Жыхар Гомеля з’ездзіў на радзіму, распавёў пра свае ўражанні і патлумачыў, чаму не хоча вяртацца. У сваіх нататках ён апісвае афіцыёзныя святы, зялёна-чырвоны дэкор, стэрыльныя вуліцы і парадоксы штодзённасці ў беларускім горадзе. Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Пакуль цягнешся ў аўтобусе – адзіны магчымы варыянт прыехаць з Польшчы ў госці ў Гомель – хвалюешся, каб нечакана, з ніадкуль, не вырасла чарга, каб хутка прайсці “таможню”, каб прайсці “таможню”… Але ўжо на беларускай зямлі пра гэта хутка забываеш пачынаеш чакаць свята сустрэчы з родным горадам.
Свята на гомельскіх вуліцах ёсць заўсёды, дакладней, два святы. Горад бесперапынна ўпрыгожаны альбо да Калядаў, альбо да нейкай падзеі з Другой сусветнай вайны. Вайна, што скончылася 80 год, задае рытм жыцця сённяшніх беларусаў так, як сельскагаспадарчыя працы задавалі яго ў даўніну. Манументы, плакаты, слоганы, ускладанне кветак… Пры гэтым рэха вайны ва Украіне, што ляжыць за менш чым паўсотні кіламетраў, тут зусім не чутнае – нібыта адэкватнае прыняцце сённяшняй гісторыі прыхавана, як чарнобыльскі пыл, пад саркафагам штодзённых клопатаў.

А яшчэ здзіўляе колькасць дзяржаўных сцягоў – на будынках і слупах, з тканіны ці блёстак, на жылых дамах і крамах – паўсюль. У Польшчы, канешне, таксама любяць павесіць дзяржаўныя сцягі па максімуму. Але пару раз на год, напярэдадні галоўных святаў.
Хутка стамляешся ад зялёна-чырвонага мігацення і хаваешся ў бліжэйшую кавярню, каб перабіць каляровы афіцыёз смакам кавы з круасанам. Але не атрымаецца – булкі ў выглядзе круасанаў зусім не маюць смаку, такое ўражанне, што кандытар бачыў сапраўдны выпек толькі ў Тык-току і зляпіў нешта вонкава падобнае. Як гомельцы жывуць без круасанаў, гэта ж базавы перакус, напрыклад, пакуль чакаеш у аэрапорце. Стоп! Ты ж у Гомелі, тут жа лоўкостаў ніколі й не было…
Шпацыруеш цэнтральнымі вулачкамі, але ўсе яны зліваюцца ў адну: будынкі, нібыта доўгая кітайская сцяна, альбо аднолькава пафарбаваны ў светла-жоўтыя колеры, альбо аблепленыя вентфасадамі. Аднолькавая плітка з тым самым малюнкам. І раварысты, што нахабна дзынкаюць, патрабуючы дарогу. Але як ім яе не патрабаваць, калі раварысты ёсць, арэндныя веласіпеды ёсць, а роварных сцежак у цэнтры вобмаль? А зрабіць іх сапраўды няма дзе: уся вольная прастора аддадзена аўтамабілям, і не толькі вольная – дрэвы даўно спілаваныя, каб жалезным коням даць больш волі.

Двор ля Гомельскага абласнога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі
Усё прыбрана, пачышчана і аддраена рукамі супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў і арганізацый. Не толькі настаўнікі, але і менеджары, бухгалтары ці інжынеры тут даўно прызвычаілася да рабства ў выглядзе чыстых чацвяргоў ці бясконцых суботнікаў.
Цэнтр Гомеля выглядае стэрыльна ніякавата, трэба праехацца на ўскрайкі горада, мо там захавалася нейкая своеасаблівая атмасфера. Даехаць дарэчы няпроста: карткай аплаціць можна толькі ў лічаных аўтобусах, мабільны дадатак без беларускай сімкі і банкаўскага рахунка не ўсталюеш… Калі тралейбус падыходзіць, пачынаеш думаць, а дзе тут націскаць, каб дзверы адчыніліся, а потым узгадваеш, што дзверы ў гомельскім транспарце адчыняюцца самі, бо сістэм клімат-кантролю тут вельмі мала – няма чаго эканоміць і не адчыняць дзверы без патрэбы. У транспарце пасажыры гучна гамоняць па мабільных тэлефонах, слухаюць нешта без навушнікаў. А замест тлумачэнняў, як варта сябе паводзіць у транспарце – рэклама працы на дзяржпрадпрыемствах ці штось пра вайну. І так голасна, што б’е па вушах.
У прыватным сектары цяжка знайсці атмасферны куточак, бо хаты губляюць ліштвы, як верасень лістоту. Усё аблямавана сайдынгам. А фондаў з грашыма Еўразвяза, якія б фінансавалі адбудову старых дамоў па аўтэнтычных праектах, у Беларусі няма.
Мікрараёны, што выраслі за апошнія 10–15 год, можа больш каляровыя, чым ускрайкі Валатавы ці Сельмаша, якія паўсталі ў 1980-я, але іншых адрозненняў няма. Ні табе малапавярховай забудовы з падземнымі гаражамі і зялёнай (а не паркоўкамі) зачыненай тэрыторыяй, ні сонечных панэляў, ні адкрытых тэрас з кветкамі. Бетонны мурашнік па стандартах другой паловы ХХ ст. Мікрараёны без школ, дзіцячых садкоў і кавярань. Скверыкі – аднолькавыя па ўсім горадзе, тыповая плітка замест травы, няўтульныя лавы, ніякавата і стэрыльна. Сучасныя спартыўныя пляцоўкі хіба што трохі ратуюць сітуацыю. Мо хаця б на спорт тут ёсць грошы? Але не, мяркуючы па адсутнасці даха на коўзанцы па Рэчыцкім праспекце і таму, што ў душы нядаўна пабудаванага басейна даводзіцца стаяць у бруднай вадзе – на сцёкавай сістэме, відавочна, зэканомілі, – і тутака не ўсё добра.

Заходзіш у невялічкую краму з радасным воклічам «Добры дзень!» – і ў адказ бачыш вытарашчаныя ў свой бок вочы як касіркі, так і пакупнікоў. Так, ты ж не ў Еўропе, тут не прынята вітацца з незнаёмымі і парушаць сваёй актыўнасцю штодзённую шэрань быцця. Ва ўсіх крамах гучыць музыка, яшчэ больш сумная чым выбар тавараў у стылі «Купляйце беларускае»: ці ніякаватыя ідэалагічна правераныя беларускія выканаўцы, ні імёнаў, ні рэпертуару якіх ніхто не ведае, ці замшэлы расійскі поп з 1990-х. Тое ж на афішах. Я й сам аматар старой музыкі, але добрай, такой, што не губляе актуальнасці з часам. Але Андрэй Дзяржавін, Кай Метаў, Ірына Круг – гэта што, машына часу?..
Неад’емная прымета сённяшняга Гомеля – пункты выдачы двух папулярных райскіх маркетплэйсаў. Іх столькі, колькі ў Польшчы «Жабак». Што і не дзіўна: у крамах выбар так сабе, з Кітая пасылкі ідуць месяцамі (якім цудам яны трапляюць у Еўропу за тыдзень-два?), колісь папулярны шопінг ва Украіне і закупы ў Польшчы засталіся толькі ва ўспамінах. Таму ў гэтых анлайн-крамах купляюць усё: вопратку і абутак, ежу, мэблю, гаспадарчыя тавары і г.д.
Але ва ўсім гэтым веры ў тое, тое, што Беларусь засталася апошнім на свеце аплотам стабільнасці, а на Захадзе ўжо не засталося чаго есці, сярэднестатыстычнаму гомельцу не бракуе. Парадокс: «Еўра і долар доўга не працягнуць, усё навернецца», – кажуць беларусы і едуць на заробкі ў краіны, дзе заробкі ў еўра, захоўваюць грошы і называюць цэны нерухомасці ва ўмоўных адзінках. Дзівосы!
Непрацяглага часу знаходжання ў Беларусі дастаткова, каб зразумець, што каб пабачыць мінулае, лепей схадзіць у музей ці пачытаць гістарычную кнігу. У мінулым неабавязкова жыць. Таму паеду-ка я ад постсавецкай мінуўшчыны назад, у сваё «загніваючае» сёння.