Сярод нешматлікіх старых каменных пабудоў гомельскага парка ўвагу прыцягвае будынак “Зімовага саду” і вежа агляду побач з ім. Усе ведаюць, што гэта будынак былога цукровага завода князя Паскевіча, але не ўсе ведаюць ягоную гісторыю, якая, па вялікім рахунку, пачынаецца яшчэ ў самым канцы XVIII ст, піша гісторык Яўген Малікаў на старонцы Мова Гомель.
Ужо на плане мястэчка Гомеля 1799 г. на гэтым месцы паказана вялікая каменная пабудова з увагнутым фасадам і радам калон перад ім. У снежні 2023 г. калегі-гісторыкі з тэлеграм-канала “У пошуках старога Гомеля” (t.me/stary_homel) апублікавалі цэлае даследаванне пра гэты будынак. Паводле яго, гэта быў будынак, які планаваўся М.П. Румянцавым для размяшчэння ў ім ліцэю, накшталт змешчанага ў Царскім Сяле пад Пецярбургам. Па матэрыялах 1818 – 1830-х гг. ліцэй павінны быў знаходзіцца ў трохпавярховым цагляным будынку накшталт палаца з шасцю калонамі на галоўным фасадзе і шасцю пілястрамі на фасадзе з боку ракі (яго кампазіцыя ў цэлым паўтарала кампазіцыю цэнтральнай часткі палаца Румянцавых).
Аднак мары Мікалая Румянцава аб стварэнні гомельскага ліцэя не наканавана было рэалізавацца. І недзе да 1841 г. польскі архітэктар А. Ідзкоўскі па замове новага ўладальніка гомельскага маёнтка – І.Ф. Паскевіча, узвёў побач будынак цукровага завода, вядомы нам зараз як “Аранжарэя” альбо “Зімовы сад”. Трохпавярховы цагляны будынак палаца-ліцэя быў цалкам разабраны. Магчыма яго цэгла была выкарыстана для пабудовы цукровага завода, але звестак пра гэта няма.
Стылістычна будынак цукровага заводу ўяўляе тыповую для першай паловы ХІХ ст. прамысловую пабудову.
У архітэктуры гэтага часу яшчэ панаваў стыль позняга класіцызма, а навамодны стыль эклектыкі толькі пачынаў рабіць свае ўпэўненыя крокі ў правінцыйную архітэктуру. Таму для дэкаратыўнага афармлення на будынку цукровага завода не выкарыстоўваліся дарагія элементы накшталт класіцыстычных калон, капітэляў, атынкоўка сцен і да т.п., бо гэтая пабудова павінна была даваць уладальніку магчымасць зарабляць грошы, а не траціць на яе аздабленне – у палацах не змяшчаюць заводы. З іншага боку, светапогляд людзей таго часу не ўяўляў сабе будаўніцтва любога аб’екта цалкам пазбаўленага эстэтычнага афармлення. Формула архітэктуры, сфармуляваная яшчэ старажытнарымскім Вітрувіем. “Карыснасць, даўгавечнасць і прыгажосць” былі навечна выгравіраваны залатымі літарамі ў мозгу кожнага тагачаснага архітэктара. Таму і на будынку гомельскага цукровага завода, як і на шматлікіх іншых прамысловых будынках ХІХ – пачатку ХХ ст., выкарыстоўваўся пэўны набор элементаў з класіцызму, хоць і найбольш танныя з іх (лапаткі, арачныя перакрыцці і замковыя камяні, атынкаваны карніз, паяскі з рознакаляровай цэглы і інш.). Нават сцены будынкаў не тынкаваліся, што з’яўлялася першым крокам да з’яўлення ў будучым такога накірунка эклектыкі, як “цагляны стыль”. Часткова падобную стылістыку мелі і тагачасныя будынкі, якія ўводзіліся тады ў Брэсцкай, Бабруйскай і Модлінскай крэпасцях, дзе да класіцыстычных элементаў актыўна дабавіліся ўжо элементы цаглянай псеўдаготыкі.
Эстэтычнае афармленне закранула не толькі будынак цукровага завода, але і яго дымавую трубу, вышынёй 40 метраў.
Гэтая акалічнасць не дае спакою аматарам альтэрнатыўнай гісторыі, якія вось ужо не менш як гадоў 20 у розных СМІ выдаюць чарговыя фантазійныя “абвяржэнні афіцыйных гісторыкаў” аб тым, што гэта ніяк не магла быць дымавая труба цукровага завода. У якасці адзінага “аргумента” заўжды прыводзіцца толькі тое, што “Вы ж паглядзіце, як яна прыгожа аздоблена! Хіба стаў бы капіталіст ХІХ ст. траціць такія вялізныя грошы на аздабленне простай трубы прамысловага прадпрыемства? Капіталісты ніколі лішнюю капейку проста так не патрацяць! Паглядзіце на трубы сучасных фабрык і заводаў! Дзе вы бачылі такое?”. Савецкія і постсавецкія абывацелі, якія выраслі на антыэстэтычным масавым будаўніцтве пасляваеннага СССР і камуністычнай прапагандзе пра меркантыльных капіталістаў, проста нутром не могуць паверыць, што прадпрымальнік ХІХ ст. мог патраціць грошы на стварэнне эстэтычна прывабнай архітэктуры свайго прамысловага прадпрыемства. Хаця дастаткова было б толькі паглядзець на будынкі іншых прамысловых прадпрыемстваў ХІХ ст. з розных канцоў Беларусі, Расейскай імперыі, Еўропы, каб пераканацца ў адваротным.
Сама вытворчасць цукру была заснавана на працы прыгонных сялян у агромністай латыфундыі Паскевічаў, найперш тых, што пражывалі каля Гомеля. У кастрычніку 1856 г., Фёдар Паскевіч, які нядаўна стаў спадчыннікам гомельскага маёнтку пасля смерці бацькі, фельдмаршала Івана Паскевіча (1782-1856), прадчуваючы непазбежную адмену прыгоннага права, вырашыў перавесці з наступнага, 1857 года, сваіх сялян з паншчыны на аброк (замяніў адпрацоўку сялян прыгона на аплату яго грашыма). У сувязі з гэтым ён выдаў спецыяльнае распараджэнне, якое захавалася да нашых дзён, дзе падрабязна прапісваліся новыя ўмовы ўзаемаадносін пана і яго прыгонных сялян. Аднак, “9. Жыхары вёсак Старой і Новай Мільчы, Заліп’я, Краснага, Ціценак, Прутка і Пакалюбіч будуць дапушчаны да аброку толькі ў тым выпадку, калі яны абавяжуцца засяваць прынамсі 3-ю частку сваіх гародаў буракамі з тым, што за кожную чвэрць буракоў вагою ў 11 пудоў будзе выдавацца з Гомельскага цукровага завода па 90 капеек срэбрам. Тыя ж з жыхароў гэтых вёсак, якія пры запісе на аброк абяцаюць засеяць буракамі ⅓ частку сваіх гародаў, але не выканаюць гэтай умовы, трапяць з 1 ліпеня на паншчыну і не будуць дапушчаны ў аброк да канца года.”
У тым жа месяцы Фёдар Паскевіч выдаў яшчэ адно распараджэнне, з вызначэннем памераў паншчыны, якая складала 2 дні мужчынскіх і 2 дні жаночых на тыдзень, у тым ліку прадугледжвалася “Прыбіраць буракі – 60 жанчын на 1 дзесяціну” (дзесяціна – каля 1,09 га). Аднак, “Хто не будзе спраўна выконваць сіх урокаў, той пазбавіцца міласці 2-дзённай паншчыны і трапіць на інвентарную 3-дзённую”.
Згодна са справаздачай магілёўскага губернатара за 1847 г. аб прамысловасці ў губерні, гомельскі цукровы завод вырабляў прадукцыі на 7000 рублёў у год, якая ў асноўным распаўсюджвалася ўнутры губерні.
Захавалася і падрабязнае апісанне Гомельскага цукровага завода ў справаздачы па Магілёўскай губерні за 1859 г., якае дае ўяўленне аб арганізацыі працэса.
“На цукровым заводзе маецца 4 гідраўлічных прэсы ў 7½ дзюймаў і 10 дзюймаў. У цяперашнім 1859 г. завод дзейнічае ў перацірцы буракоў з 10 кастрычніка і выпрацавана цукровага пяску 1-га гатунку 1500 пудоў па 6 рублёў на суму 9000 рублёў, 2-га гатунку 750 пудоў па 4 рублі на суму 3000 рублёў, агулам 2250 пудоў на суму 12000 рублёў.
Аб масцеравых. На заводзе маецца паравых машын вышэйшага ціску 2, цёрка 1, дэфікацыйных катлоў 3, выпарных 6, апярат 1, лядоўня 1, цэнтрабежак 2. Дзейнічае паром.
Цукравар пры заводзе – гамбургскі ўраджэнец Іяган Генрых Данэнфельд; масцеравых 4 (каваль, слесар, меднік і цясляр), пры іх майстар механік 1, рускія. Чарнарабочых падчас цёркі буракоў штодзённа ў 2 зменах мужчын 80 і 120 жанчын і хлопчыкаў, усе вольнанаёмныя.
Асобыя звесткі: 1. Для вырабу цукровага пяску ўжываюцца буракі, атрыманыя ад пасеву на зямлі ўладальніка і набываемыя ад старонніх асоб, вапна, касцяны вугаль і дровы. 2. На працягу 1859 г. у заводзе перабудоў ніякіх не было. Змяшчаецца ў каменным 2-павярховым доме, крытым жалезам, і пры ім драўляныя казармы для рабочых і хлеў для перамолу касцей і склада выпалу”.
З-за канкурэнцыі больш таннага цукру з Украіны Гомельскі цукровы завод у 1877 г. быў зачынены, а ў яго будынках змясцілася аранжарэя з экзатычнымі паўднёвымі раслінамі – установа з камерцыйнага боку не прыбытковая, але важная частка ўсяго палацава-паркавага ансамбля. Для прыстасавання былога вытворчага корпусу пад патрэбы аранжарэі ён быў моцна перабудаваны: цалкам зменены інтэр’ер, які з двухпавярховага стаў аднапавярховым, на паўднёвай сцяне з’явіліся тры вялізныя акны, бляшаны дах заменены на шкляны.
Пад будынкам знаходзіцца вялізны падвал з некалькімі печамі і лабірынтам цагляных хадоў для падачы цёплага паветра. Гэтыя печы, верагодна, спачатку выкарыстоўваліся пад патрэбы цукровага заводу, пасля былі перароблены для абагрэву аранжарэі. Уваход у частку падвалаў з старымі печамі, дарэчы, яшчэ гадоў 10-15 таму быў абсалютна даступны з боку фасада, што выходзіць на атракцыёны, яго прыкрываў толькі ліст старой тоўстай бляхі. Але некалькі гадоў таму, у час апошняй рэканструкцыі “Зімовага сада” гэтае месца надзейна заасфальтавана.
Падземныя дымаходы, якія звязвалі будынак завода з высокай трубой, і зараз знаходзяцца паміж імі, але засыпаны тоўстым слоям зямлі і звонку ніяк не бачныя. Аднак адразу за трубой-вежай агляду, на адхоне збоку ракі, захаваўся паўкруглы выхад канала падачы паветра для печаў, даўжынёй каля ста метраў. Усё разам яны сталіся часткай легенд пра падземныя хады гомельскага парка, якія “вядуць пад Сож”.
Дарэчы, вакол “Зімовага саду”, акрамя каналаў для доступу паветра пад печы і дымаходаў, знаходзяцца таксама разбураныя паграбы былога цукровага заводу (узгаданая “лядоўня” у апісанні 1859 г.), недзе там мабыць засталіся і падвалы былога румянцаўскага ліцэя.
Калі б гэта ўсё расчысціць і прывесці ў даступны для наведвання выгляд, гомельскі парк атрымаў бы новы і незвычайны турыстычны атракцыён. Але пакуль гэта ўсё толькі мары…
У час Другой сусветнай вайны будынак “Зімовага саду” моцна не пацярпеў, толькі яго шкляное пакрыццё і вялізныя вокны зазналі страт. Шматлікія сляды ад куль і снарадаў засталіся з усходняга боку трубы – сучаснай агляднай вежы. У ніжняй частцы да нядаўняга часу быў добра бачны след ад невялікага снарада, якім у восені 1943 г. Чырвоная армія, што з верасня стаяла ў Навабеліцы, спрабавала знішчыць нямецкага назіральніка.
На шчасце, снарад не выканаў сваёй місіі і вежа ўстаяла. У час нядаўняй рэканструкцыі вежы гэты выразны след вайны быў бяздумна закладзены цэглаю.
Цікава, што, нягледзячы на пашкоджанні падчас вайны, у калекцыі экзатычных раслін сённяшняга “Зімовага саду” маюцца расліны, пасаджаныя ў ім яшчэ ў 1920-я гг. і якія перажылі вайну. Гэта сталася дзякуючы самаахвярнасці двух мясцовых жыхароў з суседняй Спасавай слабады (раён сучасных вуліц Камісарава, Пралетарскай і Пляханава) – невядомых нам сёння па імёнах бабулі і дзядулі, якія ў халодныя ваенныя зімы са сваёй уласнай ініцыятывы хадзілі і абагравалі ацалелыя памяшканні з раслінамі. Гледзячы на іх учынак з сённяшняга 2024 г., значэнне слоў “патрыятызм”, “любоў да Радзімы” набываюць рэальнае, а не лозунгавае ўвасабленне, якімі яны напоўніліся ў апошнія гады.
Аўтар: Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства.