваў яе, і пераразмеркавалі, мабыць, абавязкі.

Сыр прызначаны для харчавання. Навошта есці «бацьку»? Не выключана, што нагодай стварэння кісламалочнага бацькі стаў побытавы шаманізм ці нейкая іншая паганская практыка: гэта амулет, які павінен абараніць супрацоўнікаў ад звыш высокіх прысудаў. Бо хто не рызыкуе патрапіць пад следства, той не працуе на дзяржпрадпрыемствах у сённяшняй Беларусі. Розныя супрацоўнікі Мілкавіты, што займалі высокія пасады, ужо траплялі ў турму за хабары. Вось і вырашылі дзейсныя кіраўнікі «падстрахавацца».

Нагодай стварэння відэа было прасоўванне прадукцыі Мілкавіты. Рэкламаваць ёсць што! «Мілкавіта» з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў малочнай прадукцыі ў Беларусі, прапаноўваючы шырокі асартымент тавараў: малако, масла, сыры, ёгурты, тварог, дэсерты. Вытворчыя магутнасці дазваляюць перапрацоўваць ажно да 800 тон малака ў суткі, забяспечваючы выпуск 600 тон цэльнамалочнай прадукцыі, 12 тон сыроў, 15 тон ёгуртаў і дэсертаў, 30 тон сметанковага масла і 50 тон сухіх малочных прадуктаў.

Падчас візіту міністру прапанавалі пакаштаваць прадукцыю. Шкада, што ён не агучыў, якім быў бацька на смак. І ўвогуле хаця б неяк не ацаніў харч. Мо яго аўтарытэтная экспертная думка (бо міністры замежных спраў звычайна вельмі абазнаныя ў малочнай вытворчасці!) прымусіла б гомельцаў змяніць сваё стаўленне да ежы ад радзімага завода. Бо як не зойдзеш у краму, дык толькі крытыка: «дайце любую малочку, толькі не мілкавітаўскую!», «гэтае малако не кісне, яно не падобна на натуральнае», «ёгуртаў без цукру няма», «»смятана нясмачная»…

Відавочна адно: калі ў краіне канчаткова забракуе гародніны, пры такіх тэмпах вытворчасці, як у «Мілкавіты», заўсёды можна будзе перайначыць вядомую цытату «Няма бульбы? Хай ядуць малако!»

 

Штодзень

Related posts

Гісторыя антываеннай песні, якая перамагла на Еўравізіі

Эспрэса макіята з прысмакам Еўрабачання

1418 крокаў у невядомым кірунку, альбо як Гомельшчына рыхтавалася да 9 мая