Пасля анамальных залеваў Гомель усё часцей сутыкаецца з падтапленнем не толькі асобных вуліц, але і частак гораду. Падмочаныя ногі, праблемы з мабільнасцю ў горадзе, падтопленыя дамы, офісы ды нават цэлыя аўтамабілі – толькі асобныя з праблемаў, з якімі сутыкаюцца гомельцы. Пры гэтым улады не імкнуцца вырашаць сітуацыю. “Штодзень” паспрабаваў разабрацца ў прычынах старазапаветных патопаў у горадзе над Сажом і пашукаў шляхі вырашэння праблемы.
Старыя праблемы без новых рашэнняў
Большасць калектараў і каналізацыйных сістэм у горадзе былі збудаваныя ў савецкія часы і ўжо даўно не даюць рады з аб’ёмамі вады, якая ўзнікае пасля раптоўных залеваў. Іх шырыня і месцазнаходжанне павінны разлічвацца сыходзячы з актуальнай сітуацыі, а не састарэлых разлікаў.
Нагрузка на інфраструктуру расце і праз татальную забудову. Двары ўшчыльняюць навабудамі, паўсюль з’яўляюцца пешаходныя сцяжынкі з пліткай, дзіцячыя пляцоўкі з адмысловым пакрыццём, а паркоўкі пакрываюць асфальтам. У выніку плошча газонаў і лапікаў зямлі, на якіх адбываўся частковы дрэнаж вады змяншаецца. Паверхня збору вады павялічваецца, а водаадводныя збудаванні застаюцца такімі ж, якімі былі дзесяцігоддзі таму.
Пры гэтым нават існыя збудаванні для прыёму вады патрабуюць належнага рамонту і абслугоўвання. Большасць жалезабетонных канструкцый моцна знасіліся і не былі разлічаныя на такую доўгую эксплуатацыю без догляду. Зрэшты, праблема састарэласці і недагледжанасці старых канструкцый бачная і на прыкладзе “мастапада”, які апошнія гады ўсё больш заўважны ў краіне.
Каналізацыйныя сістэмы і калектары неабходна рэгулярна правяраць і чысціць. Адной з дадатковых прычынаў іх засмечвання з’яўляецца і шчодрае выкарыстанне соляў і пяску ў зімовы перыяд камунальнікамі. Улады часта грэбуюць такімі “дробнымі” і штодзённымі задачамі як ачыстка і рамонт, бо яны патрабуюць фінансавання і кантролю, які ў забюракратызаванай сферы абслугоўвання гарадской інфраструктуры і так уяўляе з сябе складаную задачу. Да таго ж пачышчаны калектар наўрад ці заўважыць і ацэніць вышэйстаячае кіраўніцтва.
Для вырашэння праблемаў неабходна ўсталяваць новыя стандарты вадасцёкавых калектараў. Такія збудаванні павінны мець іншыя параметры па шырыні і глыбіні канала. На дваравых тэрыторыях замест суцэльнага асфальтавага пакрыцця ў месцах размяшчэння аўтамабіляў можна выкарыстоўваць адмысловую плітку і ствараць т.зв. “экапаркоўкі”, а дзіцячыя пляцоўкі неабавязкова суцэльна пакрываць шчыльным пакрыццём.
Трэба рыхтавацца да глабальных зменаў клімата? Выдумкі капіталістаў!
Беларускія гарады ўжо пачалі адчуваць на сабе і наступствы глабальных зменаў клімата: анамальная спёка ўлетку, рост захворванняў дрэваў (і з’яўленне казурак-шкоднікаў, раней не ўласцівых рэгіёну), нізкі ўзровень вады ў рэках праз недастаткова снежныя зімы і шмат чаго яшчэ. Але ўлады пры гэтым праводзяць досыць непаслядоўную і часта намінальную палітыку барацьбы з гэтымі наступствамі, нібыта вераць у тое, што гэта насамрэч “выдумкі капіталістаў” і праблемы заходніх краін, а нас гэта не датычыцца.
У выніку гомельская сітуацыя з рэгулярнымі падтапленнямі вуліц і асобных частак гораду пасля моцных залеваў зусім не ўнікальная. Абласны цэнтр проста не прытрымліваецца нормаў у частцы ападкаў з улікам кліматычных зменаў. Праблема нават не ў тым, што дажджоў стала зусім мала, змяніўся іх характар. Усё часцей перыяды анамальнай спёкі змяняюцца трапічнымі залевамі, да якіх горад, відавочна, не падрыхтаваны.
Пасадзейнічала праблемам таксама змяншэнне колькасці дрэваў і зялёных зонаў у Гомелі, на якую ўжо даўно наракаюць адмыслоўцы і жыхары горада.
Расліны і лапікі зямлі, якія маглі б прыняць частку вады, ліквідуюцца, а на іх месцы з’яўляецца асфальт або плітачка. Часам нават з “арнаментам”…
Да таго ж нават існыя зялёныя зоны часта знаходзяцца вышэй за ўзровень ходнікаў і дарог, што не толькі садзейнічае іх забруджванню (глеба і бруд вымываюцца з газонаў), але і замінае збору залішняй вады.
Акрамя зменаў у будаўніцтве і доглядзе дрэнажных збудаванняў на гарадскім узроўні, напрыклад, можна прадугледзець сістэму адмысловых сховішчаў на выпадкі анамальна высокага паступлення вады пасля дажджоў. Вадасцёкавую сістэму, што скідвае залішнюю ваду ў рэкі, таксама варта прааналізаваць, ачысціць і рэканструяваць па меры неабходнасці.
Накцюрн на флейце вадасцёкавых труб
Шмат праблемаў у цэнтральнай частцы горада свараюць і вадасцёкавыя трубы. Як і ў ХІХ ст. большасць з іх проста збірае ваду з дахаў і спускае пад ногі пешаходаў. У выніку нават пры маленькім дожджыку любы шпацыр пераўтвараецца ў спробы пераскочыць ручайкі і не намачыць ногі. Узімку ж праблемы ўскладняюцца, калі тэмпература вагаецца каля нуля: днём вада трапляе на ходнікі, а ўжо ўвечары пераўтвараецца ў лёд, памнажаючы колькасць траўмаваных гараджан. У выпадку залеваў плыні з трубаў збіраюцца і павялічваюць нагрузку на асобныя калектары, якія не могуць даць рады з такой колькасці вады.
Вырашэннем можа стаць злучэнне вадасцёкавых трубаў, якія размешчаныя ў раёнах, дзе рэгулярна адбываецца падтапленне або вядуць на ходнікі наўпрост з каналізацыяй. Ад гэтага выйграюць не толькі больш сухія (і цэлыя ўзімку!) ногі гараджанаў ды гараджанак, але і зменшыцца нагрузка на асобныя калектары. Да такой сістэмы ўжо даўно перайшла большасць еўрапейскіх гарадоў.
Да таго ж часта не ўлічваецца і рэльеф горада, бо ўсе нізінныя і праблемныя ўчасткі ў горадзе даўно вядомыя і вада па іх мае сцякаць раўнамерна да калектараў, а не збірацца на пэўных участках. У цэнтры горада гэта тыя ж вуліцы Пралетарская, Кірава, Інтэрнацыянальная, раён аўтавакзала і інш.
Каб адаптавацца да глабальных зменаў клімату, неабходна таксама змякчаць негатыўны ўплыў чалавека на навакольнае асяроддзе ў цэлым. Менавіта рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і энергетычных рэсурсаў, эканомія вады і меры прадухіленні яе забруджвання, захаванне існых водных аб’ектаў ў максімальна натуральным стане ды іншыя экалагічныя падыходы здольныя мяняць сітуацыю. Усё пачынаецца з увагі, разумення праблем і шляхоў іх вырашэння.
Аналітыка ўсяму галава ды дзе ўзяць тыя “галовы”?
На дадзены момант Гомелю, відавочна, бракуе ўцямнага аналізу яго праблем ды шляхоў іх вырашэння. У ідэале над гэтым мусяць сумесна працаваць прафесіяналы з дзяржаўных інстытуцый. Але істотную частку пры зборы інфармацыі могуць адыгрываць як гараджане (анлайн-апытальнікі, статыстыка і т.п.), так і незалежныя арганізацыі ды гарадскія ініцыятывы, што імкнуцца зрабіць абласны цэнтр лепей. Але ж у Беларусі з такімі актывістамі і формамі ўзаемадзеяння між гараджанамі і ўладай пакуль што замест супрацы змагаюцца.
Патрэбны комплексны падыход
Нягледзячы на высокі кошт і працягласць рэканструкцыі, толькі комплексны падыход можа змяніць сітуацыю да лепшага. Канешне, гэтыя перамены вымагаюць і істотных фінансавых затрат, але без належнага аналізу, прыцягнення да вырашэння праблемаў адмыслоўцаў і супрацы органаў улады ды грамадзян даць рады з “патопамі” не ўдасца.
На жаль, замінае зменам сённяшняя забюракратызаванасць сістэмы дзяржкіравання, калі за адную і тую ж задачу могуць адказваць розныя аддзелы, арганізацыі ды прафесійныя калектывы. Чыноўнікі зацікаўленыя ў тым, каб засвоіць сродкі і адсправаздачыцца перад вышэйстаячым кіраўніцтвам, а сапраўдны комплексны падыход вымагае наладжвання эфектыўнага ўзаемадзеяння вельмі разрозненых актараў. У сітуацыі безадказнасці за прынятыя рашэнні перад гараджанамі (кіраўніцтва горада і вобласці па-ранейшаму прызначаецца, а не выбіраецца, што дазваляе ім не асабліва ўлічваць інтарэсы ці незадаволенасць жыхароў) і адсутнасці стымулаў да зменаў (за залішнюю актыўнасць чыноўнікі могуць хутчэй сутыкнуцца з праблемамі ў кар’еры і наперад выходзяць тыя, хто ціха і спакойна стварае правільныя справаздачы і бачнасць кантролю над сітуацыяй) чыноўнікі і надалей будуць ігнараваць сітуацыю і змагацца з праблемамі “касметычнымі” сродкамі.
Неабходна прымаць новую палітыку і стратэгію па вырашэнні праблемы падтаплення Гомеля. Улады маюць прааналізаваць рэальныя аб’ёмы ападкаў і таго, як з імі (не) дае рады горад, наладзіць рэгулярную ачыстку і рэканструкцыю дажджавой каналізацыі з павелічэннем іх прапускной здольнасці, распрацаваць стратэгію барацьбы з анамальнымі дажджамі з улікам глабальных зменаў клімата ды выкарыстоўваць перадавыя і відавочныя інжынерныя рашэнні.
У адваротным выпадку праблема з падтапленнямі ў Гомелі захаваецца і горад працягне мець “падмочаную” рэпутацыю не самага ўтульнага месца для жыцця.
Штодзень https://t.me/shtodzien
Аўтар: Юльян Даўгабародаў