Транспарт Беларусі: хібы і моцныя бакі

Дыскусія пра праблемы ў працы грамадскага транспарту ў Гомелі актыўна разгарнулася з сеціве. Дыяпазон меркаванняў вялікі: ад сцвярджэння, што транспарт працуе ідэальна і праблем няма (з боку дзяржаўных СМІ), да татальнай крытыкі ад некаторых пасажыраў.

Калі паглядзець на транспартнае пытанне (не толькі ў Гомелі, але і па ўсёй краіне) аб’ектыўна, можна знайсці як тое, чым Беларусь можа ганарыцца, так і тое, што належыць палепшыць. Падрабязней чытайце ў новым блогу “Штодня”.

Ілюстрацыйнае фота

 

Пачнём з пазітыву.

Некаторыя рэчы мы ўспрымаем як штосьці звычайнае і не разумеем, што так бывае не паўсюль і за гэтым стаіць якасна зробленая праца. Беларускія цягнікі ходзяць па раскладзе і не спазняюцца. Жыхары розных еўрапейскіх краін маглі б нам пазайздросціць, бо хранічныя спазненні, адмена ці перанос рэйсаў з-за страйкаў, рамонтаў ці з невытлумачальнай нагоды псуюць настрой вандроўнікам і тутэйшым у розных гарадах.

Мабільныя дадаткі (напрыклад, Транспарт BY), якія дазваляюць у рэжыме анлайн адсочваць расклад і рэальны рух транспарту, – рэч звыш карысная і прагрэсіўная.

Прылады для аплаты праезду карткай – самы просты спосаб набыць квіток. Але, на жаль, пакуль яны ўсталяваны толькі на лічаных аўтобусах, да таго ж невядома, ці атрымаецца аплаціць карткай замежнага банка (такія могуць мець не толькі замежныя турысты, якіх у Гомелі небагата, але і гомельцы, што працуюць за мяжой).

 

У Вільнюсе цяпер не трэба шукаць, дзе набыць квіток, ці турбаваць кіроўцу. Фота: www.delfi.lt

 

Спіс праблемных момантаў атрымоўваецца немалы.

Недахоп кадраў на фоне масавай міграцыі (як на сталае месца жыхарства, так і працоўнай) адчувае зараз кожная галіна. Моладзь праца на дзяржпрадпрыемствах, з абавязковымі суботнікамі, удзелам у ідэалагічных мерапрыемствах і не самым сучасным падыходзе да арганізацыі працы, не цікавіць. Не дзіўна, што транспартныя прадпрыемствы заўсёды маюць вакансіі кіроўцы. Калі супрацоўнікаў не хапае, то часам здараецца, што хтосьці захварэў, іншы ў адпачынку, нехта раптоўна звальняецца. У выніку даводзіцца замест, напрыклад, пяці рэйсаў па маршруце на гадзіну, рабіць толькі тры. І нельга ганіць аўтапаркі, бо на лакальным узроўні праблема не вырашаецца.

Не заўсёды кіроўцы паводзяць сябе належным чынам. Часам дазваляюць сабе курыць за стырном (і пасажыры вымушаны гэтым дыхаць). Нярэдка кіроўцы доўгіх аўтобусаў, з “гармошкай”, зварочваюць на скрыжаванні і едуць па пешаходным пераходзе, калі для пешаходаў ужо пачалося зялёнае святло (на гэта сыходзіць 3-5 сек), і людзям потым даводзіцца бегчы, каб паспець перайсці. Зрабіць штосьці з такімі кіроўцамі цяжка: пазбавіш іх, напрыклад, прэміі, дык яны звольняцца, а дзе ўзяць новых?

 

 

Транспартны фонд не самы новы, рэгулярна нешта псуецца. Унутры салону рэдка дзе сустрэнеш сістэму клімат-кантролю, таму зімой холадна ў тралейбусах, летам горача ў аўтобусах, у дождж вада трапляе ў салон і г.д. Новы транспарт вельмі няўтульны: у салоне менш месца, чым у старых мадэлях, сядзенні часам размешчаны так, што толькі адна асоба можа нармальна паставіць ногі, іншай даводзіцца шукаць, куды іх прыткнуць. Рэгулярна, незалежна ад надвор’я, маюцца праблемы з лініяй электраперадач, у выніку чаго ўсе тралейбусы стаяць (калі пасажыр паспеў пракампасціраваць квіток, яму даводзіцца перасаджвацца на аўтобус і плаціць яшчэ раз за тую ж самую паездку).

На аднаўленне транспартнага фонду і інфраструктуры патрэбны сродкі. А ўсе апошнія дзесяцігоддзі грамадскі транспарт у Гомелі быў стратны і дафінансоўваўся з бюджэту. Прычын таму некалькі.

Не вядзецца праца па стымуляванні гараджан карыстацца грамадскім, а не персанальным транспартам, таму пасажырапатоку нестае.

Сістэма коштаўтварэння не самая ўдалая. Так у Гомелі немагчыма купіць білет з неабмежаванай колькасцю паездак на дзень. Калі трэба паездзіць па розных кутах горада толькі сёння, праязны на дэкаду ці даўжэйшы купляць ніхто не будзе, прасцей знайсці знаёмага з аўтамабілем і даць яму грошай (якія мог бы атрымаць аўтапарк) на паліва.

 

Ілюстрацыйнае фота. Фота: ay.by

 

Каб напачатку месяца атрымаць значны даход, трэба стымуляваць набываць праязныя білеты на месяц. Разавы квіток каштуе 80 кап., у сярэднім беларус працуе 20 дзён на месяц, то-бок квіткі на працу і дахаты абыдуцца ў 32 руб. А праязны на адзін гатунак транспарту — 36 руб. Калі ў выходныя чалавек нікуды не едзе, то ён не будзе набываць праязны.

Папяровыя білеты – асаблівая тэма. Тое, што гомельцы масава перадаюць тралейбусныя талоны адзін аднаму (немагчыма нават падлічыць, колькі асоб за дзень можа скарыстацца адным і тым жа квіточкам), з аднаго боку, прыемна, бо такім чынам асобы клапоцяцца адзін пра аднаго. Але ж гэта страты для транспартнай кампаніі. Недахоп сродкаў потым кампенсуецца з бюджэту, які фарміруецца з нашых падаткаў. У выніку мы ўсё роўна плацім. Таму замена папяровых квіткоў на аплату карткай ці звычайных кампосцераў на электронныя валідатары з абмежаваннем часу дзеяння білета – непазбежная будучыня.

Маршруты, якія на значных кавалках дубліруюць адзін аднаго, не раскіданы па часе. То бок да аднаго і таго ж прыпынку амаль адначасова падыходзіць увесь транспарт (2-4 розныя аўтобусы ці тралейбусы) у пэўны мікрараён, а потым вялікі перапынак, калі няма нічога. І гэтае пытанне цалкам вырашаецца на ўзроўні прадпрыемства.

Электронных табло, дзе адлюстроўвалася б інфармацыя аб прыбыцці транспарту, амаль няма. А тыя, што ёсць, паказваюць нейкія незразумелыя нікому дадзеныя (часам людзі на прыпынку пытаюцца адзін у аднаго, што гэта значыць, і не знаходзяць адказ). А мабільнымі дадаткамі пакуль карыстаюцца не ўсе.

 

Добра, што маленькія шыльдачкі з раскладам руху па ўсім Гомелі сталі замяняць на вялікія шыльды, што месцяцца насупраць вачэй, а не высока на слупе. Але на прыпынку немагчыма даведацца пра ўсе пункты маршрута. Нават гомельцы не заўсёды ведаюць, чым даехаць у нейкае мала знаёмае месца. А іншагародні студэнт, турыст ці асоба ў камандзіроўке, што апынулася, напрыклад, на Валатаве і мусіць вярнуцца на прыпынак “8 Сакавіка”, як павінны зразумець, чым ехаць? Тое, што ў назве маршрута пазначаны пачатковы і канцавы пункты, нічым не дапаможа. Праблема вырашаецца проста – на шыльдах трэба прапісваць увесь маршрут.

Няма сістэмы інфармавання пра адмену маршрута ці паломку лініі. Калі не спяшаешся, можна пачакаць. Але тыя, каму трэба зайсці на працу па электронным пропуску своечасова ці паспець на цягнік, маглі б па іншаму выстраіць маршрут ці выклікаць таксі, калі б яшчэ дома, праз мабільны дадатак, даведаліся, што тралейбусы стаяць.

Вырашыць значную колькасць транспартных праблем дазволіла б з’яўленне ў Гомелі сучаснай трамвайнай лініі. Але без наяўнасці буйных інвестараў рэалізацыя такога праекту застаецца марай.

Штодзень

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі