The Palace Паланскага – гэта напоўненая вытанчанай сатырай камедыя

Раіць да прагляду стужку, якая атрымала рэкордна нізкія адзнакі на Венецыянскім фестывалі і была названа аўтарытэтнымі крытыкамі безгустоўнай, рызыкоўна. Але апошні твор Рамана Паланскага мае адну парадаксальную ўласцівасць: просты глядач з постсавецкай прасторы адчуе і зразумее некаторыя рэчы куды лепей, чым заходнія прафесіяналы кінаіндустрыі. У чым тут справа, і ці быў насамрэч пачатак канца свету  (які мы не заўважылі) на мяжы 1999—2000 гадоў, чытайце ў блогу Штодня.

Фота: https://www.sentireascoltare.com/

 

Фільм “Палац” распавядае пра святкаванне Новага года (2000) у элітным швейцарскім гатэлі. Героі дзеі – альбо зацюканы капрызамі і бездапаможнасцю пастаяльцаў персанал, альбо госці, якія займелі шмат грошай, але згубілі годнасць і чалавечнасць. Нельга не пагадзіцца з крытыкамі, пра нейкі густ тут няма і гаворкі. Але час, паказаны ў фільме, гэта канец 1990-х. А дзевяностыя – гэта зусім не пра густ. Нашыя дзевяностыя.

Кожны, хто жыў у тыя часы, непазбежна адчуе ва ўсім гэтым маскарадзе нешта да болю знаёмае. Бо пры тым, што ў фільме гучаць пераважна заходнія імёны і тытулы, героі з’яўляюцца тыповым увасабленнем “новых рускіх” – асоб, што ў пераломныя моманты гісторыі цалкам згубілі арыенціры і перасталі быць падобнымі на звычайных людзей. Атмасфера “Палаца”, з гратэскам і элементамі эстэтычнай буфанады, добра перадае ўсю фантасмагарычнасць тых часоў.

Паланскі напрыканцы ХХ ст. знаходзіўся паза межамі Польшчы. Але ягоны лёс цесна звязаны з гэтай краінай, якая ў 1990-я таксама перажыла і глыбокі сацыяльна-эканамічны крызіс, і нашэсце рускай мафіі. Падобна, што рэжысёр добра разумее і адчувае, што адбывалася ў тыя часы. А ў заходніх крытыкаў наўпрост не было шанцаў гэта зразумець, бо яны не жылі ў нашыя дзевяностыя. Неяк на семінары ў размове з прадстаўнікамі розных еўрапейскіх краін, ужо не ўзгадаю з якой нагоды, давялося агучыць жахі тых часоў: абліванне сернай кіслатой і катаванне гарачым прасам. Гутарку хутка звярнулі, бо мяне ўспрынялі як асобу, няздольную адрозніць прыдумкі сцэнарыстаў ад рэчаіснасці. Ніхто не паверыў, што гэта адбывалася насамрэч.

Падобна, што і зараз крытыкі пабачылі толькі першы план – высмейванне нораву багацеяў. Але гэтая тэма ў мастацтве дамінавала ў канцы ХІХ – першай палове ХХ ст., калі адбывалася змена шматвяковых устояў, і арыстакратыі давялося дзяліцца (дзе праз рэвалюцыю, дзе эвалюцыйным чынам) уладай і багаццем з прадстаўнікамі іншых саслоўяў. Нават у СССР, найвыразнейшым адэпце сацыялізму, тэматыка высмейвання багатых у пасляваенны час амаль знікла за неактуальнасцю.

Цяжка ўявіць, што такі майстра рэжысуры як Раман Паланскі, узяўся б за нікому не патрэбнае высмейванне маркіз ды Артураў Даласаў ІІІ. Падобна, што пад імі ўсё ж замаскіраваныя постсавецкія нуварышы. Чаму яны не высмеяны напрамкі? Па-першае, мастацтва – гэта мова алегорый (не пытаемся ж мы ў Лафантэна, чаму героямі баек сталі жывёлы, а не іх двухногія сародзічы). Па-другое, праца над фільмам пачалася задоўга да 2023 года, у іншых палітычных рэаліях на сусветнай арэне. Хоць вайна ва Украіне ішла з 2014 года, Расія доўга афіцыйна не прызнавала свайго ўдзелу ў ёй. Увесь свет, каб не справакаваць выхад збройнага канфлікту на сусветны ўзровень, рабіў выгляд, што так яно і ёсць. Да 2022 г. Расію, як сур’ёзнага і ўплывовага гульца, імкнуліся не высмейваць відавочна. Таму на экране Бонга і Ліма, а не Аўдот ды Фядот.

Але і тут паўстае пытанне: “новыя рускія” з уласцівай ім адсутнасцю густу і разгульным ладам жыцця таксама ўжо мінулае. Навошта ў 2023 годзе высмейваць тое, што засталося ў ХХ ст.? Адказ можа даць яшчэ адна скразная тэма стужкі – бясконцыя гаворкі аб магчымым канцы свету на мяжы 1999–2000 гадоў. Героі стужкі клапоцяцца пра стан банкаўскіх рахункаў, пужаюцца ад выключэння святла перад салютам і г.д. На фоне гэтага толькі вобмельгам, як праблема групкі гасцей з Расіі – бізнэсоўцаў-злачынцаў, – паказаны выступ Ельцына і перадача ім улады Пуціну. Калі ўявіць, што тое ўпісана ў сюжэт толькі як чыннік торгу пры падзеле чамаданаў з грашыма, то гэта тэатральная стрэльба, якая вісіць, але не выстрэльвае.

У прадказаннях, як і ў сапраўдным мастацтве, нічога і ніколі не кажуць напрамкі. Мо канец свету павінен быў прыйсці не ў адно імгненне? Мо ён мае зусім не тую форму, якую мы чакалі? Крыважэрны монстр, узгадаваны пуцінізмам у вялізарнай краіне, можа не насыціцца крывёю ўкраінцаў. Калі полымя вайны перакінецца на іншыя землі і хто-небудзь выкарыстае ядзерную зброю – хіба не прывядзе гэта да канца свету?..

Калі ўявіць, што эпізодам з тэлебачаннем пан Раман намякае на тое, што сапраўды варта атаясамліваць з канцом свету, становіцца зразумелай тэма высмейвання нуварышоў. Гэта адлюстраванне таго гістарычнага фону і постсавецкай дэфармацыі калектыўнай свядомасці, якія зрабілі магчымым прыход да ўлады злачынцаў аўтакратаў. Дзіўна, што крытыкі пабачылі ў стужцы выключна безгустоўнасць.

Так ці інакш, The Palace Паланскага – гэта напоўненая вытанчанай сатырай камедыя, якая глядзіцца на адным дыханні. Што б ні хацеў сказаць нам рэжысёр, прагляд падорыць вам шмат прыемных імгненняў.

Штодзень

 

Related posts

“Гомель – гэта маленькі Парыж”. Песні пра Гомель, якія вы маглі не ведаць

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты